Другі закон 31 разьдзел

Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І пайшоў Майсей, і гаварыў словы гэтыя ўсім сынам Ізраіля,
 
Гэтымі яшчэ словамі прамовіў Майсей да ўсяго Ізраэля:

і сказаў ім: цяпер мне сто дваццаць гадоў, я не магу ўжо выходзіць і ўваходзіць, і Гасподзь сказаў мне: «ты не пяройдзеш Ярдан гэты»;
 
«Маю ўжо сёньня сто дваццаць гадоў. Не магу больш хадзіць, і Госпад сказаў мне: «Не пяройдзеш ты Ярдан гэты».

Гасподзь, Бог твой, Сам пойдзе перад табою; Ён зьнішчыць народы гэтыя ад аблічча твайго, і ты авалодаеш імі; Ісус пойдзе перад табою, як казаў Гасподзь;
 
Госпад, Бог твой, Сам пойдзе перад табою; Ён зьнішчыць гэтыя народы на віду ў цябе, і ты завалодаеш імі, і Ешуа пойдзе перад табою, як сказаў Госпад.

і ўчыніць Гасподзь зь імі так, як Ён учыніў зь Сігонам і Огам, царамі Амарэйскімі, і зь зямлёю іхняю, якіх Ён зьнішчыў;
 
І зробіць ім Госпад, як зрабіў Сыгону і Огу, каралям Амарэйцаў, і зямлі іхняй, зьнішчыўшы іх.

і аддасьць іх Гасподзь вам, і вы зробіце зь імі паводле ўсіх запаведзяў, якія наказаў я вам;
 
І выдасьць Госпад іх вам, і зробіце вы зь імі паводле ўсіх прыказаньняў, якія я загадаў вам.

будзьце цьвёрдыя і мужныя, ня бойцеся, і не палохайцеся іх, бо Гасподзь, Бог твой, Сам пойдзе з табою, не адступіць ад цябе і не пакіне цябе.
 
Дзейнічайце мужна і будзьце адважнымі, ня бойцеся і не палохайцеся іх, бо Госпад, Бог твой, ёсьць правадыром тваім, Ён не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе».

І паклікаў Майсей Ісуса і перад вачыма ўсіх Ізраільцянаў сказаў яму: будзь цьвёрды і мужны, бо ты ўвойдзеш з народам гэтым у зямлю, даць якую яму Гасподзь запрысягаўся бацькам ягоным, і ты падзеліш яе на дзялянкі яму;
 
Потым паклікаў Майсей Ешуа і сказаў яму перад усім Ізраэлем: «Будзь мужным і моцным, бо ты ўвядзеш народ гэты ў зямлю, якую запрысяг Госпад бацькам іхнім даць яе, і ты яе падзеліш жэрабем.

Гасподзь Сам пойдзе перад табою, Сам будзе з табою, не адступіцца ад цябе і не пакіне цябе; ня бойся і не жахайся.
 
А Госпад, Які ёсьць правадыром тваім, Сам будзе з табою, не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе, дык ня бойся і не трывожся».

І напісаў Майсей закон гэты і аддаў яго сьвятарам сынам Лявііным, якія носяць каўчэг запавету Гасподняга, і ўсім старэйшынам сыноў Ізраілевых.
 
І напісаў Майсей Закон гэты і перадаў яго сьвятарам, сынам Левія, каторыя насілі каўчэг запавету Госпада, і ўсім старшыням Ізраэля.

І наказаў ім Майсей і сказаў: як пройдзе сем гадоў, у год адпусту, у сьвята кучак,
 
І загадаў ім Майсей, кажучы: «Па сямі гадах, у год адпушчэньня даўгоў, у сьвята Палатак,

калі ўвесь Ізраіль прыйдзе зьявіцца прад аблічча Госпада, Бога твайго, на месца, якое выбера Гасподзь, чытай гэты закон перад усім Ізраілем у слых ягоны;
 
калі ўвесь Ізраэль прыйдзе на від Госпада, Бога твайго, у месцы, якое выбярэ Госпад, перачытаеш словы гэтага Закону ўголас перад усім Ізраэлем, каб чулі ўсе.

зьбяры народ, мужчын і жанчын і дзяцей і прыхадняў тваіх, якія будуць у селішчах тваіх, каб яны слухалі і вучыліся і каб баяліся Госпада, Бога вашага, і стараліся выконваць усе словы закона гэтага;
 
Зьбяры ўвесь народ, мужчынаў і жанчынаў, дзяцей і чужынцаў, каторыя пражываюць з табой, каб яны шукалі і вучыліся баяцца Госпада, Бога вашага, і бераглі, і спаўнялі ўсе словы гэтага Закону.

і сыны іхнія, якія ня ведаюць гэтага, пачуюць і навучацца баяцца Госпада, Бога вашага, ва ўсе дні, пакуль вы жыцьмеце на зямлі, у якую вы пераходзіце за Ярдан, каб авалодаць ёю.
 
Таксама сыны іхнія, каторыя яшчэ ня ведаюць гэтага, хай слухаюць і вучацца баяцца Госпада, Бога вашага, усе дні, як доўга будзеце жыць на зямлі, якую вы, перайшоўшы Ярдан, ідзіцё атрымаць на ўласнасьць».

І сказаў Гасподзь Майсею: вось, дні твае наблізіліся да сьмерці; пакліч Ісуса і станьце каля ўваходу ў скінію сходу, і Я дам яму настаўленьні. І прыйшоў Майсей і Ісус, і сталі каля ўваходу ў скінію сходу.
 
І сказаў Госпад Майсею: «Вось жа набліжаецца дзень сьмерці тваёй. Пакліч Ешуа і станьце ў Палатцы Сустрэчы, і Я дам яму даручэньні». Дык Майсей і Ешуа пайшлі і сталі ў Палатцы Сустрэчы.

І зьявіўся Гасподзь у скінію ў слупе воблачным, і стаў слуп воблачны каля ўваходу ў скінію.
 
І Госпад аб'явіўся там у воблачным стаўбе, які стаяў ля ўваходу ў палатку.

І сказаў Гасподзь Майсею: вось, ты спачнеш з бацькамі тваімі, і пачне народ гэты аблудна хадзіць сьледам за чужымі багамі той зямлі, у якую ён уступае, і пакіне Мяне, і парушыць запавет Мой, які я пастанавіў зь ім;
 
І сказаў Госпад Майсею: «Вось жа ты засьнеш з бацькамі сваімі, а народ гэты паўстане, каб распуставаць з чужымі багамі гэтай зямлі, у каторую ўвойдзе; і пакінуць яны Мяне, і парушаць запавет, які Я заключыў зь імі.

і запаліцца гнеў Мой на яго ў той дзень, і Я пакіну іх і схаваю аблічча Маё ад іх, і ён зьнішчаны будзе, і дастануць яго многія бядоты і скрухі, і скажа ён у той дзень: «ці не таму спасьціглі мяне гэтыя бядоты, што няма Бога майго, сярод мяне?»
 
І ўзгарыцца гнеў Мой супраць яго ў той дзень, і пакіну Я іх, і схаваю аблічча Маё ад іх, і будзе ён на загубу; прыйдуць на яго многія беды і ўціскі, так што скажа ён у той дзень: «За тое, што няма Бога са мной, нахлынулі гэтыя беды на мяне».

І Я схаваю аблічча Маё ў той дзень за ўсе беззаконьні ягоныя, якія ён учыніць, павярнуўшыся да іншых багоў.
 
Я вось схаваю і не пакажу аблічча Майго ў той дзень дзеля ўсіх злачынстваў, якіх ён дапусьціўся, бо пайшоў ён за багамі чужымі.

Дык вось, напішэце сабе словы песьні гэтай, і навучы ёй сыноў Ізраілевых, і ўкладзі іх у вусны іхнія, каб песьня гэтая была Мне сьведчаньнем на сыноў Ізраілевых;
 
Запішыце цяпер сабе гэты гімн. Навучы яму сыноў Ізраэля, каб быў ён на вуснах іх, і гэтая песьня будзе Мне сьведкаю супраць сыноў Ізраэля.

бо Я ўвяду іх у зямлю добрую, як Я прысягаўся бацькам іхнім, дзе цячэ малако і мёд, і яны будуць есьці і наядацца, і атлусьцеюць, і павернуцца да іншых багоў, і слугавацьмуць ім, а Мяне адкінуць і парушаць запавет Мой;
 
Бо Я ўвяду яго ў зямлю, якую запрысяг Я бацькам яго, аплываючую ў малако і мёд. І будзе ён есьці, і наесца да сытасьці, у сытасьці павернецца да чужых багоў, і будзе служыць ім, а Мною ўзгардзіць і разарве запавет Мой.

і калі спасьцігнуць іх многія бядоты і скрухі, тады песьня гэтая будзе супроць іх сьведчыць, бо яна ня выйдзе з вуснаў нашчадкаў іхніх. Я ведаю думкі іхнія, якія яны маюць сёньня, раней чым Я ўвёў іх у зямлю, за якую Я прысягаўся.
 
А калі наведаюць яго многія беды і крыўды, гэтая песьня будзе сьведчыць супраць яго, бо вусны патомкаў яго яе не забудуцца. Я бо ведаю думкі ягоныя, што ён робіць сягоньня, перш, чым увяду яго ў зямлю, каторую абяцаў яму».

І напісаў Майсей песьню гэтую ў той дзень і навучыў ён сыноў Ізраілевых.
 
Дык запісаў Майсей гэтую песьню ў той дзень і навучыў яе сыноў Ізраэля.

І наказаў Гасподзь Ісусу, сыну Нава, і сказаў: будзь цьвёрды і мужны, бо ты ўвядзеш сыноў Ізраілевых у зямлю, за якую Я прысягаў ім, і Я буду з табою.
 
А Госпад загадаў Ешуу, сыну Нуна, кажучы: «Будзь мужным і моцным, бо ты ўвядзеш сыноў Ізраэля ў зямлю, якую Я абяцаў ім, а Я буду з табою».

Калі Майсей упісаў у кнігу ўсе словы закона гэтага да канца,
 
Дык калі Майсей закончыў пісаць словы гэтага Закону ў кнізе,

тады Майсей загадаў лявітам, якія носяць каўчэг запавету Гасподняга, сказаўшы:
 
то загадаў левітам, каторыя насілі каўчэг запавету Госпада, кажучы:

вазьмеце гэтую кнігу закона і пакладзеце яе праваруч каўчэга запавету Госпада, Бога вашага, і яна табе будзе сьведчаньнем супроць цябе;
 
«Вазьміце гэтую кнігу Закону і ўлажыце яе побач каўчэгу запавету Госпада, Бога вашага, каб была яна сьведкам супраць цябе.

бо я ведаю ўпартасьць тваю і цьвёрдахрыбетнасьць тваю: вось і цяпер, калі я жыву з вамі сёньня, вы ўпартыя прад Госпадам; ці ж ня тым болей пасьля сьмерці маёй?
 
Я вось знаю ўпартасьць тваю і цьвёрды твой карак. Вось і зараз, калі жыву з вамі, заўсёды вы былі ўпартыя адносна Госпада, а тым больш па сьмерці маёй.

зьбярэце да мяне ўсіх старэйшынаў плямёнаў вашых і наглядчыкаў вашых, і я скажу ў слых іхні словы гэтыя і паклічу ў сьведчаньне на іх неба і зямлю;
 
Зьбярыце да мяне ўсіх старшыняў пакаленьняў вашых, а таксама начальнікаў вашых, каб сказаць мне ў вушы іхнія словы гэтыя і паклікаць супраць іх неба і зямлю на сьведкаў.

бо я ведаю, што пасьля сьмерці маёй вы разбэсьціцеся і ўхіліцеся ад дарогі, якую я наказваў вам, і з часам спасьцігнуць вас бядоты за тое, што вы будзеце рабіць ліхату прад вачыма Госпада, раздражняючы Яго дзеямі рук сваіх.
 
Бо я ведаю, што пасьля маёй сьмерці ліхоту чыніць будзеце і адвернецеся ад дарогі, якую я вам загадаў, і напаткаюць вас у апошнія часы няшчасьці, калі дапусьціцеся ліхоцьця на віду Госпада і разгневаеце Яго ўчынкамі рук вашых».

І прамовіў Майсей у слых усяму сходу Ізраільцянаў словы песьні гэтай да канца:
 
Дык прамаўляў Майсей да ўсяго сабраўшагася Ізраэля словы гэтай песьні аж да канца: