Выхад 16 разьдзел
Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
І выйшлі яны з Эліма, і ўся супольнасць сыноў Ізраэля прыйшла ў пустыню Сін, якая знаходзіцца між Элімам і Сінаем, у пятнаццаты дзень другога месяца пасля таго, як выйшлі яны з зямлі Егіпецкай.
І крануліся зь Еліму, і прышла ўся грамада сыноў Ізраелявых на пустыню Цын, што меж Еліму й Сынаю, на пятнанцаты дзень другога месяца просьле выхаду ізь зямлі Ягіпецкае.
І пачала наракаць у пустыні ўся супольнасць сыноў Ізраэля на Майсея і на Аарона,
І наракала ўся грамада сыноў Ізраелявых на Масея а Аарона на пустыні.
і сыны Ізраэля казалі ім: «Лепш бы мы паўміралі ад рукі Госпада ў зямлі Егіпецкай, калі сядзелі пры гаршках з мясам і калі мы елі хлеб уволю. Навошта ты вывеў нас у гэтую пустыню, каб вынішчыць голадам усю супольнасць?»
І сказалі ім сынове Ізраелявы: «Валей бы мы памерлі ад рукі СПАДАРОВАЕ ў зямлі Ягіпецкай, як мы сядзелі ля гаршка зь мясам, як мы елі да насычэньня хлеба! бо вывялі вы нас на гэтую пустыню, каб прывесьці да сьмерці галадоўю грамаду гэту».
І сказаў Госпад Майсею: «Вось, Я спашлю вам хлеб з неба ў выглядзе дажджу; хай народ выходзіць і збірае тое, чаго на кожны дзень дастаткова, каб Я іх выпрабаваў, ці будуць яны хадзіць паводле Майго запавету, ці не.
І сказаў СПАДАР Масею: «Вось, Я спушчу Вам, як дождж, хлеб ізь неба; і будзе выходзіць люд, і будзе зьбіраць што дня, колькі надабе на дзень, каб Імне выпрабаваць яго, ці будзе ён хадзіць у праве Маім, ці ня будзе.
А шостага дня хай згатуюць тое, што прынеслі, і хай гэта будзе ўдвая больш таго, што звычайна збіраюць яны штодзень».
І будзе шостага дня: і прыгатуеце, што прынясуць, і будзе ўдвая супроці тога, па колькі зьбіралі дзень пры дню».
І Майсей і Аарон сказалі ўсім сынам Ізраэля: «Увечары пазнаеце, што Госпад вывеў вас з зямлі Егіпецкай.
І сказаў Масей а Аарон усім сыном Ізраелявым: «Вось, вечар, і вы пазнаеце, што СПАДАР вывеў вас ізь зямлі Ягіпецкае.
Раніцай убачыце славу Госпада. Бо Ён пачуў нараканні вашыя супраць Госпада. А хто ж мы, што вы наракаеце на нас?»
А вось, раніца, і вы абачыце славу СПАДАРОВУ, бо пачуў Ён нараканьне вашае на СПАДАРА; а мы што такое, што наракаеце на нас?»
І сказаў Майсей: «Увечары дасць вам Госпад мяса есці, а раніцай — хлеба ўдосталь, бо чуў Ён нараканні вашыя, якімі наракалі вы супраць Яго. Бо хто такія мы? Не на нас наракалі вы, але на Госпада!»
І сказаў Масей: «Гэта будзе, як дасьць СПАДАР увечары вам мяса на ежу, а нараніцы хлеба насыціцца; бо СПАДАР пачуў нараканьне вашае, як вы наракалі на Яго; а мы што? не на нас нараканьне вашае, а на СПАДАРА».
І сказаў Майсей Аарону: «Скажы ўсёй грамадзе сыноў Ізраэля: “Станьце перад Госпадам; бо пачуў Ён нараканні вашы”».
І сказаў Масей Аарону: «Скажы ўсёй грамадзе сыноў Ізраелявых: "Дабліжчася перад від СПАДАРОЎ, бо Ён пачуў нараканьне ваша"».
І, калі Аарон гаварыў да ўсёй грамады сыноў Ізраэля, яны глянулі на пустыню, і вось, слава Госпада з’явілася ім у воблаку.
І як гукаў Аарон да ўсяе грамады сыноў Ізраелявых, то яны азірнуліся да пустыні, і во, слава СПАДАРОВА зьявілася ў булаку.
І прамовіў Госпад да Майсея, кажучы:
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
«Чуў Я нараканні сыноў Ізраэля. Скажы ім: “Увечары будзеце есці мяса, а раніцай будзеце насычацца хлебам, і даведаецеся, што Я — Госпад, Бог ваш”».
«Я пачуў нараканьне сыноў Ізраелявых; гукай ім, кажучы: "Адвячоркам будзеце есьці мяса, нараніцы пад’ясьце хлеба, і пазнаеце, што Я СПАДАР, Бог ваш"».
Так і адбылося: і ўвечары наляцелі перапёлкі, і накрылі лагер; а раніцай лягла раса вакол лагера.
І было ўвечары: узьняліся перапёлкі і ўкрылі табар, а нараніцы быў пласт расы наўкола табару.
І калі яна пакрыла паверхню пустыні, тады паказалася нешта дробнае і зярністае, накшталт шэрані на зямлі.
І падняўся пласт расы, і во, на зьверху пустыні цянюсенькая луска, цянюсенькая, як шэрась на зямлі.
Калі ўбачылі гэта сыны Ізраэля, пыталіся адзін аднаго: «Мангу?» а Бо не ведалі, што гэта было. І сказаў ім Майсей: «Гэта хлеб, які даў вам Госпад для спажывання.
І абачылі сынове Ізраелявы, і казалі адзін аднаму: «Ман гэта?» Бо ня ведалі, што гэта. І сказаў Масей ім: «Гэта хлеб, каторы СПАДАР даў вам на ежу.
Гэта слова, што сказаў Госпад: “Кожны з вас хай збярэ, колькі патрэбна для пражывання, гамор — на чалавека па колькасці вашых душ, што жывуць у палатцы, — так возьмеце”».
Во слова, што расказаў СПАДАР: "Зьбірайце зь яго кажны подле тога, колькі яму ізьесьці; па ґомору на галаву, подле ліку душаў, колькі ў яго ў будане, вазьміце"».
Так і зрабілі сыны Ізраэля, і сабралі адзін болей, другі меней.
І зрабілі так сынове Ізраелявы, і зьберлі хто шмат, хто мала.
І змералі гаморам; і ў таго, хто сабраў больш, не было лішняга, а ў таго, хто сабраў менш, не было нястачы, але кожны сабраў, колькі мог з’есці.
І мералі ґоморам, і ня было лішніцы, хто зьбер шмат, і ня было нястачы ў тога, хто мала. Кажны зьбер подле тога, колькі яму зьесьці.
І сказаў ім Майсей: «Хай ніхто нічога з гэтага не пакідае да раніцы».
І сказаў ім Масей: «Ніхто не пакідай зь яго да раньня».
Некаторыя не паслухалі яго, але пакінулі штосьці з гэтага да раніцы, і пачало яно кішэць чарвякамі, і пачало смярдзець; і раззлаваўся на іх Майсей.
Але не паслухалі яны Масея, і пакінулі зь яго некатрыя да раньня; з гэтае прычыны завяліся чэрві, і яно засьмярдзелася; і зазлаваўся на іх Масей.
І збіраў раніцай кожны, колькі патрэбна для спажывання; а калі сонца прыпякала, яно раставала.
І зьбіралі яны рана нараніцы, кажны подле тога, колькі яму зьесьці; а як грэла сонца, то яно таяла.
У шосты ж дзень сабралі падвоеную колькасць ежы, гэта значыць па два гаморы на кожнага чалавека. І сабраліся ўсе кіраўнікі супольнасці, і паведамілі Майсею.
І было шостага дня, што зьберлі хлеба ўдвая, па два ґоморы на аднаго; і прышлі ўсі начэльнікі грамады, і сказалі Масею.
Ён сказаў ім: «Гэта тое, што сказаў Госпад: “Заўтра супачынак, субота, святая для Госпада; і што маеце пячы — пячыце, а што маеце варыць — варыце; а што застанецца — пакіньце на раніцу”».
І сказаў ім: «Гэта тое, што сказаў СПАДАР: супакой — сьвятая сыбота СПАДАРУ заўтра; што надабе пячы — пячыце, і што надабе варыць — варыце, а што застанецца, пакіньце сабе на схоў да раньня».
І зрабілі так, як загадаў Майсей, і не засмярдзела яно, і чарвяк у ім не завёўся.
І пакінулі тое да раньня, як расказаў Масей, і яно не засьмярдзелася, і чарвей ня было ў ім.
І сказаў Майсей: «Ежце гэта сёння, бо гэта субота для Госпада, і ніхто хай не знаходзіцца ў полі сёння.
І сказаў Масей: «Ежча яго сядні, бо сядні сыбота СПАДАРУ; сядні ня знойдзеце яго на полю.
Шэсць дзён збірайце; але ў сёмы дзень — субота для Госпада, таму хай ніхто не знаходзіцца ў полі».
Шэсьць дзён зьбірайце яго; а сёмага дня сыбота ня будзе ў ёй».
І надышоў сёмы дзень; і некаторыя з людзей выйшлі, каб збіраць, але нічога не знайшлі.
І было сёмага дня: вышлі з народу зьбіраць, і не знайшлі.
І сказаў Госпад Майсею: «Дакуль жа не будзеце хацець выконваць настаўленні Мае і закон Мой?
І сказаў СПАДАР Масею: «Пакуль будзеце адмаўляцца дзяржаць расказаньні Мае і правы Мае?
Бачыце, што Госпад даў вам суботу, і таму ў дзень шосты даў вам ежы ўдвая; дзеля таго кожны з вас хай застанецца ў сябе, і ніхто хай не выходзіць з месца свайго ў сёмы дзень».
Глядзіце, бо СПАДАР даў вам сыботу; затым Ён даець вам шостага дня хлеба двудзеннага: сядзіце кажны на куркішках, ніхто ня выходзь ізь месца свайго сёмага дня».
І сёмага дня народ святкаваў суботу.
І супачыў народ сёмага дня.
І назваў дом Ізраэля хлеб той «манна», бо была яна белая, як зерне каляндры, а смак мела падобны да мядовага.
І назваў дом Ізраеляў імя яго нае: Манна; яна была як рыяндровае насеньне, белая, а смакам, як перапечка зь мёдам.
І сказаў Майсей: «Гэта слова, якое сказаў Госпад: “Напоўніце гамор і захавайце яго для наступных вашых пакаленняў, каб ведалі яны хлеб, якім карміў Я вас у пустыні, калі ішлі вы з зямлі Егіпецкай”».
І сказаў Масей: «Во, што расказаў СПАДАР: "Напоўніце ґомор на схоў у роды вашы, каб бачылі хлеб, каторым я жывіў вас на пустыні, як вывеў вас ізь зямлі Ягіпецкае"».
І сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі які-небудзь посуд і пакладзі туды манны, колькі можа змясціць гамор, і пакладзі яго перад Госпадам, каб захаваць яе для будучых пакаленняў вашых».
І сказаў Масей Аарону: «Вазьмі адну судзіну, і палажы ў яе поўны ґомор манны, і палажы яе перад СПАДАРОМ на схоў у роды вашы».
Як загадаў Госпад Майсею, паклаў яго Аарон для захавання перад каўчэгам сведчання.
Як расказаў СПАДАР Масею, так палажыў яго Аарон перад Сьветчаньням на схоў.
А сыны Ізраэля елі манну сорак гадоў, пакуль не прыйшлі ў зямлю заселеную; а: «Што гэта?» елі яны гэтую ежу, аж пакуль не прыбылі да межаў зямлі Ханаан.
І сынове Ізраелявы елі манну сорак год, пакуль ня прышлі да зямлі асяленьня; манну елі яны, пакуль ня прышлі да канца зямлі Канаанскае.
А гамор — дзесятая частка эфы.
А ґомор ё дзясятая часьць ефы.