Другі закон 20 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў сваіх і ўбачыш, што і коней, і калясніц, і людзей у варожым войску болей, чым у цябе, не бойся іх, бо з табой Госпад, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай.
 
Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў сваіх і ўбачыш, што там і коней, і калясьніцаў, і людзей болей, чым у цябе, ня бойся іх, бо з табой Госпад, Бог твой, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай.

«Перад пачаткам бою хай выступіць святар перад войскам і прамовіць да народа так:
 
Перад распачацьцем бою хай выступіць сьвятар, і прамовіць да народу, і скажа яму:

“Слухай, Ізраэль! Пачынаеце вы сёння супраць ворагаў вашых бой, хай не палохаецца сэрца ваша, не саступайце і не палохайцеся іх,
 
«Слухай, Ізраэль! Пачынаеце вы сёньня супраць ворагаў вашых бой, хай не палохаецца сэрца вашае, ня бойцеся, не пужайцеся і не трывожцеся,

бо Госпад, Бог ваш, ідзе з вамі і будзе ваяваць за вас з ворагамі вашымі, каб выратаваць вас з небяспекі”.
 
бо Госпад, Бог ваш, ідзе з вамі, каб ваяваць за вас з ворагамі вашымі і каб выратаваць вас зь небясьпекі».

Таксама і кіраўнікі, калі войска выслухае, няхай звернуцца да кожнага атрада: “Ці ёсць тут чалавек, які пабудаваў новы дом і не пасвяціў яго? Хай пойдзе і вернецца ў дом свой, каб часам не згінуў у баі і хто іншы яго пасвяціў.
 
Начальнікі хай аб'явяць народу, кажучы: «Хто з вас пабудаваў новы дом, а яшчэ яго не пасьвяціў, хай ідзе і варочаецца дамоў, каб часам не загінуў у баі і хто іншы яго не пасьвяціў.

Ці ёсць чалавек, які насадзіў вінаграднік і яшчэ не сабраў ураджаю? Хай пойдзе і вернецца ў дом свой, каб часам не загінуў у баі, а другі чалавек не сабраў вінаград.
 
Хто з вас завёў вінаграднік і не сабраў яго пладоў, хай варочаецца дамоў, бо мог бы загінуць на вайне, а хто іншы сабраў бы плады.

Ці ёсць чалавек, які заручыўся з жонкаю, але не пабраўся з ёю? Хай пойдзе і вернецца ў дом свой, каб часам не загінуў у баі, а хто іншы не пабраўся б з ёю”.
 
Хто заручыўся з жонкаю, але не перавёў яе яшчэ да сябе, хай варочаецца дамоў, бо мог бы загінуць на вайне, а хто іншы завёў бы яе да сябе».

Сказаўшы гэта, хай дададуць яны апошняе і скажуць народу: “Хто чалавек баязлівы і чыё сэрца дрыжыць? Хай пойдзе і вернецца ў дом свой, каб не рабіў баязлівымі сэрцы братоў сваіх, як і сам ён ахоплены страхам”.
 
Хай яшчэ начальнікі запытаюцца ў людзей: «Хто баіцца і чыё сэрца дрыжыць, хай выступіць і ідзе дамоў, каб не напалохаў сэрцы братоў сваіх, як сам ён напалоханы»,

Як толькі кіраўнікі скончаць прамаўляць да народа, тады трэба паставіць правадыроў войска на чале народа.
 
Як начальнікі скажуць усё гэта народу, тады вы павінны паставіць ваенных начальнікаў на чале народу.

Калі ты падыдзеш пад горад, каб яго заваяваць, перш прапануй яму супакой.
 
Калі ты падыйдзеш пад горад, каб яго зваяваць, перш прапануй яму мір.

Калі ён прыме прапанову і адчыніць табе брамы, хай увесь народ, які ў ім ёсць, служыць табе, плацячы даніну.
 
Калі ён згодзіцца на мір і адчыніць табе брамы, хай увесь народ, які ў ім ёсьць, будзе плаціць табе даніну і служыць табе.

А калі ён не захоча заключыць дамову з табою і пачне супраць цябе вайну, то штурмуй яго.
 
А калі ён не захоча быць у міры з табою і пачне супраць цябе вайну, то аблажы яго.

І калі Госпад, Бог твой, аддасць яго ў рукі твае, пазабівай усіх, хто ў ім мужчынскага роду, вастрыём меча,
 
І калі Госпад, Бог твой, аддасьць яго ў рукі твае, выб'еш усіх мужчынаў мячом,

за выключэннем жанчын і дзяцей, жывёлы і ўсяго іншага, што ў горадзе знаходзіцца. Усю здабычу гэтую забяры сабе і спажывай здабычу ворагаў тваіх, якую даў табе Госпад, Бог твой.
 
за выключэньнем жанчын і дзяцей, жывёлы і ўсяго іншага, што ў ім знаходзіцца. Усю здабычу яго сабе возьмеш і будзеш есьці здабычу ворагаў тваіх, якую даў табе Госпад, Бог твой.

Так зрабі з усімі гарадамі, якія ад цябе вельмі далёка, якія не ёсць гарадамі гэтых народаў, якія ты маеш атрымаць ва ўласнасць.
 
Так зрабі з усімі гарадамі, каторыя ад цябе вельмі далёка, якія ня ёсьць уласнасьцю гэтых народаў.

Толькі з тых гарадоў, якія будуць дадзены табе, нікога наогул не пакінеш ты жывым,
 
Толькі ў тых гарадах, каторыя даюцца табе, не пакінеш нікога жывым,

але заб’еш мечам хетэяў, амарэяў, хананеяў, феразеяў, гівеяў і евусеяў, як загадаў табе Госпад, Бог твой,
 
але выб'еш мячом Гетытаў, Амарэйцаў, Хананейцаў, Пэрэзэяў, Гівеяў і Ебусеяў, як загадаў табе Госпад, Бог твой,

каб часам не навучылі яны вас усякім брыдотам, якія яны рабілі багам сваім, і каб вы не грашылі перад Госпадам, Богам вашым.
 
каб часам не навучылі яны вас усякім брыдотам, якія рабілі яны багам сваім, і каб вы не грашылі перад Госпадам, Богам сваім.

Калі доўгі час будзеш рабіць аблогу горада і акружыш яго ўмацаваннямі, каб заваяваць яго, не ссякай дрэў яго, з якіх можаш жывіцца, плады яго можаш есці, а яго самога не ссякай. Ці ж дрэва гэта чалавек, каб яго аблягаць?
 
Калі доўгі час будзеш аблягаць горад, каб заваяваць яго, не сьсякай дрэваў яго, з каторых можаш жывіцца, плады яго можаш есьці, а яго самога не сьсякай. Ці ж дрэва гэта чалавек, каб яго аблягаць?

Калі ж якое дрэва не надаецца на ежу, ссячы яго і пабудуй махіны, пакуль не здабудзеш горада, які з табой ваюе».
 
Калі ж дрэва не надаецца на ежу, сьсячы яго і пабудуй махіны, пакуль не здабудзеш гораду, каторы з табой ваюе.