Другі закон 17 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Не складай у ахвяру Госпаду, Богу твайму, авечку і вала, на якіх ёсць пляма або якая-небудзь загана, бо брыдзіцца гэтым Госпад, Бог твой.
Не складай у ахвяру Госпаду, Богу твайму, авечку і вала, калі б мелі загану або які-колечы брак, бо брыдзіцца гэтым Госпад, Бог твой.
Калі знойдуцца ў асяроддзі тваім, унутры адной з брам тваіх, якія дасць табе Госпад, Бог твой, мужчына або жанчына, якія зробяць тое, што ліхім будзе перад Госпадам, Богам тваім, і пераступяць запавет Яго,
Калі знойдзецца ў асяродзьдзі тваім, у адным з гарадоў тваіх, якія дасьць табе Госпад, Бог твой, мужчына або жанчына, каторыя зробяць тое, што ліхім будзе перад Госпадам, Богам тваім, і парушаць запавет Яго,
і пойдуць служыць чужым багам, і будуць пакланяцца ім, ці сонцу, ці месяцу, ці ўсяму войску нябеснаму, чаго я не загадаў,
і пойдуць служыць чужым багам і пакланяцца ім ці сонцу, месяцу або ўсяму войску нябеснаму, што я табе забараніў,
і аб гэтым паведамяць табе, то выслухай і старанна даследуй справу, і калі выявіш, што гэта праўда, што такая брыдота здарылася ў Ізраэлі,
і аб гэтым паведамяць табе, ты выслухаеш і старанна дасьледуеш справу, і калі акажацца праўдаю, што такой брыдоты дапусьціліся ў Ізраэлю,
завядзі таго мужчыну або жанчыну, якія дапусціліся гэтай надзвычай злачыннай справы, да брамы горада твайго і ўкамянуй.
завядзеш таго мужчыну або жанчыну, каторыя дапусьціліся гэтай агіднай рэчы ў Ізраэлю, да брамы горада твайго і ўкамянуеш.
Паводле слоў двух або трох сведкаў хай загіне той, хто мае быць забіты; ніхто не можа быць пакараны смерцю па словах аднаго сведкі.
Паводле словаў двух або трох сьведкаў асудзіцца вінаваты на сьмерць, нельга асуджаць па словах аднаго сьведкі.
Рука сведкаў будзе першай, каб забіць яго, а потым хай уздымецца рука ўсяго народа, каб ты выдаліў ліха з асяроддзя твайго.
Рука сьведкаў будзе першай, каб забіць асуджанага, а потым рука ўсяго народу, каб вынішчыць зло з асяродзьдзя твайго.
Калі ўнутры брам тваіх ты ўбачыш, што ў судовых справах цяжка адназначна рассудзіць паміж крывёю і крывёю, спрэчкай і спрэчкай, бойкай і бойкай, то ўстань і ідзі на месца, якое выбера Госпад, Бог твой,
Калі па якой справе цяжка будзе табе вырашыць паміж крывёй і крывёй, паміж спрэчкай і спрэчкай, між бойкай і бойкай, і будуць нязгодныя рашэньні ў брамах тваіх, то ўстань і пайдзі на месца, каторае выбярэ Госпад, Бог твой,
і прыйдзі да святароў з роду левіцкага і да суддзі, які будзе ў гэтыя дні чыніць суд, і спытайся ў іх, і яны скажуць табе рашэнне наконт прысуду.
і прыйдзі да сьвятароў левітаў і да судзьдзі, каторы будзе ў гэтыя дні чыніць суд, і папытайся ў іх, і яны скажуць табе, як прысудзіць.
І зрабі, як яны скажуць табе з месца, якое выбраў Госпад, і будзь пільны, каб выканаць так, як яны навучаць цябе
І зрабі, як яны скажуць табе ў месцы, якое выбраў Госпад, і пільнуйся выпаўніць усё так, як яны навучаць цябе,
паводле загаду, які яны загадаюць, і паводле рашэння, якое табе скажуць. Не адхіляйся ані ўправа, ані ўлева.
па загаду, які яны загадаюць, і па рашэньню, якое табе скажуць. Не адхіляйся ані на права, ані на лева.
Хто з пыхлівасці не хацеў бы паслухаць волі святара, які ў той час спаўняе службу Госпаду, Богу твайму, або рашэння суддзі, — будзе пакараны смерцю той чалавек, каб ты выдаліў ліха з Ізраэля.
Хто з пыхлівасьці не хацеў бы паслухаць волі сьвятара, каторы ў той час спаўняе службу Госпаду, Богу твайму, або рашэньне судзьдзі, будзе пакараны сьмерцю той чалавек, каб вынішчыць зло зь Ізраэля.
А ўвесь народ, чуючы гэта, хай баіцца, каб ніхто больш не раздуваўся ад пыхі.
А ўвесь народ, чуючы гэта, будзе баяцца і ўжо болей ня будзе пыхлівы.
Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую дасць табе Госпад, Бог твой, і завалодаеш ёю, і абжывешся на ёй, і скажаш: “Пастаўлю я над сабою цара, як маюць усе народы вакол нас”,
Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую дасьць табе Госпад, Бог твой, і завалодаеш ёю, і абжывешся на ёй, і скажаш: «Пастаўлю я над сабою караля, як маюць усе акружаючыя нас народы»,
таго толькі паставіш над сабой царом, каго Госпад, Бог твой, выбера пасярод братоў тваіх. Не зможаш ты зрабіць царом чалавека другога народа, які не ёсць тваім братам.
таго толькі паставіш над сабой каралём, каго Госпад, Бог твой, выбярэ з-пасярод братоў тваіх, ня можа быць каралём над табой іншаземец, які ня ёсьць тваім братам.
Толькі хай не набывае ён сабе многа коней і не вяртае народ у Егіпет, каб павялічыць колькасць коней, тым больш што Госпад загадаў вам, каб ніколі больш гэтаю дарогаю не вярталіся.
Толькі хай не набывае ён сабе многа коней і не вяртае народ у Эгіпет, каб мець шмат коней, бо Госпад сказаў вам: «Ніколі больш гэтаю дарогаю ня вернецеся».
Хай не будзе ён мець мноства жонак, каб не адхілялася сэрца яго, ды вялікай колькасці срэбра і золата.
Хай ня будзе мець ён шмат жонак, каб не адвярнулася сэрца ягонае, і не зьбірае лішня серабра і золата.
Калі сядзе ён на пасадзе царства свайго, няхай спіша сабе са скрутка асобнік гэтага закону, узяўшы яго ў святароў з пакалення левіцкага,
Калі сядзе ён на каралеўскім троне, няхай перапіша сабе на скрутку сьпіс гэтага Закону з кнігі, што ў сьвятароў левітаў,
і мае яго пры сабе і чытае яго праз усе дні жыцця свайго, каб навучыўся шанаваць Госпада, Бога свайго, і захоўваць словы гэтага закону і гэтыя прыказанні, ды тое, што загадана ў законе.
і мае яго пры сабе, і чытае яго ўсе дні жыцьця свайго, каб навучыўся баяцца Госпада, Бога свайго, і захоўваць словы гэтага Закону і гэтыя прыказаньні, каб выконваць іх,
Хай не ўздымаецца сэрца яго да пыхі над братамі сваімі, хай не ўхіляецца ён ад загадаў ані ўправа, ані ўлева, каб доўга цараваў сам і дзеці яго пасярод Ізраэля.
каб не падымалася сэрца яго над братамі яго, і каб не адхіляўся ён ад загадаў ані ў права, ані ў лева, каб доўга караляваў сам і дзеці ягоныя ў Ізраэлю.