Другі закон 21 разьдзел

Другі закон
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Як у зямлі, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе ў дзяржаньне, будзе знойдзены забіты, упалы на полю, і няма ведама, хто забіў яго;
 
Калі ў зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой, будзе знойдзены труп чалавека забітага, і невядомы будзе забойца,

То няхай выйдуць старцы твае а судзьдзі твае і памераюць аж да местаў, каторыя наўкола забітага;
 
то хай выйдуць старэйшыя родам і судзьдзі твае і адмераюць далёкасьць трупа ад гарадоў акружаючых.

І месцкія старцы места, найбліжшага да забітага, хай возьмуць цяліцу, каторай не рабілі, каторая не насіла йга;
 
Дык старшыні гораду, каторы будзе найбліжэй забітага, возьмуць цялушку, каторая яшчэ не працавала і не насіла ярма,

І хай спусьцяць старцы таго места тую цяліцу ў даліну; зь цякучай вадою, каторая ня ўроблена а не засеяна, і хай зломяць завыек там цяліцы ў даліне;
 
і цялушку гэту прывядуць старшыні да ракі невысыхаючай і на месца неаранае і неабсеянае, і зломяць ёй карак каля рэчкі,

І дабліжацца сьвятары, сынове Левавы, (бо іх абраў СПАДАР, Бог твой, служыць Яму й дабраславіць імям СПАДАРА, і подле словаў іхных хай будзе ўсялякая сьпярэчная справа й усялякае пабіцьце),
 
і тады прыйдуць сьвятары, сыны Левія, каторых выбраў Госпад, Бог твой, каб служылі Яму і дабраславілі ў імя Яго, і па іхнім слове павінна вырашацца ўсякая спрэчная справа і справа скалячэньня.

І ўсі старцы места таго, найбліжшыя да забітага, хай умыюць рукі свае над цяліцаю, каторай завыек зламілі ў даліне,
 
Усе старшыні гораду, каторы найбліжэй забітага, будуць мыць рукі свае над цялушкай, каторай карак зламалі ля рэчкі,

І асьветчаць, і скажуць: "Рукі нашыя не разьлілі крыві гэтае, і вочы нашы ня бачылі;
 
і скажуць яны: «Нашыя рукі ня вылілі гэтае крыві і вочы нашыя ня бачылі нічога.

Залашчся над людам Сваім Ізраелям, каторы Ты выкупіў, СПАДАРУ, і ня дай віны крыві нявіннай пасярод люду Свайго Ізраеля". І даравана ім кроў гэта.
 
Міласьцівы будзь народу Твайму, Ізраэлю, каторы адкупіў Ты, Госпадзе, і не палічы гэтае крыві нявіннай народу Твайму, Ізраэлю». І адпушчана будзе ім гэтая кроў.

А ты выкараніш із нутра свайго кроў нявіннага, калі зробіш справядлівае перад ачыма СПАДАРА.
 
Такім чынам змыеш нявінную кроў спаміж сябе і зробіш тое, што ёсьць справядлівым у вачах Госпада.

Як выйдзеш на вайну супроці варагоў сваіх, і аддасьць яго СПАДАР, Бог твой, у рукі твае, і возьмеш яго ў палон,
 
Калі выступіш на вайну супраць ворагаў тваіх, і аддасьць іх Госпад, Бог твой, у рукі твае, і возьмеш палонных,

І абачыш памеж палоненых пазорную жонку, і пажадаеш яе, і возьмеш яе сабе за жонку;
 
і ўбачыш між палоннымі прыгожую жанчыну, і закахаешся ў яе, і захочаш зь ёю ажаніцца,

Дык прывядзі яе да дому свайго, і хай яна аголе галаву сваю, і ўпарадкуе ногці свае,
 
то ўвядзеш яе ў дом свой, яна абстрыжэ галаву і абрэжа пазногці свае,

І хай здыйме ізь сябе палоненіцкую адзежу сваю, і хай жывець у доме тваім, і плача па айцу сваім а па маці сваёй месяц; і просьле гэтага ты можаш увыйсьці да яе й стаць яе мужам, і яна будзе тваёй жонкаю.
 
і скіне зь сябе адзеньне палоннай, і седзячы ў доме тваім будзе аплакваць бацьку і матку сваю адзін месяц. Потым увойдзеш да яе, і будзеш яе мужам, а яна будзе жонкай тваёй.

Калі ж пасьлей не захочаш яе, то адпусьці яе, подле жаданьня душы ейнае, але ніяк не прадавай яе за срэбра і ня зьдзекуйся зь яе, бо ты паніжыў яе.
 
Калі яна табе перастане падабацца, адпусьціш яе куды захоча, не прадасі яе за серабро і ня ўчыніш зь ёй як зь нявольніцай, бо ты ўвайшоў да яе.

Калі ў каго будуць дзьве жонкі, адна любая, а другая ненавісная, і народзяць яму сыноў, як любая, так і ненавісная, і пяршак будзе сын ненавіснай;
 
Калі які муж будзе мець дзьве жонкі, адну любімую, а другую нелюбімую, і яны народзяць яму сыноў, любімая і нелюбімая, і першародны будзе сын нелюбімай,

То, у дзень падзелу сыном сваім меньня свайго, ён ня можа абраць сына любае за першака перад першародным сынам ненавіснае;
 
то калі хацеў бы падзяліць спадчыну паміж сыноў сваіх, ня можа сына любімай зрабіць першародным, вывышаючы яго над сына нелюбімай,

Але першака, сына ненавіснае, хай прызнае, каб даць яму падвойную дзель з усёга, што ў яго знойдзецца; бо ён пачатак сілы, у яго права першака.
 
але сына нелюбімай прызнае першародным і дасьць яму з усяго, што мае, падвойную частку, бо ён ёсьць пачатак сілы ягонай, і яму належыцца права першародзтва.

Калі ў каго будзе сын упорлівы а праціўны, што ня слухае голасу айца свайго а голасу маці свае, і яны каралі яго, але ён ня слухае іх;
 
Калі хто будзе мець сына непаслухмянага і ўпорыстага, які ня слухаў бы волі бацькі ані маткі сваёй, і хоць караны быў, але працівіўся ім,

Дык хай схопяць яго ацец ягоны а маці ягоная і вывядуць яго да старцоў места ягонага і да брамы месца ягонага,
 
дык хай возьмуць яго і прывядуць да старшыняў гораду свайго і да брамы гораду,

І скажуць старцом места ягонага: "Гэты сын наш упорлівы а праціўны, ня слухае голасу нашага, жарло а п’яніца";
 
і скажуць ім: «Сын наш гэты непаслухмяны і ўпорысты, ня хоча ён слухаць нашых напамінаў, гардзіць імі, аддаецца распусьце і п'янству».

І ўкамянуюць яго ўсі жыхары места ягонага, і памрэць; і выкарані ліха з пасярод сябе, і ўвесь Ізраель пачуюць а пабаяцца.
 
Тады мужчыны гораду ўкамянуюць яго да сьмерці, каб вынішчыць зло з асяродзьдзя вашага. І ўвесь Ізраэль, чуючы гэта, будзе баяцца.

І калі ў кім будзе грэх, варты сьмерці, і яму будзе зроблена сьмерць, і ты засіліш яго на дзерве;
 
Калі хто дапусьціцца злачынства, каранага сьмерцю, і будзе ён забіты і павешаны на дрэве,

То цела ягонае ня мае начаваць на дзерве, але пахавай, пахавай таго ж дня яго; бо пракляты перад Богам засілены, і ня плюгаў зямлі свае, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе на спадак.
 
дык труп ягоны ня будзе вісець на дрэве, але ў той самы дзень няхай будзе пахаваны, бо пракляты Богам кожны, хто вісіць на дрэве. Ніколі не пагань зямлю сваю, якую даў табе на ўласнасьць Госпад, Бог твой.