1 І Язэп прыпаў да твару бацькі, і плакаў, і цалаваў яго.
2 І загадаў слугам сваім, лекарам, каб забальсамавалі яго бацьку.
3 І прайшло сорак дзён, пакуль яны споўнілі загад, бо столькі дзён было патрэбна на бальсамаваньне памёршага. І аплаквалі яго жыхары Эгіпту семдзесят дзён.
4 Па заканчэньні часу жалобы Язэп прамовіў да сям'і фараона: «Калі я знайшоў ласку ў вас, скажыце фараону так:
5 Бацька запрысяг мяне, кажучы: «Вось я паміраю; у магіле маёй, якую я выкапаў сабе ў зямлі Ханаан, пахавай мяне». Дык я вось цяпер пахаваю бацьку свайго і вярнуся».
6 Фараон сказаў яму: «Ідзі і пахавай бацьку свайго, як прысягнуў яму».
7 І калі Язэп ішоў хаваць бацьку свайго, пайшлі зь ім усе слугі фараона, старэйшыя дому ягонага, усе магнаты зямлі Эгіпецкай,
8 сям'я Язэпа зь яго братамі, за выключэньнем дзяцей і стадаў, якія засталіся ў зямлі Гашэн.
9 Пайшлі зь ім такжа вазы і коньнікі, творачы немалую дружыну.
10 А калі прыбылі ў Гарэн-Гаатад, што ляжыць на другім баку Ярдану, там адправілі лямант і жалобныя з плачам вялікім, трываючы сем дзён.
11 Калі гэта ўбачылі жыхары Ханаану, казалі: «Гэта вялікая жалоба Эгіпцянаў», і дзеля таго названа тое месца Абэль-Міцраім.
12 І зрабілі сыны Якуба так, як ім ён загадаў.
13 І занесьлі яго ў зямлю Ханаан, і пахавалі яго ў пячоры Махпэля, якую купіў Абрагам разам з полем на ўласнасьць на хаваньне ад Эфрона Гетыта, насупраць Мамрэ.
14 Пахаваўшы бацьку, вярнуўся Язэп у Эгіпет з братамі сваімі і з усёй дружынай.
15 Па сьмерці бацькі Якуба, браты Язэпа баяліся і казалі паміж сабой: «Ён, памятаючы на крыўду, якую перацярпеў, можа адпомсьціцца на нас за тое, што яму зрабілі».
16 І перадалі яму: «Бацька твой загадаў нам перад сьмерцяй,
17 каб мы табе ягонымі словамі сказалі: «Прашу, забудзь пра злачынства братоў сваіх, і грэх, і злосьць, якой дапусьціліся адносна цябе». Мы таксама просім, каб зь мірам Бога бацькі твайго дараваў нам Язэп гэтую ліхасьць». Выслухаўшы іх, Язэп заплакаў.
18 І прыйшлі да яго браты ягоныя і, упаўшы перад ім, казалі: «Слугі мы твае».
19 Ён ім адказаў: «Ня бойцеся. Ці ж можам працівіцца волі Божай!
20 Вы задумалі для мяне блага, а Бог перамяніў на дабро, каб узвысіць мяне, як цяпер бачыце, і каб уратаваў я многія народы.
21 Не палохайцеся: я кармлю вас і вашых дзяцей». І пацешыў ён іх, ласкава і зычліва гаворачы зь імі.
22 І жыў ён у Эгіпце з усёй сям'ёй бацькі свайго, і пражыў сто дзесяць гадоў,
23 і бачыў сыноў Эфраіма аж да трэцяга пакаленьня. Таксама дзеці Махіра, сына Манасы, нарадзіліся на каленях Язэпа.
24 І сказаў Язэп братам сваім: «Калі я памру, Бог пашкадуе вас і выведзе з гэтай зямлі ў зямлю, каторую запрысяг Абрагаму, Ізааку і Якубу».
25 І забавязаў ён сыноў Ізраэля прысягай, што споўняць гэткае даручэньне: «Калі Бог акажа вам ласку, забярыцё з сабой мае косьці з гэтага месца».
26 І памёр Язэп, маючы сто дзесяць гадоў. І забальсамавалі цела яго, і паклалі ў труну ў Эгіпце.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Роду, 50 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
