Другі закон 15 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
У канцы сёмага года рабі дараванне,
У канцы сёмага году даруй даўгі.
і адзначай гэта наступным чынам: калі хто даў якую пазыку блізкаму ці брату свайму, то не зможа ён спагнаць, бо гэта год даравання на ўшанаванне Госпада.
Дараваньне даўгоў палягае на тым, што кожны пазыкадавец, каторы пазычыў бліжняму або брату свайму, даруе пазычаўшаму і ня будзе вымагаць звароту ад бліжняга або брата свайго, бо абвешчаны год дараваньня на ўшанаваньне Госпада.
З чужога спаганяй, з суайчынніка ж і блізкага не будзеш мець магчымасці вымагаць тое, што тваё.
Ад чужога можаш вымагаць звароту доўга, але што будзе ў брата твайго, даруе рука твая.
Але жабрака не павінна быць у цябе, бо Госпад, Бог твой, будзе дабраслаўляць цябе ў зямлі, якую мае даць табе ва ўласнасць, каб ты ўзяў яе ў спадчыну,
Але жабрака не павінна быць у цябе, бо Госпад, Бог твой, будзе дабраславіць табе ў зямлі, якую дасьць на ўласнасьць, каб ты ўзяў яе ў спадчыну,
калі толькі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і пільнаваць кожнае прыказанне гэтае, якое сёння я табе загадваю.
калі толькі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і выконваць кожны загад гэты, якія сёньня я табе загадваю.
Бо Госпад, Бог твой, будзе дабраслаўляць цябе, як было абяцана. Ты будзеш даваць пазыку многім народам, а сам ні ў каго не бяры пазыкі; будзеш валадарыць над многімі народамі, а над табою ніхто не будзе панаваць.
Бо Госпад, Бог твой, будзе дабраславіць табе, як табе абяцаў. Будзеш пазычаць многім народам, а сам ня будзеш браць пазыкі; будзеш валадарыць над многімі народамі, а над табою ніхто ня будзе панаваць.
Калі адзін з братоў тваіх, якія жывуць у адным з гарадоў тваіх, у зямлі, якую мае даць табе Госпад, Бог твой, дайшоў да ўбогасці, не закамяні сэрца свайго і не сцісні руку,
Калі адзін з братоў тваіх, каторы пражывае ў адным з гарадоў тваіх, у зямлі, каторую дасьць табе Госпад, Бог твой, дайшоў да ўбогасьці, не зацьвярдзі сэрца свайго адносна яго і не сашчамі рукі сваёй перад убогім братам тваім,
але адкрый яе перад убогім братам сваім і дай пазыку такую, якая, на твой погляд, яму будзе патрэбная.
але адкрый яму руку сваю і шчодра дай яму пазыку, на колькі яму будзе патрэбная.
Сцеражыся, каб не падкралася да цябе нягодная думка: “Блізка сёмы год, год даравання”, каб не адводзіў ты вачэй сваіх ад убогага брата свайго, не жадаючы даць яму той пазыкі, якой ён патрабуе, каб той не прызываў Госпада супраць цябе ды каб не сталася гэта грахом.
Сьцеражыся, каб не зьявілася ў сэрцы тваім нягодная думка: «Блізка сёмы год, год дараваньня», каб ліхім вокам не глядзеў ты на ўбогага брата твайго і ня даў яму дапамогі, бо ён будзе прызываць Госпада супраць цябе, і ты абцяжарышся грэхам.
Але дай яму і хай не сумуе сэрца тваё, што трэба падтрымаць яго ў нястачы, бо праз гэта дабраславіць цябе Госпад, Бог твой, у кожнай справе тваёй ды ва ўсім, да чаго прыкладзеш ты рукі.
Але дай яму, колькі ён просіць, і хай не сумуе сэрца тваё, што даеш, бо за тое будзе дабраславіць табе Госпад, Бог твой, у кожнай справе і ў кожнай працы рук тваіх.
Будуць убогія ў зямлі пражывання твайго, дзеля таго я загадваю табе, каб ты адкрываў руку дзеля брата твайго, няшчаснага і ўбогага, які жыве з табою на зямлі тваёй.
Будуць убогія ў зямлі пражываньня твайго, дзеля таго я загадваю табе: Адкрывай руку сваю патрабуючаму і ўбогаму, які жыве з табою на зямлі.
Калі табе будзе прададзены брат твой, гебрай або гебрайка, і будзе служыць табе шэсць гадоў, то на сёмы год адпусці яго на волю.
Калі табе будзе прададзены брат твой, Гебрай або Гебрайка, хай будзе нявольнікам шэсьць гадоў. У сёмы год выпусьціш яго вольным ад сябе.
І не дапусці, каб той, каму ты даеш свабоду, пайшоў з пустымі рукамі.
Вызваляючы, не дасі яму адыйсьці з пустымі рукамі.
Але дай яму на дарогу штосьці з жывёлы тваёй, току твайго і тоўчні тваёй, якімі дабраславіў цябе Госпад, Бог твой.
Падаруеш яму штосьці з жывёлы тваёй, току твайго і тоўчні тваёй, якімі дабраславіў цябе Госпад, Бог твой.
Прыпомні сабе, што і ты сам быў нявольнікам у зямлі Егіпецкай, і вызваліў цябе Госпад, Бог твой; таму вось я цяпер загадваю табе гэта.
Прыпомні сабе, што і ты сам быў нявольнікам у зямлі Эгіпецкай, і высвабадзіў цябе Госпад, Бог твой; таму вось я цяпер загадваю табе гэта.
А ён, можа, скажа: “Я не хачу адыходзіць”, таму што любіць цябе, і дом твой, і добра сябе адчувае ў цябе.
А ён можа скажа: «Я не хачу адыходзіць, таму што люблю цябе і дом твой», бо добра яму ў цябе.
Тады вазьмі шыла і пракалі вуха яму пры дзвярах дома твайго, і будзе ён табе служыць заўсёды. Падобна зробіш і з нявольніцай.
Тады возьмеш шыла і праколеш вуха яму пры дзьвярах дому твайго, і будзе ён табе служыць заўсёды. Падобна зробіш і зь нявольніцай.
Хай не будзе табе прыкрым у вачах тваіх, што пускаеш яго на волю, бо ён адслужыў табе на працягу шасці гадоў столькі ж, колькі ты заплаціў бы найміту, і дабраславіць цябе Госпад, Бог твой, ва ўсіх справах, якія ты робіш.
Хай ня будзе табе прыкрым у вачах тваіх, што пускаеш яго свабодна ад цябе, бо служачы табе шэсьць гадоў, зрабіў табе падвойную плату найміта, а Госпад, Бог твой, будзе дабраславіць табе ва ўсім, што робіш.
Першародных мужчынскага роду, якія родзяцца ў кароў і авечак тваіх, маеш пасвяціць Госпаду, Богу твайму, не карыстайся ў працы першародным валом і не стрыжы першароднага з авечак.
Першародныя мужчынскага роду, каторыя родзяцца ў жывёлы і авец тваіх, маеш пасьвяціць Госпаду, Богу твайму, ня будзеш карыстацца ў працы першародным валом тваім і не стрыжы першароднага з авец.
Штогод перад абліччам Госпада, Бога твайго, у месцы, якое выбера Госпад, будзеш спажываць іх ты і сям’я твая.
Штогод на віду Госпада, Бога твайго, у месцы, якое выбярэ сабе Госпад, Бог твой, будзеш спажываць іх ты і сям'я твая.
Калі б мела яно якую загану, было кульгавае або сляпое, ці з іншай якой спракудай або немаччу, не складай такога ў ахвяру Госпаду, Богу твайму,
Калі б мела яно якую загану, будзе сьляпое, кульгавае або зь іншай якой спракудай, ня зложыш такога ў ахвяру Госпаду, Богу твайму,
а ў брамах тваіх спажывай яго. Чысты і нячысты чалавек можа есці іх, як сарну або аленя.
а ў брамах тваіх спажывеш іх. Чысты і нячысты чалавек можа есьці яго, як сарну або аленя.
Толькі крыві іх не еж, але, як ваду, вылівай на зямлю.
Толькі крыві іхняй ня еш, але, як ваду, вылі на зямлю.