Другі закон 10 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

У гэты час сказаў мне Госпад: “Вычашы сабе дзве каменныя табліцы, такія ж, як папярэднія, і ўзыдзі да Мяне на гару і зрабі каўчэг з дрэва.
 
У гэты час сказаў мне Госпад: «Вычашы сабе дзьве каменныя табліцы, падобныя да першых, і ўзыйдзі да Мяне на гару. Зрабі таксама каўчэг з дрэва.

І напішу Я на табліцах словы, што былі на тых, якія ты перад гэтым пабіў, а ты пакладзеш іх у каўчэг”».
 
Я напішу на табліцах прыказаньні, каторыя былі на першых табліцах, пабітых табою, і ты ўложыш іх у каўчэг».

Дык зрабіў я каўчэг з дрэва акацыі, і калі вычасаў дзве каменныя табліцы, такія ж, як папярэднія, то ўзышоў на гару, трымаючы іх у руках.
 
Дык зрабіў я каўчэг з дрэва акацыі і вычасаў дзьве каменныя табліцы, падобныя да першых, і ўзыйшоў на гару, маючы ў руках абедзьве табліцы.

І напісаў Ён на табліцах падобна, як было раней напісана Ім, Дзесяць выслоўяў, якія абвясціў вам Госпад на гары з сярэдзіны агню, калі сабраўся народ, і даў іх мне.
 
І напісаў Ён (Госпад) на табліцах падобна, як быў раней напісаўшы, Дзесяць Прыказаньняў, якія абвясьціў вам Госпад на гары зь сярэдзіны агню пры сабраным народзе. І даў мне іх Госпад.

Я павярнуўся і сышоў з гары, і паклаў табліцы ў каўчэг, які зрабіў; і там знаходзяцца яны аж дагэтуль, як мне загадаў Госпад.
 
Я разьвярнуўся і зыйшоў з гары, і палажыў табліцы ў каўчэг, які зрабіў; і там засталіся яны, як мне загадаў Госпад.

А сыны Ізраэля зняліся лагерам з Бэрота сыноў Якана ў Масэру, там памёр і быў пахаваны Аарон, а сын яго, Элеязэр, стаў святаром замест яго.
 
А сыны Ізраэля выйшлі з Бээроту сыноў Яакана ў Масэру. Там памёр і быў пахаваны Аарон, а сын яго, Элеазар, стаў сьвятаром на месца яго.

Адтуль прыбылі ў Гадгад: з таго месца выправіліся і сталі лагерам у Етэбаце, у зямлі водных крыніц.
 
Адтуль прыбылі ў Гудгоду, а з Гудгоды ў Ётбату, у зямлю, шчодрую ручаямі.

У гэты час Госпад аддзяліў пакаленне Леві, каб насілі каўчэг запавету Госпада і каб яны стаялі перад Ім на службе і дабраслаўлялі ў імя Яго па сённяшні дзень.
 
У гэты час Госпад выбраў пакаленьне Левія, каб насілі Каўчэг Запавету Госпада і каб яны стаялі пры Госпадзе і служылі Яму, і дабраслаўлялі ў імя Яго па сёньняшні дзень.

Дзеля таго Леві не мае часткі ані спадчыны з братамі сваімі, бо спадчына яго — Сам Госпад, як абяцаў яму Госпад, Бог твой.
 
Дзеля таго Леві ня мае часткі (зямлі) ані спадчыны паміж братоў сваіх, бо спадчына яго — Госпад, як абяцаў яму Госпад, Бог твой.

І я стаяў на гары, як раней, сорак дзён і начэй, і нават у гэты раз выслухаў мяне Госпад і не захацеў выгубіць цябе.
 
І я стаяў на гары, як раней, сорак дзён і начэй, і ў гэты раз выслухаў мяне Госпад і не захацеў выгубіць цябе.

І сказаў Ён мне: «Устань, ідзі і ачаляй народ, каб ішоў і завалодаў зямлёй, пра якую Я прысягнуў бацькам іх, каб перадаць ім».
 
І сказаў Ён мне: «Устань і ідзі, і ачольвай народ, каб ішоў і завалодаў зямлёй, якую Я запрысяг бацькам іхнім, каб даць ім».

А цяпер, Ізраэль, чаго жадае ад цябе Госпад, Бог твой? Толькі таго, каб ты баяўся Госпада, Бога твайго, і хадзіў шляхамі Яго, ды любіў Яго і служыў Госпаду, Богу твайму, усім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй,
 
А цяпер, Ізраэль, чаго жадае ад цябе Госпад, Бог твой? Толькі таго, каб ты баяўся Госпада, Бога твайго, і хадзіў дарогамі Ягонымі, любіў Яго і служыў Госпаду, Богу твайму, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй,

ды каб выконваў загады Госпада і прыказанні Яго, якія я сёння загадваю, каб добра было табе.
 
каб выконваў ты загады Госпада і прыказаньні Ягоныя, каторыя я сягоньня загадваю табе, каб добра жылося табе.

Вось, Госпаду, Богу твайму, належаць неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй.
 
Госпаду, Богу твайму, належыць неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй.

Ды, аднак жа, да бацькоў тваіх прыхінуўся Госпад і ўзлюбіў іх ды выбраў нашчадкаў іх па іх, значыць вас, з усіх народаў, як сёння гэта было пацверджана.
 
Толькі да тваіх бацькоў прыхінуўся Госпад і ўзьлюбіў іх, і выбраў патомства іхняе па іх, значыць, вас выбраў з усіх народаў, як сёньня гэта пацьвярджаецца.

Дык абрэжце край сэрца вашага і карак ваш, каб больш не зацвярдзелі,
 
Дык абрэжце сэрца вашае і цьвёрдасьць карку вашага, каб больш не рабілі яго цьвёрдым,

бо Госпад, Бог ваш, — адзіны Бог над багамі і Валадар над валадарамі, Бог вялікі, магутны і страшны, Які не глядзіць ні на асобу, ані на падарункі.
 
бо Госпад, Бог ваш, — адзіны Бог над багамі і Валадар над валадарамі, Бог вялікі і страшны, Каторы не глядзіць на асобу ані на падарункі.

Ён чыніць справядлівасць сіраце і ўдаве, любіць чужынца, даючы яму ежу і адзенне.
 
Ён дае справядлівасьць сіраце і ўдаве, любіць чужынца, даючы яму ежу і адзеньне.

Дык і вы любіце чужынцаў, бо і вы былі прышэльцамі ў зямлі Егіпецкай.
 
Дык і вы любіце чужынцаў, бо і вы былі чужынцамі ў зямлі Эгіпецкай.

Госпада, Бога твайго, бойся і Яму служы, да Яго туліся і імем Яго прысягай.
 
Госпада, Бога твайго, бойся, Яму служы, да Яго туліся і на імя Ягонае прысягай.

Ён — слава твая і Бог твой, Які творыць дзеля цябе вялікія і жудасныя рэчы, якія бачылі вочы твае.
 
Ён — слава твая і Бог твой, Ён творыць дзеля цябе вялікія і жудасныя рэчы, якія бачылі вочы твае.

У сямідзесяці душах перасяліліся бацькі твае ў Егіпет, а вось цяпер памножыў цябе Госпад, Бог твой, як зоркі на небе.
 
У семдзесят душ перасяліліся бацькі твае ў Эгіпет, а вось цяпер памножыў цябе Госпад, Бог твой, як зоркі на небе.