Другі закон 25 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Калі ўзнікне звадка паміж людзьмі, то хай суддзі вырашаць, і каго прызнаюць сумленным, таго хай апраўдаюць, каго ж несумленным, хай пакараюць за злачынства.
 
Калі ўзьнікне звадка паміж людзьмі, то хай прывядуць іх у суд і судзяць іх, і за справядлівага прызнаюць нявіннага, а вінаватага пакараюць.

Калі вось суддзя таго, хто зграшыў, прызнае вартым пакарання, дык хай паваліць і загадае бічаваць у сваёй прысутнасці; колькасць удараў хай адпавядае памерам праступка,
 
Калі вось судзьдзя таго, хто дапусьціўся праступку, прызнае вартым пакараньня, дык паложаць таго на зямлі і ў яго прысутнасьці будуць біць, гледзячы на вялікасьць праступку.

але так, каб колькасць не перавышала сарака, каб брат твой на вачах тваіх не быў занадта збіты шматлікім бічаваннем і каб не быў ганебна скалечаны.
 
Але не атрымае ён больш як сорак удараў, каб праз павелічэньне ўдараў над гэтую лічбу біцьцё не было над меру, і ня быў спаганены брат твой у вачах тваіх.

Не завязвай пысы валу, які малоціць на таку твой ураджай.
 
Не завязвай пысы валу малоцячаму.

Калі браты будуць жыць сумесна і адзін з іх памрэ без сына, то хай не выйдзе жонка памерлага замуж за каго іншага, але брат яго хай возьме яе за жонку і адновіць нашчадкаў брату свайму.
 
Калі браты будуць жыць сумесна і адзін зь іх памрэ, і ня будзе мець сына, то ня выйдзе жонка памёршага замуж за каго іншага па-за сям'ёй, але швагер яе павінен узяць яе за жонку сабе і аднавіць патомства брата свайго.

І першароднаму сыну, якога народзіць яна, дадуць імя таго, каб не загінула імя яго ў Ізраэлі.
 
І найстарэйшаму сыну, каторага народзіць яна, дадуць імя памёршага брата, каб не загінула імя яго ў Ізраэлі.

Калі ж ён не захоча ўзяць жонку брата свайго, якая належыць яму па законе, хай жанчына пойдзе да брамы горада, і паскардзіцца старэйшынам роду, і скажа: «Брат мужа майго адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраэлі і ўзяць мяне за жонку»,
 
Калі б той мужчына не хацеў узяць сваёй братавай за жонку, пойдзе братавая ў браму гораду да старшыняў і скажа: «Швагер мой адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраэлю, ня хоча жаніцца са мною».

і тады адразу хай яны загадаюць яму прыйсці і запытаюцца ў яго. Калі адкажа: «Не хачу яе браць за жонку»,
 
Старшыні гэтага гораду паклічуць яго і запытаюцца ў яго. Калі адкажа: «Не хачу яе браць за жонку»,

дык тады жанчына тая хай падыдзе да яго на вачах старэйшын, ды здыме яму сандалю з нагі, і плюне яму ў твар, і скажа: «Так бывае з чалавекам, які не будуе дому брата свайго».
 
дык тады братавая падыйдзе да яго і на вачах старшыняў здыме яму сандал з нагі, плюне яму ў твар і скажа: «Так робяць з чалавекам, каторы ня хоча адбудаваць дому брата свайго».

І будзе названа імя яго ў Ізраэлі: «Дом разутага».
 
І будзе названа імя яго ў Ізраэлю: «Дом разутага».

Калі мужчыны будуць мець звадку паміж сабою і калі адзін пачне шумна спрачацца з другім, а жонка аднаго з іх, хочучы вырваць мужа свайго з рук мацнейшага, выцягне руку і схопіць яго за сорам яго,
 
Калі будуць біцца паміж сабою мужчыны, адзін супраць другога, а жонка аднаго зь іх, хочучы вырваць мужа з рук б'ючага, выцягне руку і схопіць яго за сорам ягоны,

адрэж руку яе і не май да яе аніякай літасці.
 
адрэжаш ёй рукі, ня будзеш мець літасьці над ёй.

Не май у мяшку тваім двух гатункаў вагаў, большых і меншых.
 
Ня май ў мяшку тваім двух гатункаў вагаў, большых і меншых.

Хай не будзе ў доме тваім эфы большай і меншай.
 
Ня будзе ў доме тваім эфы большай і меншай.

Вага ў цябе павінна быць справядлівая і праўдзівая, і эфа хай будзе ў цябе справядлівая і праўдзівая, каб доўга ты жыў на зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой.
 
Вага ў цябе павінна быць справядлівая і праўдзівая; і эфа хай будзе ў цябе справядлівая і праўдзівая, каб доўга ты жыў на зямлі, каторую дасьць табе Госпад, Бог твой.

Бо брыдзіцца Госпад твой кожным, хто так робіць, і выракаецца кожнага несправядлівага.
 
Бо брыдзіцца Госпад, Бог твой, кожным, хто так робіць, кожным, хто паступае несправядліва.

Памятай, што зрабіў табе ў дарозе Амалек, калі выходзіў ты з Егіпта.
 
Памятай, што зрабіў табе ў дарозе Амалек, калі выйшаў ты з Эгіпту.

Заступіў ён табе дарогу і пабіў усіх тых, якія ішлі апошнімі ў натоўпе тваім, бо затрымаліся ў знямозе, а ты быў знясілены голадам і цяжарам, і не пабаяўся ён Бога.
 
Заступіў ён табе дарогу і напаў на ўсіх змучаных голадам, на ўсе апошнія шэрагі твае, калі ты быў змораны і зьняможаны, і ён не баяўся Бога.

Дык калі Госпад, Бог твой, дасць табе супакой ад усіх навокал ворагаў тваіх у зямлі, якую мае даць табе, ты сатрэш імя Амалека з-пад неба. Глядзі, не забудзься.
 
Дык калі Госпад, Бог твой, дасьць табе супакой ад усіх ворагаў тваіх, акружаючых цябе, у зямлі, якую дасьць табе, ты сатрэш імя Амалека спад неба. Глядзі, не забудзься.