Выхад 38 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Цяпінскага

 
 

Зрабіў ён і ахвярнік цэласпалення з дрэва акацыі, пяць локцяў даўжыні, і пяць локцяў у шырыню, і тры локці ў вышыню,
 

рогі якога выходзілі з вуглоў; і пакрыў яго меднымі пласцінамі.
 

І зрабіў з медзі ўсе прыналежнасці да ахвярніка: папяльніцы, гаршкі, лапаткі, крапільніцы, вілкі і кадзільніцы.
 

І зрабіў медныя краты для яго накшталт сеткі пад край ахвярніка знізу аж да сярэдзіны яго,
 

зрабіўшы чатыры кольцы на такую ж колькасць краёў кратаў для прасоўвання жэрдак, каб несці ахвярнік.
 

І зрабіў іх саміх з дрэва акацыі, і пакрыў меднымі пласцінамі;
 

і прасунуў у кольцы, што выступалі з бакоў ахвярніка. Сам жа ахвярнік быў пусты, зроблены з дошак, полы ўнутры, а не суцэльны.
 

Зрабіў і таз медны з падножжам яго з люстэрак жанчын, якія служылі пры ўваходзе ў палатку сустрэчы.
 

Зрабіў і панадворак, на паўднёвым баку якога былі заслоны з кручанага вісону даўжынёю ў сто локцяў;
 

дваццаць слупоў медных з падножжамі іх; аплікі слупоў і кольцы іх — срэбраныя.
 

Таксама на паўночным баку былі заслоны, слупы і падножжы, аплікі і кольцы пры слупах тых жа памеру, работы і металу.
 

А на тым баку, які глядзіць на захад, былі заслоны пяцьдзесят локцяў у шырыню, дзесяць слупоў з іх падножжамі; і аплікі слупоў і кольцы іх — срэбраныя.
 

У сваю чаргу ён падрыхтаваў для ўсходняга боку заслоны пяцьдзесят локцяў шырыні,
 

з якіх адзін бок меў заслоны ў пятнаццаць локцяў і тры слупы і столькі ж падножжаў;
 

а з другога боку — бо ён зрабіў выхад з палаткі з абодвух бакоў — заслоны былі таксама ў пятнаццаць локцяў, і тры слупы і столькі ж падножжаў.
 

Усе заслоны панадворка кругом ён выткаў з кручанага вісону.
 

Падножжы слупоў былі з медзі, аплікі ж іх і кольцы іх срэбраныя, і вяршыні іх ён пакрыў срэбрам, і ўсе слупы панадворка абклаў ён срэбранымі кольцамі.
 

Зрабіў заслону ля ўваходу ў панадворак з гіяцынту і пурпуру, чырвані і кручанага вісону залататканай работы; і мела яна дваццаць локцяў у шырыню і пяць локцяў у вышыню згодна з памерам, які мелі ўсе заслоны панадворка.
 

І было чатыры слупы ля ўваходу з меднымі падножжамі і срэбранымі аплікамі; і вяршыні, і кольцы іх ён пакрыў срэбрам.
 

Таксама зрабіў ён калкі скініі і калкі панадворка з медзі.
 

Вось падрахунак выдаткаў на скінію, на скінію сведчання, які быў зроблены па загадзе Майсея з дапамогаю левітаў пад наглядам Ітамара, сына Аарона святара.
 

А Бесэлеэль, сын Ура, сына Гура з пакалення Юды, выканаў усё, што загадаў Госпад Майсею, узяўшы сабе
 

памочнікам Агаліяба, сына Ахісамаха з пакалення Дана, майстра, ткача-адамашніка, вышывальшчыка па гіяцынце і пурпуры, чырвані і вісоне.
 

Усяго золата, што было ўзважана для работы над святыняй і што было прынесена ў дарах, было дваццаць дзевяць талентаў і семсот трыццаць сікляў па вазе сікля святога.
 

Срэбра ж ад тых, хто быў запісаны ў грамадзе, было сто талентаў і тысяча семсот семдзесят пяць сікляў паводле памераў сікля святога.
 

Адну бэку, гэта значыць паўсікля паводле памеру сікля святога, даў кожны, хто падпаў пад спіс, пачынаючы ад дваццаці гадоў і вышэй, ад шасцісот трох тысяч пяцісот пяцідзесяці мужчын.
 

Сто талентаў срэбра было скарыстана на адліццё падножжаў святыні, і падножжаў ля пакрывалаў; было адлічана па адным таленце на адно падножжа.
 

А з тысячы семісот сямідзесяці пяці сікляў ён зрабіў аплікі да слупоў і пакрыў іх вяршыні, і абклаў іх срэбрам.
 

Таксама медзі было прынесена семдзесят талентаў і дзве тысячы чатырыста сікляў, з якіх ён
 

зрабіў падножжы для ўваходу ў палатку сустрэчы і медны ахвярнік з яго кратамі і ўсімі пасудзінамі, што служаць яму,
 

і падножжы панадворка, як вакол яго, так і для ўваходу, і ўсе калкі скініі і панадворка кругом.