Другі закон 6 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

«Такія вось загады, і прыказанні, і законы, якія даў Госпад, Бог ваш, каб я навучыў вас, а вы каб выконвалі іх на зямлі, якую ідзяце ўзяць ва ўласнасць.
 
Такія вось загады, і прыказаньні, і законы, якія даў Госпад, Бог ваш, каб навучыць вас, каб вы спаўнялі іх на зямлі, каторую ідзіцё ўзяць на ўласнасьць.

Шануй Госпада, Бога твайго, і беражы ўсе прыказанні і загады Яго, якія даручаю табе, сынам і нашчадкам тваім на ўсё жыццё, каб даўгавечныя былі дні твае.
 
Дык бойся Госпада, Бога твайго, і захоўвай ўсе прыказаньні і загады Ягоныя, якія даручаю табе, сынам і сынам сыноў тваіх на ўсе дні жыцця, каб даўгавечныя былі дні твае.

Слухай, Ізраэль, і пільнуй, каб выконваць, каб добра табе было і ўзрос ты лікам сваім, як абяцаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх, зямлю, што ацякае малаком і мёдам.
 
Слухай, Ізраэль, і захоўвай, і спаўняй іх, каб добра табе было, і ўзрос лікам сваім, як абяцаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх, у зямлі, што ацякае малаком і мёдам.

Слухай, Ізраэль: «Госпад, Бог наш, Госпад адзіны.
 
Слухай, Ізраэль: Госпад, Бог наш,- Госпад адзіны.

Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй і ўсёй моцай тваёй».
 
Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй і ўсёй моцай тваёю.

Гэтыя словы, якія я даручаю табе сёння, хай будуць у сэрцы тваім.
 
Гэтыя словы, каторыя я даручаю табе сёньня, хай будуць у сэрцы тваім.

Паўтарай іх дзецям тваім, гавары іх, седзячы ў доме тваім, ідучы па дарозе, засынаючы і абуджаючыся.
 
Паўтарай іх дзецям тваім, гавары іх, седзячы ў доме тваім, ідучы па дарозе, калі засынаеш і калі прачынаешся.

Прывяжы іх як знак да рукі сваёй, хай будуць яны быццам якая падвязка паміж вачэй тваіх.
 
Прывяжы іх як знак да рукі сваёй, хай будуць яны павязкаю над вачыма тваімі.

Выпішы іх на бэльках дома твайго і на браме тваёй.
 
Выпішы іх сабе на дзьвярах тваіх і на брамах тваіх.

Калі ўвядзе цябе Госпад, Бог твой, у зямлю, якую прысягнуў даць бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, каб даць табе гарады вялікія і выдатныя, якіх ты не будаваў,
 
Калі ўвядзе цябе Госпад, Бог твой, у зямлю, якую запрысяг бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, калі дасьць табе гарады вялікія і багатыя, каторых ты не будаваў,

дамы, поўныя ўсякіх багаццяў, якіх ты не збіраў, студні, якіх ты не капаў, вінаграднікі і аліўкавыя сады, якіх ты не садзіў, калі будзеш есці і спатоліш голад,
 
дамы, поўныя ўсякіх багацьцяў, каторых ты не зьбіраў, выкапаныя студні, каторых ты не капаў, вінаграднікі і аліўкавыя сады, каторых ты не садзіў, калі будзеш есьці і наясіся,

сцеражыся вельмі, каб не забыўся ты пра Госпада, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай, з дому няволі.
 
сьцеражыся, каб не забыўся ты пра Госпада, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.

Госпада, Бога твайго, шануй, і Яму служы, і Яго імем прысягай.
 
Госпада, Бога твайго, бойся, і Яму служы, і Ягоным імем прысягай.

Не ідзі за багамі чужымі з ліку багоў тых народаў, якія акружаюць цябе,
 
Не ідзі за багамі чужымі, за багамі акружаючых цябе народаў,

бо Госпад, Бог твой, пасярод цябе, — Бог руплівы апякун; каб не ўзгарэўся гнеў Госпада, Бога твайго, на цябе і каб не сцёр Ён цябе з паверхні зямлі.
 
бо Госпад, Бог твой, Які ёсьць пасярод цябе, — Бог зайздросны, каб не ўзгарэўся гнеў Госпада, Бога твайго, на цябе і каб ня сьцёр Ён цябе з паверху зямлі.

Не выпрабоўвай Госпада, Бога вашага, як выпрабоўвалі ў Масе.
 
Не выстаўляйце Госпада, Бога вашага, на выпрабаваньне, як вы спакушалі ў Масе.

Захоўвай загады Госпада, Бога вашага, і сведчанні і прыказанні, якія даў Ён табе;
 
Захоўвайце загады Госпада, Бога вашага, і сьведчаньні, і прыказаньні, якія даў Ён вам;

і рабі, што правільна і што добра перад абліччам Госпада, каб добра было табе і каб, увайшоўшы, атрымаў ты ва ўласнасць зямлю найлепшую, наконт якой Госпад склаў прысягу бацькам тваім,
 
і рабі, што належыцца і што добрае на віду ў Госпада, каб быў ты шчасьлівы і ўвайшоў у зямлю добрую, якую запрысяг Госпад бацькам тваім,

каб вынішчыў Ён усіх ворагаў тваіх перад табою, як сказаў Госпад.
 
каб выгнаў Ён усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім.

Калі спытаецца цябе ў будучым сын твой, кажучы: “Што за сэнс гэтых сведчанняў, прыказанняў і законаў, якія загадваў вам Госпад, Бог наш?” —
 
Калі спытаецца цябе ў будучыні сын твой: «Што за сэнс гэтых сьведчаньняў, прыказаньняў і законаў, якія загадваў вам Госпад, Бог ваш?»,

скажы яму: “Былі мы нявольнікамі ў фараона ў Егіпце, але вывеў нас Госпад з Егіпта рукой дужай,
 
ты скажаш яму: «Былі мы нявольнікамі ў фараона ў Эгіпце, але вывеў нас Госпад з Эгіпту рукою дужаю,

ды чыніў цуды і знакі вялікія і жудасныя ў Егіпце супраць фараона і ўсяго дому яго ў прысутнасці нашай,
 
і чыніў цуды і знакі вялікія і жудасныя ў Эгіпце супраць фараона і ўсяго дому ягонага ў прысутнасьці нашай,

і вывеў нас адтуль, каб нам, уведзеным, даць зямлю, адносна якой прысягнуў бацькам нашым даць нам.
 
і вывеў нас адтуль, каб увесьці нас у зямлю, якую запрысяг бацькам нашым даць нам.

І загадаў нам Госпад, каб выконвалі мы ўсе гэтыя прыказанні і каб шанавалі Госпада, Бога нашага, і тады добра будзе нам усім у дні жыцця нашага, як і сёння жывём.
 
І загадаў нам Госпад, каб спаўнялі мы ўсе гэтыя прыказаньні і баяліся Госпада, Бога нашага, і каб добра нам было ўсе дні жыцьця нашага, як і сёньня жывём.

І будзе нам справядлівасць, калі мы будзем берагчы і выконваць усе загады гэтыя перад абліччам Госпада, Бога нашага, як Ён нам гэта загадаў”».
 
І будзе нам справядлівасьць, калі мы будзем берагчы і спаўняць усе загады гэтыя на віду ў Госпада, Бога нашага, як Ён нам гэта загадаў».