Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

Выхад 21 Выхад 21 разьдзел

1 І вось законы, якія ты абвесьціш ім:
2 Калі купіш раба Габрэя, няхай ён працуе шэсьць гадоў, а на сёмы няхай выйдзе на волю задарам;
3 калі ён прыйшоў адзін, няхай адзін і выйдзе; а калі ён жанаты, няхай выйдзе зь ім і жонка ягоная;
4 а калі гаспадар ягоны даў яму жонку і яна нарадзіла яму сыноў, альбо дочак, дык жонка і дзеці яе няхай застануцца ў гаспадара яе, а ён выйдзе адзін;
5 але калі раб скажа: люблю гаспадара майго, жонку маю і дзяцей маіх, не пайду на волю, —
6 дык няхай гаспадар ягоны прывядзе яго да багоў і паставіць яго да дзьвярэй, альбо да вушака, і праколе яму гаспадар ягоны вуха шылам, і ён застанецца рабом ягоным вечна.
7 Калі хто прадасьць дачку сваю ў рабыні, дык яна ня можа выйсьці, як выходзяць рабы;
8 калі яна не да спадобы гаспадару свайму і ён не заручыць яе, няхай дазволіць выкупіць яе; а чужому народу прадаць яе ня мае ўлады, калі сам пагардзіў ёю;
9 калі ён заручыць яе з сынам сваім, няхай зробіць зь ёю паводле права дочак;
10 калі ж другую возьме за яго, дык яна не павінна пазбаўляцца ежы, вопраткі і шлюбнага сужыцьця;
11 а калі ён гэтых трох рэчаў ня зробіць дзеля яе, няхай яна выйдзе задарам, бяз выкупу.
12 Хто ўдарыць чалавека так, што той памрэ, хай будзе аддадзены сьмерці;
13 але калі хто не намышляў ліхога, а Бог дапусьціў яму трапіць пад рукі ягоныя, дык Я назначу ў цябе мясьціну, куды ўцячы;
14 а калі хто з намерам заб’е блізкага падступна, дык і ад ахвярніка Майго бяры яго на сьмерць.
15 Хто ўдарыць бацьку свайго, альбо сваю маці, таго трэба аддаць сьмерці.
16 Хто ўкрадзе чалавека і прадасьць яго, альбо знойдзецца ён у руках у яго, дык трэба аддаць яго сьмерці.
17 Хто ліхасловіць бацьку свайго, альбо маці сваю, таго трэба аддаваць сьмерці.
18 Калі сварацца, і адзін чалавек ударыць другога каменем, альбо кулаком, і той не памрэ, а ляжа ў пасьцель,
19 дык, калі ён падымецца і будзе выходзіць з дому з дапамогаю кія, той, хто ўдарыў, ня будзе варты сьмерці; толькі няхай сплаціць перапынак у яго працы і дасьць на лекаваньне яго.
20 А калі хто ўдарыць раба свайго, альбо служанку сваю палкаю, і яны памруць пад рукой ягонай, дык ён павінен быць пакараны;
21 але калі яны дзень альбо два дні перажывуць, дык ня трэба караць яго, бо гэта яго срэбра.
22 Калі б’юцца людзі, і ўдараць цяжарную жанчыну, і яна выкіне, але ня будзе іншае шкоды, дык узяць зь вінаватага збор грашмі, які накладзе на яго муж тае жанчыны, і ён павінен заплаціць яму пры судзьдзях;
23 а калі будзе шкода, дык аддай душу за душу,
24 вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу,
25 апёк за апёк, рану за рану, сіняк за сіняк.
26 Калі хто раба свайго ўдарыць у вока, альбо служанку сваю ў вока, і пашкодзіць яго, хай пусьціць іх на волю за вока;
27 і калі выб’е зуб рабу свайму, альбо рабыні сваёй, хай пусьціць іх на волю за зуб.
28 Альбо вол забадае мужчыну, альбо жанчыну да сьмерці, дык вала пабіць камянямі і мяса яго ня есьці; а гаспадар вала не вінаваты;
29 але калі вол бадлівы быў і ўчора і заўчора, і гаспадар ягоны, папярэджаны пра гэта, не вартаваў яго, а ён забіў мужчыну, альбо жанчыну, дык вала пабіць камянямі і гаспадара яго аддаць сьмерці;
30 калі на яго накладзены будзе выкуп, няхай дасьць выкуп за душу сваю, які накладзены будзе на яго.
31 Ці сына забадае, ці дачку забора, — паводле гэтага закона рабіць зь ім.
32 Калі вол забадае раба альбо рабыню, дык гаспадару іх заплаціць трыццаць сікляў срэбра, а вала пабіць камянямі.
33 Калі хто адкрые яму, альбо калі выкапае яму і не накрые яе, і ўпадзе ў яе вол, альбо асёл,
34 дык гаспадар ямы павінен заплаціць, аддаць срэбра гаспадару іхняму, а туша будзе ягоная.
35 Калі чый-небудзь вол забадае да сьмерці вала ў суседа яго, няхай прададуць жывога вала і падзеляць папалам цану яго; забітага таксама няхай падзеляць папалам;
36 а калі вядома было, што вол бадлівы быў і ўчора і заўчора, а гаспадар ягоны не вартаваў яго, дык павінен ён заплаціць вала за вала, а забіты будзе ягоны.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Выхад, 21 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002