Другі закон 21 разьдзел

Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Калі ў зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданьне, знойдзены будзе забіты, які ляжыць на полі, і невядома, хто забіў яго,
 
Калі ў зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой, будзе знойдзены труп чалавека забітага, і невядомы будзе забойца,

дык няхай выйдуць старэйшыны твае і судзьдзі твае і памераюць адлегласьць да гарадоў, якія вакол забітага;
 
то хай выйдуць старэйшыя родам і судзьдзі твае і адмераюць далёкасьць трупа ад гарадоў акружаючых.

і старэйшыны горада таго, які будзе найбліжэй да забітага, няхай возьмуць цялушку, на якой не працавалі, якая не насіла ярма,
 
Дык старшыні гораду, каторы будзе найбліжэй забітага, возьмуць цялушку, каторая яшчэ не працавала і не насіла ярма,

і няхай старэйшыны таго горада завядуць гэтую цялушку ў дзікую даліну, якая ня ўроблена і не засеяна, і заколюць там цялушку ў даліне;
 
і цялушку гэту прывядуць старшыні да ракі невысыхаючай і на месца неаранае і неабсеянае, і зломяць ёй карак каля рэчкі,

і прыйдуць сьвятары, сыны Лявііныя, — бо іх выбраў Гасподзь, Бог твой, служыць Яму, і дабраслаўляць імем Госпада, і паводле слова іхняга трэба рашыць усякую спрэчную справу і ўсякую прычыненую шкоду,
 
і тады прыйдуць сьвятары, сыны Левія, каторых выбраў Госпад, Бог твой, каб служылі Яму і дабраславілі ў імя Яго, і па іхнім слове павінна вырашацца ўсякая спрэчная справа і справа скалячэньня.

і ўсе старэйшыны горада таго, найбліжэйшыя да забітага, няхай абмыюць рукі свае над цялушкай, зарэзанай у даліне,
 
Усе старшыні гораду, каторы найбліжэй забітага, будуць мыць рукі свае над цялушкай, каторай карак зламалі ля рэчкі,

і абвесьцяць і скажуць: рукі нашыя не пралілі крыві гэтай, і вочы нашыя ня бачылі;
 
і скажуць яны: «Нашыя рукі ня вылілі гэтае крыві і вочы нашыя ня бачылі нічога.

ачысьці народ Твой, Ізраіля, які Ты, Госпадзе, вызваліў, і не залічы народу Твайму, Ізраілю, нявіннай крыві. І яны ачысьцяцца ад крыві.
 
Міласьцівы будзь народу Твайму, Ізраэлю, каторы адкупіў Ты, Госпадзе, і не палічы гэтае крыві нявіннай народу Твайму, Ізраэлю». І адпушчана будзе ім гэтая кроў.

Так павінен ты змываць у сябе кроў невінаватага, калі хочаш рабіць добрае і справядлівае прад вачыма Госпада.
 
Такім чынам змыеш нявінную кроў спаміж сябе і зробіш тое, што ёсьць справядлівым у вачах Госпада.

Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў тваіх, і Гасподзь, Бог твой, аддасьць іх у рукі твае, і возьмеш іх у палон,
 
Калі выступіш на вайну супраць ворагаў тваіх, і аддасьць іх Госпад, Бог твой, у рукі твае, і возьмеш палонных,

і ўбачыш сярод палонных жанчыну, прыгожую з твару, і пакахаеш яе, і захочаш узяць яе сабе за жонку,
 
і ўбачыш між палоннымі прыгожую жанчыну, і закахаешся ў яе, і захочаш зь ёю ажаніцца,

дык прывядзі яе ў дом свой, і няхай яна астрыжэ галаву сваю і абрэжа пазногці свае,
 
то ўвядзеш яе ў дом свой, яна абстрыжэ галаву і абрэжа пазногці свае,

і здыме зь сябе палоньніцкую вопратку сваю, і жыве ў доме тваім, і аплаквае бацьку свайго і маці сваю цэлы месяц; і пасьля таго ты можаш увайсьці да яе і зрабіцца яе мужам, і яна будзе тваёю жонкаю;
 
і скіне зь сябе адзеньне палоннай, і седзячы ў доме тваім будзе аплакваць бацьку і матку сваю адзін месяц. Потым увойдзеш да яе, і будзеш яе мужам, а яна будзе жонкай тваёй.

калі ж яна пасьля не спадабаецца табе, дык ты адпусьці яе, куды яна захоча, але не прадавай яе за срэбра і ня ўводзь яе ў рабства, бо ты ўпакорыў яе.
 
Калі яна табе перастане падабацца, адпусьціш яе куды захоча, не прадасі яе за серабро і ня ўчыніш зь ёй як зь нявольніцай, бо ты ўвайшоў да яе.

Калі ў каго будуць дзьве жонкі — адна любая, а другая нялюбая, і як любая, так і нялюбая народзяць яму сыноў, і першынцам будзе сын нялюбай, —
 
Калі які муж будзе мець дзьве жонкі, адну любімую, а другую нелюбімую, і яны народзяць яму сыноў, любімая і нелюбімая, і першародны будзе сын нелюбімай,

дык, пры падзеле сынам сваім маёмасьці сваёй, ён ня можа сыну жонкі любай аддаць першынства перад першародным сынам нялюбай;
 
то калі хацеў бы падзяліць спадчыну паміж сыноў сваіх, ня можа сына любімай зрабіць першародным, вывышаючы яго над сына нелюбімай,

а першынцам павінен прызнаць сына нялюбай і даць яму двайную долю з усяго, што ў яго знойдзецца, бо ён ёсьць пачатак сілы ягонай, яму належыць права першародства.
 
але сына нелюбімай прызнае першародным і дасьць яму з усяго, што мае, падвойную частку, бо ён ёсьць пачатак сілы ягонай, і яму належыцца права першародзтва.

Калі ў каго будзе сын упарты і непакорлівы, які ня слухаецца голасу бацькі свайго і голасу маці сваёй, і яны каралі яго, але ён ня слухаецца іх, —
 
Калі хто будзе мець сына непаслухмянага і ўпорыстага, які ня слухаў бы волі бацькі ані маткі сваёй, і хоць караны быў, але працівіўся ім,

дык бацька ягоны і маці ягоная няхай возьмуць яго і прывядуць яго да старэйшынаў горада свайго і да варотаў свайго жытла
 
дык хай возьмуць яго і прывядуць да старшыняў гораду свайго і да брамы гораду,

і скажуць старэйшынам горада свайго: «гэты сын наш упарты і непакорлівы, ня слухаецца слоў нашых, ласун і п’яніца»;
 
і скажуць ім: «Сын наш гэты непаслухмяны і ўпорысты, ня хоча ён слухаць нашых напамінаў, гардзіць імі, аддаецца распусьце і п'янству».

тады ўсе жыхары горада ягонага няхай паб’юць яго камянямі да сьмерці; і так вынішчы зло спасярод сябе, і ўсе Ізраільцяне пачуюць і збаяцца.
 
Тады мужчыны гораду ўкамянуюць яго да сьмерці, каб вынішчыць зло з асяродзьдзя вашага. І ўвесь Ізраэль, чуючы гэта, будзе баяцца.

Калі ў кім знойдзецца злачынства, вартае сьмерці, і ён будзе ўсьмерчаны, і ты павесіш яго на дрэве,
 
Калі хто дапусьціцца злачынства, каранага сьмерцю, і будзе ён забіты і павешаны на дрэве,

дык цела ягонае не павінна начаваць на дрэве, а пахавай яго таго ж самага дня, бо пракляты прад Богам павешаны на дрэве, але не апаганьвай зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку.
 
дык труп ягоны ня будзе вісець на дрэве, але ў той самы дзень няхай будзе пахаваны, бо пракляты Богам кожны, хто вісіць на дрэве. Ніколі не пагань зямлю сваю, якую даў табе на ўласнасьць Госпад, Бог твой.