Другі закон 29 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Гэткія вось словы запавету, які загадаў Госпад Майсею, каб заключыў з сынамі Ізраэля ў зямлі Мааба, апрача запавету, які заключыў з імі на Гарэбе.
 
Гэткія вось словы запавету, які загадаў Госпад Майсею заключыць з сынамі Ізраэля ў зямлі Маабу, апрача запавету, які заключыў зь імі на Гарэбе.

І склікаў Майсей увесь Ізраэль, і сказаў ім: «Вы бачылі ўсё, што ў зямлі Егіпецкай на вашых вачах зрабіў Госпад фараону, і ўсім паслугачам яго, і ўсёй зямлі яго,
 
І склікаў Майсей увесь Ізраэль, і сказаў ім: «Вы бачылі ўсё, што ў зямлі Эгіпецкай на вашых вачах зрабіў Госпад фараону і ўсім слугам ягоным, і ўсёй зямлі,

тыя вялікія плягі, якія бачылі вочы вашы, тыя знакі і цуды вялізныя,
 
тыя вялікія плягі, якія бачылі вочы вашыя, знакі і цуды вялікія,

ды не даў вам Госпад сэрца, што разумее, ды вачэй, якія бачаць, і вушэй, якія маглі б чуць, аж да сённяшняга дня.
 
ды ня даў вам Госпад сэрца разумеючага, вачэй бачачых і вушэй, каторыя маглі б чуць, аж да сягоньняшняга дня.

І вёў я вас сорак гадоў праз пустыню; не сцёрлася адзенне ваша, сандалі на нагах вашых ад старасці не знасіліся.
 
І вёў я вас сорак гадоў праз пустыню; ня сьцёрліся адзеньні вашыя, сандалы на нагах вашых ад старасьці не знасіліся.

Хлеба вы не елі, віна і сікеры не пілі, каб вы ведалі што Я — Госпад, Бог ваш.
 
Хлеба вы ня елі, віна і сікеры не пілі, каб вы ведалі, што Я — Госпад, Бог ваш.

І прыйшлі вы потым на гэтае месца, і Сэгон, цар Хесебона, і Ог, цар Басана, выступілі супраць вас вайною, і мы іх пабілі.
 
І прыйшлі вы потым на гэтае месца, і Сыгон, кароль Хешбону, і Ог, кароль Башану, выступілі супраць вас вайною, і мы іх пабілі.

І забралі мы іх зямлю, і аддалі яе ва ўласнасць пакаленням Рубэна і Гада і палове пакалення Манасы.
 
І забралі мы іхнюю зямлю, і аддалі яе на ўласнасьць пакаленьням Рубэна і Гада і палове пакаленьня Манасы.

Дык беражыце словы гэтага запавету і спаўняйце іх, каб мелі вы поспех ва ўсім, што робіце.
 
Дык захоўвавайце словы гэтага запавету і спаўняйце іх, каб мелі вы посьпех ва ўсім, што робіце.

Вы стаіце сёння ўсе ў прысутнасці Госпада, Бога вашага; князі вашы, кіраўнікі пакаленняў вашых, старэйшыны вашы, суддзі, таксама кожны ізраэлец,
 
Вы стаіцё сёньня ўсе ў прысутнасьці Госпада, Бога вашага; князі вашыя, начальнікі пакаленьняў вашых, старшыні вашыя, судзьдзі, таксама кожны Ізраэлец,

дзеці і жонкі вашы, і чужаземец твой, які з табой прабывае ў лагеры, пачынаючы ад дрывасекаў аж да тых, якія чэрпаюць ваду тваю,
 
дзеці і жонкі вашыя, і чужаземец твой, каторы з табой прабывае ў табары, пачынаючы ад дрывасекаў аж да тых, каторыя чэрпаюць ваду,

каб увайшоў ты, прычым пад прысягай, у запавет Госпада, Бога твайго, які сёння Госпад, Бог твой, заключыў з табою,
 
каб увайшоў ты ў запавет Госпада, Бога твайго, і прысягай запячтаў тое, што сёньня Госпад, Бог твой, заключыў з табою,

каб зрабіць цябе сёння Сваім народам і каб Ён быў тваім Богам, як сказаў табе і як прысягнуў бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу.
 
каб зрабіць цябе сягоньня Сваім народам, і каб Ён быў тваім Богам, як прырок табе і як запрысяг Ён бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу.

Не толькі з вамі аднымі заключаю я гэты запавет і зацвярджаю гэтай прысягай,
 
Ня толькі з вамі аднымі заключаю я гэты запавет і зацьвярджаю яго прысягай,

але з усімі тут прысутнымі разам з намі перад Госпадам, Богам нашым, і з тымі, каго сёння тут з намі няма.
 
але з усімі тут прысутнымі перад Госпадам, Богам нашым, і з тымі, каго сёньня тут няма.

Вы ж ведаеце, як мы жылі ў зямлі Егіпецкай і як ішлі між народамі, праз якія вы прайшлі.
 
Вы ж ведаеце, як мы жылі ў зямлі Эгіпцкай і як ішлі між народамі, празь якія вы прайшлі.

Бачылі вы брыдоты і ідалаў іх, дрэвы і камяні, срэбра і золата, якім яны пакланяліся.
 
Бачылі вы брыдоты і ідалы іхнія, дрэвы і камяні, серабро і золата, якім яны пакланяліся.

Хай не будзе часам паміж вас мужчыны або жанчыны, сям’і або пакалення, якога сэрца было б сёння адвернута ад Госпада, Бога вашага, каб ісці і служыць багам гэтых народаў, ды каб гэтак не знайшоўся паміж вас корань, які родзіць атруту і палын.
 
Хай ня будзе часам паміж вас мужчыны або жанчыны, сям'і або пакаленьня, каторага сэрца было б адвярнуўшыся ад Госпада, Бога вашага, каб ісьці і служыць багам гэтых народаў, ды каб гэтак не знайшоўся паміж вас корань, родзячы атруту і палын.

Калі б хто чуў словы гэтага праклёну і патураў сабе ў сэрцы сваім, кажучы: “Супакой мець буду, хоць буду жыць у крывадушнасці сэрца свайго,” — той сцягвае загубу на зямлю як абводненую, так і сухую.
 
Калі б хто чуў словы гэтага праклёну і патураў сабе ў сэрцы сваім, думаючы: «Супакой душы мець буду, хоць буду жыць у крывадушнасьці сэрца свайго,» той сьцягвае загубу на зямлю як наводненую, так і сухую.

Госпад не даруе яму, але тады тым больш узгарыцца гнеў Яго і лютасць супраць таго чалавека, і прыйдуць на яго ўсе праклёны, якія запісаны ў гэтым скрутку, і вынішчыць Госпад імя яго з-пад неба,
 
Госпад не даруе яму, але тады тым больш узгарыцца гнеў Ягоны і лютасьць супраць таго чалавека, і прыйдуць на яго ўсе праклёны, запісаныя ў гэтым скрутку, і выкрасьліць Госпад імя яго спад неба,

і аддзеліць яго на загубу з усіх пакаленняў Ізраэля, паводле ўсіх праклёнаў запавету, што запісаны ў гэтай кнізе закону.
 
і аддзеліць яго на загубу з усіх пакаленьняў Ізраэля, паводле ўсіх праклёнаў запавету, запісаных ў гэтай кнізе Закону.

Тады будучыя пакаленні, сыны вашы, якія народзяцца пасля вас, і прыхадні, якія прыбудуць здалёк, убачаць плягі гэтае зямлі і немачы, якімі будзе караць яе Госпад, і скажуць:
 
Тады будучыя пакаленьні, сыны вашыя, каторыя народзяцца пасьля вас, і здалёка прыйшоўшы чужынец убачаць плягі гэтае зямлі і немачы, якімі будзе караць яго Госпад, і скажуць:

“Серка, і соль, і пажарышча — уся яго зямля, так што не будзе яна больш засяваная і не зазелянее яна, як пасля загубы Садома і Гаморы, Адамы і Себаіма, якія Госпад знішчыў у гневе Сваім і раз’ятранасці”.
 
«Серка і соль, і пажарышча — уся яго зямля, так што ня будзе яна больш засяваная і не зазелянее яна, як пасьля загубы Садомы і Гаморы, Адмы і Цэбоіма, каторыя Госпад зьнішчыў у гневе Сваім і ярасьці».

Тады скажуць усе народы: “Чаму Госпад зрабіў так зямлі гэтай? Чаму такая бязмежная раз’ятранасць гневу?”
 
Тады скажуць усе народы: «Чаму Госпад зрабіў так зямлі гэтай? Чаму так страшна ўзгарэўся Яго гнеў?»

І адкажуць: “Бо пакінулі яны запавет Госпада, Бога бацькоў іх, які заключыў Ён з імі, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай,
 
І адкажуць: «Бо пакінулі яны запавет Госпада, Бога бацькоў іхніх, які заключыў Ён зь імі, калі вывеў іх зь зямлі Эгіпецкай,

і служылі яны багам чужым, і пакланяліся ім, тым, якіх не ведалі і якія не былі ім прызначаны,
 
і пайшлі, і служылі багам чужым, і пакланяліся ім, тым, каторых ня ведалі, і якіх Ён ім не прызначыў,

таму ўзгарэўся гнеў Госпада супраць гэтай зямлі, і навёў Ён на яе ўсе праклёны, якія ў гэтым скрутку запісаны.
 
таму ўзгарэўся гнеў Госпада супраць гэтай зямлі, і навёў Ён на яе ўсе праклёны, запісаныя ў гэтым скрутку.

І выгнаў Ён іх з зямлі іх у гневе, раз’ятранасці і абурэнні страшным, і выгнаў іх у зямлю чужую, як гэта сёння было пацверджана”».
 
І выгнаў Ён іх зь зямлі іхняй у гневе, ярасьці і абурэньні страшным, і выгнаў іх у зямлю чужую, як гэта ёсьць сёньня».

Скрытае належыць Госпаду, Богу нашаму, а адкрытае — нам і сынам нашым аж навек, каб спаўнялі мы ўсе словы гэтага закону.
 
Скрытае належыць Госпаду, Богу нашаму, а адкрытае — нам і сынам нашым аж навек, каб спаўнялі мы ўсе словы гэтага Закону.