Захарыі 6 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І зноў падняў я вочы свае і паглядзеў, і вось, чатыры калясніцы, выходзячыя з паміж дзвюх гор; і горы былі медныя.
 

У першай калясніцы коні рыжыя, і ў другой калясніцы — коні вараныя,
 

і ў трэцяй калясніцы — коні белыя, і ў чацвёртай калясніцы — коні розных масцей.
 

І адказаў я, і запытаўся я ў анёла, які гаварыў да мяне: «Што гэта такое, гаспадару мой?»
 

Ды прагаварыў да мяне анёл і сказаў: «Гэта выходзяць чатыры вятры нябесныя, якія стаялі перад Валадаром усёй зямлі».
 

Вараныя коні былі на ёй, выходзілі ў зямлю паўночную, і за імі белыя пабеглі, і коні розных масцей выйшлі на поўдзень.
 

І дужыя коні выйшлі, і імкнуліся бегчы, каб аббегчы зямлю. І ён сказаў: «Ідзіце, абыходзьце зямлю». І яны абышлі зямлю.
 

І паклікаў Ён мяне, і прамовіў да мяне гэтыя словы: «Вось, яны бягуць у зямлю паўночную, і яны супакояць Дух Мой у зямлі паўночнай».
 

І прамовіў да мяне Госпад, кажучы:
 

«Вазьмі ад тых, якія з палону: ад Галдая, і ад Тобіі, і ад Ядаі дары, і пайдзі ў той дзень, і пайдзі ў дом Осіі, сына Сафоніі, якія прыбылі з Бабілона.
 

І вазьмі срэбра і золата, і зрабі вянец, і ўскладзі на галаву Ісуса, сына Ёсэдэка, першасвятара,
 

і кажы яму так: гэта кажа Госпад Магуццяў, прамаўляючы: “Вось чалавек, Гэрман імя яму: і на месцы яго штосьці вырасце, і пабудуе святыню Госпада.
 

І ён пабудуе святыню, і набудзе славу, і засядзе, і будзе валадарыць на сваім пасадзе; і будзе святаром па правіцы яго, і рашэннем супакою будзе паміж імі абодвума.
 

І вянец хай будзе ў святыні Госпада памяткай для Гэлэма, і Тобіі, і Ядаі, і для Гэна, сына Сафоніі.
 

І з далёкіх краёў прыбудуць людзі, і пабудуюць святыню Госпада; і вы пазнаеце, што Госпад Магуццяў паслаў Мяне да вас, а будзе гэта, калі будзеце слухаць голас Госпада, Бога вашага”».