Амоса 9 разьдзел

Кніга прарока Амоса
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Бачыў я Госпада, Які стаяіць над ахвярнікам, і Ён сказаў: «Стукні ў вершнікі, і хай захістаюцца бэлькі; разбі іх усе на галовах, і апошняга з іх Я заб’ю мечам; не ўцячэ з іх уцякач, ды не ўратуецца прысутны пры гэтым.
 

Хоць бы сышлі яны ў апраметную, адтуль выведзе іх Мая рука; а калі б падняліся аж у неба, адтуль сцягну іх.
 

І калі б схаваліся на вяршыні Кармэля, там вышукаю і забяру іх. Ды калі б скрыліся ад вачэй Маіх у глыбіні мора, там загадаю змею, і ён укусіць іх.
 

Калі б пайшлі ў палон перад сваімі ворагамі, і там загадаю мечу, і пазабівае іх, накірую вочы Свае на іх на бяду, а не на дабро».
 

І Госпад, Бог Магуццяў, — Той, Які дакранецца да зямлі, і яна пачне таяць. І залямантуюць усе жыхары яе, і падымецца ўся яна, як плынь, ды ападзе, як ручай Егіпецкі.
 

Ён будуе на нябёсах палацы Свае, і скляпенне Сваё асноўвае на зямлі; Ён прызывае воды марскія і вылівае іх на паверхні зямлі; Госпад — імя Яго.
 

«Ці ж вы, сыны Ізраэля, не такія Мне, як сыны этыёпцы? — кажа Госпад. — Ці ж не Я вывеў Ізраэля з зямлі Егіпецкай і філістынцаў — з Кафтора, і сірыйцаў — з Кіра?
 

Вось жа, вочы Госпада Бога на грэшнае царства, і Я сатру яго з аблічча зямлі, і ўсе ж такі не сатру зусім дому Якуба, — кажа Госпад. —
 

Бо Я, вось, загадаю і расцярушу дом Ізраэля паміж усіх народаў, як рассыпаецца зерне ў рэшаце, і ніводнае зерне не ўпадзе на зямлю.
 

Ад меча пагінуць усе грэшнікі з Майго народа, тыя, што кажуць: “Не наблізіцца і не прыйдзе на нас гэтая бяда!”
 

У той дзень Я адбудую палатку Давіда, якая ўпала, запраўлю трэшчыны ў ёй, і тое, што развалена, — аднаўлю ды адбудую яе, як у ранейшыя дні,
 

каб яны атрымалі ў спадчыну рэшту Эдома і ўсе народы, над якімі прызывана імя Маё, — кажа Госпад, Які зробіць гэта.
 

Вось жа, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — калі аратай захопіць жняца, а таптальшчык вінаграду — сейбіта, а горы будуць цячы вінаградным сокам, ды ўсе ўзгоркі цячы будуць.
 

Вярну з палону народ Мой ізраэльскі; і адбудуюць яны зруйнаваныя гарады, і абжывуцца ў іх, і будуць закладаць вінаграднікі, і будуць піць віно з іх, і вырасцяць сады, і будуць есці плады з іх.
 

І пасаджу іх на іх зямлі, ды ніколі не будуць вырваны з зямлі сваёй, якую Я ім даў», — кажа Госпад, Бог твой.