Другі закон 24 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Калі чалавек возьме жонку і станецца яе мужам, і яна не знойдзе ласкі ў вачах яго дзеля нейкай брыдкасці, напіша ён ёй пасведчанне разводнае, падасць у рукі яе і выправіць яе з дому свайго;
 
Калі чалавек возьме жонку і станецца яе мужам, і яна ня знойдзе ласкі ў вачах ягоных дзеля нейкай брыдкасьці, то хай напіша ён ёй пасьведчаньне разводнае, падасьць у рукі яе і адашле ў дом ейны.

і калі тая, выйшаўшы, стане жонкаю іншага,
 
А калі тая, выйшаўшы, стане жонкаю іншага,

а той таксама зненавідзіць яе, і дасць ёй пасведчанне аб разводзе, і адашле з дому свайго, або калі ён памрэ,
 
а той таксама зьненавідзіць яе, і дасьць ёй пасьведчаньне аб разводзе, і адашле ў дом ейны або калі б ён памёр,

то першы яе муж не можа ўзяць яе за жонку, бо яна ўжо спаганена; гэта было б брыдотай перад Госпадам. Дык не ўчыняй граху зямлі тваёй, якую табе дае ва ўладанне Госпад, Бог твой.
 
то першы яе муж ня можа ўзяць яе за жонку, бо яна ўжо спаганена; гэта было б абрыдай перад Госпадам. Дык не пагань зямлі тваёй, якую табе дае на валаданьне Госпад, Бог твой.

Калі які чалавек нядаўна ўзяў жонку, то хай не ідзе на вайну і хай не даручаецца яму абавязак грамадскі, але хай застанецца ён свабодны ў доме сваім, каб адзін год цешыцца з жонкаю сваёй.
 
Калі які чалавек нядаўна ўзяў жонку, то хай не ідзе на вайну і хай не даручаецца яму абавязак грамадзкі, але хай застаецца свабодны дома і хай адзін год цешыцца з жонкаю сваёй.

Не бяры ў заклад жоран або верхні камень млыновы, бо бралася б гэтым само жыццё ў заклад.
 
Нельга браць у заклад каменя млыновага, верхняга ці сподняга, бо бралася б гэтым само жыцьцё ў заклад.

Калі будзе схоплены чалавек, які выкраў аднаго з братоў сваіх, сыноў Ізраэля, і, прадаўшы яго, браў плату, хай ён будзе забіты. Так вынішчыш зло пасярод сябе.
 
Калі будзе злоўлены чалавек, каторы зьневаляў каго з братоў сваіх, сыноў Ізраэля, і, прадаўшы яго, браў плату, хай будзе забіты. Так вынішчыш зло спасярод сябе.

Калі напаткаеш пляму праказы, захоўвай пільна тое, чаму вучаць вас святары з роду левітаў; што я загадаў ім, тое спаўняйце старанна.
 
Глядзі пільна, калі выбухне праказа, чаму вучаць вас сьвятары левіты, і што я загадаў ім, тое спаўняйце старанна.

Памятай, што зрабіў Госпад, Бог твой, Мірыям у дарозе, калі выйшлі вы з Егіпта.
 
Памятай, што зрабіў Госпад, Бог твой, Мірыям у дарозе, калі выйшлі вы з Эгіпту.

Калі блізкаму свайму дасі якую рэч у пазыку, не ўваходзь у дом яго, каб узяць што ў заклад,
 
Калі бліжняму свайму дасі якую рэч у пазыку, ня ўвойдзеш у дом ягоны, каб узяць што ў заклад,

але пастой на двары, і ён прынясе табе заклад, які будзе мець.
 
але пастаіш на двары, і ён прынясе табе заклад, які будзе мець.

Калі б гэта быў чалавек бедны, хай не начуе ў цябе заклад,
 
Калі б гэта быў чалавек бедны, хай не начуе ў цябе заклад гэты,

але зараз жа аддай яму да захаду сонца, каб спаў ён у адзенні сваім і дабраслаўляў цябе і каб меў ты справядлівасць перад абліччам Госпада, Бога твайго.
 
але зараз жа аддасі яму да заходу сонца, каб спаў ён у адзетку сваім і дабраславіў табе, і каб меў ты справядлівасьць на віду Госпада, Бога свайго.

Не адмаўляй у плаце незаможнаму і ўбогаму з братоў сваіх ці прышэльцаў, якія жывуць з табой у зямлі тваёй і ў брамах тваіх,
 
Не адмаўляй платы патрабуючаму і ўбогаму з братоў сваіх ці прыбыльцаў, каторыя жывуць з табой у зямлі тваёй і ў брамах тваіх,

але ў той самы дзень аддай яму плату за працу яго перад захадам сонца, бо ён бедны і платы патрабуе жыццё яго, каб не прызываў ён супраць цябе Госпада і не было залічана гэта табе за грэх.
 
але таго самага дня аддай яму плату за працу ягоную перад заходам сонца, бо ён бедны і платы патрабуе жыцьцё ягонае, каб не прызываў ён супраць цябе Госпада і не было залічана гэта табе за грэх.

Хай не будуць забіваныя бацькі за сыноў і сыны за бацькоў, але хай кожны памірае за свой грэх.
 
Хай ня будуць забіваныя бацькі за сыноў, і сыны за бацькоў, але хай кожны памірае за свой грэх.

Не судзі крывадушна чужынца і сірату, і ад удавы не бяры адзення ў заклад.
 
Не судзі крывадушна чужынца і сіраты, і ад ўдавы не бяры адзеньня ў заклад.

Памятай, што ты быў нявольнікам у Егіпце і выбавіў цябе адтуль Госпад, Бог твой; дзеля таго і я табе загадваю, каб ты рабіў гэта.
 
Памятай, што ты быў нявольнікам у Эгіпце і выбавіў цябе адтуль Госпад, Бог твой; дзеля таго і я табе загадваю рабіць гэта.

Калі будзеш жаць жніво на полі сваім і, забыўшыся, пакінеш сноп на полі, не вяртайся забраць яго, але дазволь забраць яго чужынцу, сіраце ды ўдаве, каб дабраславіў цябе Госпад, Бог твой, ва ўсім, што будуць рабіць рукі твае.
 
Калі будзеш жаць жніво на полі сваім і забудзешся снапа на полі, не вяртайся забраць яго, але хай застаецца ён для чужынца, сіраты і ўдавы, каб дабраславіў табе Госпад, Бог твой, ва ўсім, што будуць рабіць рукі твае.

Калі будзеш збіраць аліўкі і застанецца некалькі на дрэве, не вяртайся забраць іх, але пакінь іх для чужынца, сіраты ды ўдавы.
 
Калі будзеш зьбіраць аліўкі, і застанецца некалькі на дрэве, не варочайся забраць іх, але хай застануцца яны для чужынца, сіраты і ўдавы.

Калі будзеш збіраць вінаград, не збірай гронак, якія засталіся, але хай будуць яны на спажытак для чужынца, сіраты і ўдавы.
 
Калі будзеш зьбіраць вінаград, не зьбірай застаўшыхся гронак, але пакінь іх на долю чужынца, сіраты і ўдавы.

Памятай, што і ты быў нявольнікам у Егіпце, таму я загадваю, каб ты рабіў гэта.
 
Памятай, што і ты быў нявольнікам у Эгіпце, таму я загадваю табе рабіць гэтак.