Выхад 31 разьдзел
Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
І сказаў Госпад Майсею:
глядзі, Я прызначаю менавіта Вэсэлііла, сына Урыевага, сына Оравага, з племя Юдавага;
«Вось выбраў Я Бэцалеэля, сына Урыі, сына Гура з пакаленьня Юды,
і Я напоўніў яго Духам Божым, мудрасьцю, розумам, ведамі і ўсялякім умельствам
і напоўніў яго Духам Божым, мудрасьцю, і розумам, і ўмеласьцю ва ўсякай працы,
рабіць з золата, срэбра і медзі,
здольнасьцю ў вырабах з золата, серабра і медзі,
рэзаць камяні, каб устаноўліваць іх, і рэзаць дрэва дзеля ўсякай патрэбы;
і ў разьбе, і ва ўкладаньні каштоўных каменьняў, у разьбе з дрэва для выкананьня розных рэчаў.
і вось, я даю яму памочнікам Агаліява, сына Ахісамахавага, з племя Данавага, і ў сэрца кожнаму мудраму ўкладу мудрасьць, каб яны зрабілі ўсё, што Я загадаў табе:
І даю яму супрацоўніка Агаліяба, сына Ахісамаха з пакаленьня Дана, і ў сэрца кожнага ўмельца ўлажыў Я мудрасьць, каб выканалі яны ўсё, што Я загадаў табе:
скінію сходу і каўчэг адкрыцьця і века на яго, і ўсе прылады скініі,
Палатку Сустрэчы, Каўчэг Сведчаньня, накрыўку, каторая на ім, і ўсе прыналежнасьці палаткі,
і стол і прылады яго, і сьвяцільню з чыстага золата і ўсе прылады яго, і ахвярнік дымленьня,
і стол, і ўсё яго начыньне, сьвечнік з найчысьцейшага золата і ўсе прылады, належачыя да яго, ахвярнік каджэньня,
і ахвярнік цэласпаленьня і ўсе прылады яго, і ўмывальнік і падножжа яго,
ахвярнік цэлапаленьня і ўсе яго прыналежнасьці, умывальнік і яго падставу,
і вопратку службовую і вопратку сьвяшчэнную Аарону сьвятару і вопратку сынам ягоным для набажэнства,
шаты тканыя і сьвятыя шаты для Аарона сьвятара, і шаты для сыноў яго, каб спаўнялі служэньне сьвятарскае,
і алей памазаньня і дымленьне пахучае для сьвятыні: усё так, як Я загадаў табе, яны зробяць.
і алей для памазаньня, і пахкае кадзіла для сьвятыні. Усё, што табе загадаў, хай зробяць».
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
І зноў сказаў Госпад Майсею:
скажы сынам Ізраілевым так: суботы Мае шануйце, бо гэта — азнака паміж Мною і вамі ў роды вашыя, каб вы ведалі, што Я Гасподзь, Які асьвячае вас;
«Скажы сынам Ізраэля і паведамі ім: Глядзіце, каб вы захоўвалі суботу Маю, бо гэта знак паміж Мною і вамі для ўсіх пакаленьняў вашых, каб па гэтым можна было пазнаць, што Я — Госпад, Каторы асьвячае вас.
і шануйце суботу, бо яна сьвятая для вас: хто апаганіць яе, той хай будзе аддадзены сьмерці; хто будзе ў суботу рабіць працу, тая душа павінна быць зьнішчана з асяродзьдзя народу свайго;
Дык беражыце суботу, бо яна сьвятая для вас. Хто спаганіў бы яе, будзе сьмерцяй пакараны. Хто працаваў бы ў суботу, то хай будзе зьнішчана душа яго спасярод народу свайго.
шэсьць дзён хай робіць працу, а ў сёмы субота спакою, прысьвечаная Госпаду: кожны, хто робіць працу ў дзень суботні, хай будзе аддадзены сьмерці;
Шэсьць дзён будзеце выконваць працу сваю, а сёмы дзень — субота, сьвяты адпачынак для Госпада; кожны, хто будзе працаваць у той дзень, будзе пакараны сьмерцяй.
і хай шануюць сыны Ізраілевыя суботу, сьвяткуючы суботу ў роды свае, як наказ вечны;
Хай берагуць сыны Ізраэля суботу і сьвяткуюць яе з пакаленьня ў пакаленьне сваё. Гэта запавет вечны,
гэта — азнака паміж Мною і сынамі Ізраілевымі навечна, бо за шэсьць дзён стварыў Гасподзь неба і зямлю, а ў дзень сёмы спачыў і ўпакоіўся.
паміж Мною і сынамі Ізраэля знак вечны; шэсьць бо дзён тварыў Госпад неба і зямлю, а ў сёмы дзень спыніў працу і супачыў».
І калі перастаў гаварыць з Майсеем на гары Сінаі, даў яму дзьве скрыжалі адкрыцьця, скрыжалі каменныя, на якіх напісана было пальцам Божым.
Па спыненьні гэтае размовы на гары Сынай даў Госпад Майсею дзьве каменныя табліцы Сьведчаньня, напісаныя пальцам Божым.