Другі закон 3 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Потым мы павярнулі і пайшлі дарогай на Басан; і выступіў Ог, цар Басана, насустрач нам з усім сваім народам ваяваць каля Эдраі.
Потым мы зьвярнулі і пайшлі дарогай на Башан; і выступіў Ог, кароль Башану, супраць нас з усім сваім народам ваяваць каля Эрдэі.
Госпад сказаў мне: «Не бойся яго, бо Я аддаў яго ў рукі твае з усім народам і зямлёй яго; зробіш ты яму тое, што зрабіў Сэгону, цару амарэяў, які жыў у Хесебоне».
Госпад сказаў мне: «Ня бойся яго, Я выдаў яго ў рукі твае з усім народам і зямлёй ягонай; зробіш ты яму тое, што зрабіў Сыгону, каралю Амарэйцаў, каторы жыў у Хешбоне».
І аддаў Госпад, Бог наш, у рукі нашы Ога, цара Басана, і ўвесь народ яго, і вынішчылі мы яго так, што ніхто не ўцалеў.
І аддаў Госпад, Бог наш, у рукі нашыя Ога, караля Башану, і ўвесь народ ягоны, і вынішчылі мы яго так, што ніхто не ацалеў.
У той час захапілі мы ўсе яго гарады, і не было горада, які б пазбегнуў нас: шэсцьдзесят гарадоў, увесь абшар Аргоба, царства Ога ў Басане.
У той час здабылі мы ўсе ягоныя гарады, і не засталося гораду незанятага: шэсьцьдзесят гарадоў ды ўвесь абшар Аргоб, каралеўства Ога ў Башане.
Усе гарады былі ўмацаваныя вельмі высокімі мурамі, і брамамі, і заваламі, не лічачы многіх гарадоў, што не мелі муроў.
Усе гэтыя гарады былі ўмацаваныя высокімі мурамі, і брамамі, і заваламі, ня лічачы многіх гарадоў адкрытых.
І аддалі мы іх праклёну, як зрабілі Сэгону, цару Хесебона, знішчаючы кожны горад, мужчын, і жанчын, і дзяцей,
І палажылі мы клятву на іх, як зрабілі Сыгону, каралю Хешбону, зьнішчаючы кожны горад, мужчынаў, і жанчынаў, і дзяцей,
а жывёлу і здабычу з гарадоў забіралі сабе.
а жывёлу і здабычу з гарадоў пакідалі сабе.
У той час узялі мы зямлю з рук двух цароў амарэйскіх, якія жылі за Ярданам, ад ручая Арнон аж да гары Гэрмон.
У той час узялі мы зямлю з рук двух каралёў Амарэйскіх, каторыя жылі за Ярданам, ад рэчкі Арнон аж па горы Гермону.
Сідонцы называюць Гэрмон Сірыёнам, а амарэі — Сэнірам.
Сідонцы называюць Гермон Сырыёнам, а Амарэйцы — Сэнірам.
Усе гарады на раўніне, ды ўсю зямлю Галаад і Басан аж да Сальхі і Эдраі, гарадоў царства Ога ў Басане,
Усе гарады на раўніне, увесь Гілеад і Башан аж да Сальхі і Эдрэі, гарадоў каралеўства Ога ў Башане,
бо толькі Ог, цар Басана, быў апошні з рэфаімаў. Можна пабачыць яго жалезнае ложа. Хіба яно не ў Рабе, у сыноў Амона? Яно мае дзевяць локцяў даўжыні і чатыры — шырыні, меркаю локця мужчынскай рукі.
бо Ог, кароль Башану, быў апошні з Рэфаімаў. Яго жалезная дамовіна знаходзіцца ў Раббе, у сыноў Амона: дзевяць локцяў даўжыні, і чатыры локці шырыні меркаю локця чалавечага.
І ўзялі мы ва ўласнасць у той час гэтую зямлю ад Араэра над ручаём Арнон аж да паловы гары Галаад; і гарады яе аддаў я [пакаленням] Рубэна і Гада.
І ўзялі мы на ўласнасьць тады ўсю гэтую зямлю. Ад Араэру над рэчкаю Арнон і палову гары Гілеад зь іхнімі гарадамі аддаў я людзям з пакаленьня Рубэна і Гада.
Рэшту Галаада і ўвесь Басан, царства Ога, даў я палове пакалення Манасы, увесь абшар Аргоба; увесь гэты прастор Басана называецца зямлёю рэфаімаў.
Астатак Гілеаду і ўвесь Башан, каралеўства Ога, даў я палове пакаленьня Манасы, увесь абшар Аргоб; увесь гэты прастор Башану называўся зямлёю Рэфаімаў.
Яір, сын Манасы, здабыў увесь абшар Аргоба аж да межаў Гэсура і Мааха; і назваў іх сваім імем «Басан Гавот Яірa», так і да сённяшняга дня.
Яір, сын Манасы, здабыў увесь прастор Аргоб аж да мяжы Гешура і Мааха, і назваў яго сваім імем. І да сягоньня называюць гэтую частку Башану «Паселішча Яіра».
Махіру я даў Галаад,
Махіру я даў Гілеад,
а пакаленням Рубэна і Гада даў частку зямлі Галаада аж да ручая Арнон, сярэдзіну ручая як мяжу аж да ручая Ябок, якая ёсць мяжою сыноў Амона,
а пакаленьнямі Рубэна і Гада даў частку зямлі Гілеад аж да рэчкі Арнон і да рэчкі Ябок, каторая ёсьць мяжою сыноў Амона,
і яшчэ Арабу з Ярданам як межы ад Кінэрэта да мора Арабы, якое ёсць морам Салёным ля падножжа гары Пісга на ўсход.
і яшчэ Арабу зь Ярданам як мяжою ад Кінэрэту да мора Арабы, мора Салонага ля падножжа гары Пісга на ўсход.
У гэты час даў я вам гэткі загад, кажучы: «Госпад, Бог ваш, даў вам гэтую зямлю ва ўласнасць; дык вы ўсе, здатныя да бою, пойдзеце, узброеныя, наперадзе братоў вашых, сыноў Ізраэля,
У гэты час даў я вам гэткі загад: «Госпад, Бог ваш, даў вам гэтую зямлю ў спадчыну; дык вы ўсе, здатныя да бою, пойдзеце ўзброеныя наперадзе братоў вашых, сыноў Ізраэля.
толькі без жонак, дзяцей і жывёлы. Я ведаю, што вы маеце вялікія статкі, дык яны павінны будуць застацца ў гарадах, якія я вам аддаў,
Толькі вашыя жонкі, дзеці і статкі, ведаю вось, што маеце вялікія статкі, застануцца ў вашых гарадах, каторыя я даў вам,
аж пакуль Госпад дасць супачынак братам вашым, як вам даў, ды аж пакуль і яны атрымаюць ва ўласнасць зямлю, якую Госпад, Бог ваш, мае даць ім за Ярданам; тады кожны вернецца да ўласнасці сваёй, якую я даў вам”.
аж пакуль Госпад дасьць супачынак братам вашым, як даў вам, каб і яны займелі зямлю, якую Госпад, Бог ваш, мае даць за Ярданам; тады кожны вернецца да ўласнасьці сваёй, якую я даў вам».
У той час загадаў я Ешуа, кажучы: «Твае вочы бачылі, што зрабіў Госпад, Бог ваш, двум гэтым царам; так зробіць Ён усім царствам, да якіх ты маеш прыйсці.
У той час я сказаў да Ешуа, кажучы: «Твае вочы бачылі ўсё, што зрабіў Госпад, Бог ваш, двум гэтым каралям; так зробіць Госпад усім каралеўствам, да каторых ты прыйдзеш.
Не бойся іх: бо Госпад, Бог ваш, будзе ваяваць за вас».
Ня бойся іх, бо Госпад, Бог ваш, будзе ваяваць за вас».
Маліў я ў той час Госпада, кажучы:
Маліў я ў той час Госпада ў гэтыя словы:
«Госпадзе Божа, Ты пачаў Свайму слузе аб’яўляць Сваю веліч і руку магутную. Які ж ёсць іншы бог на небе або на зямлі, які б здолеў выканаць справы Твае і прыпадобніцца да магутнасці Тваёй?
«Госпадзе Божа, Ты пачаў Свайму слузе аб'яўляць Сваю веліч і руку магутную. Які ж бог на небе або на зямлі даканаў такіх справаў і чыноў магутных, як Ты?
Дык дазволь мне прайсці і ўбачыць тую найлепшую зямлю за Ярданам, і гару тую выдатную, і Лібан».
Дык дазволь мне прайсьці і ўбачыць тую добрую зямлю за Ярданам, тыя прыгожыя горы і Лібан».
Але разгневаўся Госпад на мяне з-за вас і не выслухаў мяне, але сказаў мне: «Хопіць табе, больш ніколі не гавары Мне пра гэта.
Але разгневаўся Госпад на мяне з-за вас і ня выслухаў мяне. Ён сказаў мне: «Хопіць, больш ніколі не гавары Мне пра гэта.
Узыдзі на вяршыню Пісгі і паглядзі вачамі сваімі на захад і поўнач, поўдзень і ўсход, і агледзь, бо гэтага, вось, Ярдана ты не пяройдзеш.
Узыйдзі на вяршыню Пісга і паглядзі вачыма сваімі на захад і поўнач, поўдзень і ўсход, і агледзь усё, бо гэтага вось Ярдану ты не пяройдзеш.
Загадай Ешуа, і падбадзёр яго, і падтрымай, бо ён пойдзе наперадзе гэтага народа і падзеліць для іх зямлю, якую ты маеш убачыць».
Загадай Ешуа і падбадзёр яго, і падтрымай, бо ён пойдзе наперадзе гэтага народу і дасьць Ізраэлю ва ўладаньне тую зямлю, што ты бачыш».
Так былі мы ў даліне насупраць Бэт-Пэгора.
Так былі мы ў даліне насупраць Бэт-Пэору.