Да Габрэяў 6 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Дзеля таго, пакінуўшы пачаткі слова Хрыстова, пяройдзем да спраў больш дасканалых, не беручыся зноў закладваць падмуркі адносна навяртання ад мёртвых учынкаў і адносна веры ў Бога,
 

навукі аб хросце, а таксама ўскладанні рук, уваскрэсенні мёртвых і вечным судзе.
 

І гэта зробім, калі Бог дазволіць.
 

Бо немагчыма, каб тыя, што ўжо раз былі асвечаны, што таксама пакаштавалі дару нябеснага ды сталіся ўдзельнікамі Духа Святога,
 

якія пакаштавалі добрага Божага слова і магутнасць будучага веку
 

ды адпалі, крыжуючы зноў у саміх сабе Сына Божага і зневажаючы Яго, маглі быць адноўлены да навяртання.
 

Бо зямля, што напойваецца частым дажджом і родзіць расліны на карысць тым, якія апрацоўваюць яе, атрымлівае дабраславенне ад Бога.
 

А калі родзіць церні і пустазелле, дык яна непрыдатная і блізкая да праклёну, і канец яе — спаленне.
 

Спадзяёмся адносна вас, найдаражэйшыя, што вы лепшыя і трымаецеся збаўлення, хоць мы і гаворым гэтак.
 

Бо Бог справядлівы і не забудзе ўчынкаў вашых і працу любові, якую выказалі вы дзеля імя Яго, вы, якія паслугавалі і паслугуеце святым.
 

Жадаем, каб кожны з вас выявіў такую ж руплівасць ва ўдасканаленні надзеі аж да канца,
 

каб не сталіся вы лянівымі, але сапраўднымі паслядоўнікамі тых, якія вераю і доўгацярплівасцю бяруць у спадчыну абяцанне.
 

Бо Бог, даючы абяцанне Абрагаму, не маючы нікога вышэйшага, каб мог ім прысягнуць, прысягнуў Самім Сабою,
 

сапраўды кажучы: «Дабраслаўляючы, дабраслаўлю цябе і, памнажаючы, памножу цябе».
 

І так, доўгі час чакаючы, атрымаў абяцанае.
 

Бо людзі вышэйшым ад сябе прысягаюць, і кожная спрэчка між імі канчаецца прысягаю на сцвярджэнне.
 

Дзеля таго і Бог, хочучы для спадкаемцаў абяцання больш выявіць непарушнасць Свайго намеру, скарыстаўся прысягай,
 

каб праз дзве нязменныя рэчы, у якіх немагчыма, каб Бог казаў няпраўду, мелі мы моцную ўцеху, мы, што збягаемся, каб узяць дадзеную нам надзею,
 

якую маем як якар душы, бяспечны і пэўны, які пранікае ва ўнутранае аж за заслону,
 

куды за нас як папярэднік увайшоў Ісус, на ўзор Мэльхісэдэха стаўшыся Першасвятаром навек.