2 царстваў 5 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка

 
 

І прыйшлі ўсе пакаленні Ізраэля да Давіда ў Геброн, кажучы: «Вось, мы — косць твая і цела тваё.
 

Але і ўчора, і заўчора, калі Саўл быў царом над намі, ты выводзіў і прыводзіў назад Ізраэль. І Госпад сказаў табе: “Ты будзеш пасвіць народ Мой, Ізраэль, і ты будзеш кіраўніком над Ізраэлем”».
 

І сабраліся таксама да цара ў Геброн ўсе старэйшыны Ізраэля, і цар Давід заключыў з імі запавет перад Госпадам у Геброне; і намасцілі Давіда на цара над Ізраэлем.
 

Трыццаць гадоў меў Давід, калі пачаў цараваць, і сорак гадоў быў царом;
 

у Геброне над Юдай цараваў ён сем гадоў і шэсць месяцаў, а ў Ерузаліме цараваў трыццаць тры гады над усім Ізраэлем і над Юдай.
 

Цар і ўсе людзі, якія былі з ім, вырушылі ў Ерузалім супраць евусеяў, жыхароў той зямлі. Тыя сказалі Давіду: «Не ўвойдзеш ты сюды, бо выганяць цябе сляпыя і кульгавыя», гэта значыла: «Не ўвойдзе сюды Давід».
 

Давід, аднак, здабыў крэпасць Сіён: ён стаў горадам Давідавым.
 

Бо сказаў Давід у той дзень: «Кожны, хто забівае евусеяў, хай кідае ў рачны канал кульгавых і сляпых, ненавісных для душы Давіда». Таму гаворыцца ў прыказцы: «Сляпы і кульгавы не ўвойдуць у дом».
 

І Давід абжыўся ў крэпасці, і назваў яе горадам Давідавым; і адбудаваў яго кругом ад Мэло і ў сярэдзіне.
 

І Давід станавіўся штораз магутнейшы, бо Госпад, Бог Магуццяў, быў з ім.
 

Таксама паслаў Гірам, цар Тыра, веснікаў да Давіда, і дрэвы кедравыя, і цесляў, і мастакоў па камені, і яны пабудавалі дом Давіду.
 

І пераканаўся Давід, што Госпад паставіў яго царом над Ізраэлем і што Ён узвысіў цараванне яго над народам Сваім, Ізраэлем.
 

І калі Давід перасяліўся з Геброна, ён узяў сабе яшчэ наложніц і жонак з Ерузаліма; і нарадзіліся Давіду яшчэ сыны і дочкі.
 

І вось імёны тых, якія нарадзіліся ў Ерузаліме: Самуа, і Сабаб, і Натан, і Саламон,
 

і Ебагар, і Элішуа, і Напэг, і Яфія,
 

і Элісама, і Эліяда, і Эліпалет.
 

А філістынцы пачулі, што Давіда намасцілі на цара над Ізраэлем, і сабраліся ўсе, каб шукаць Давіда. Калі Давід пачуў аб гэтым, ён увайшоў у крэпасць,
 

а філістынцы па прыходзе разышліся па даліне Рэфаім.
 

І раіўся Давід з Госпадам, пытаючыся: «Ці пайсці мне на філістынцаў? І ці аддасі Ты іх у мае рукі?» Госпад сказаў Давіду: «Ідзі, бо Я, аддаўшы філістынцаў, перадам іх у рукі твае».
 

Дык пайшоў Давід у Баал-Парацым, і разбіў іх там, і сказаў: «Раздзяліў Госпад ворагаў маіх перада мною, як раздзяляюцца воды». Таму тое месца і названа Баал-Парацым.
 

І пакінулі яны там сваіх ідалаў, якіх захапілі Давід і людзі яго.
 

І прыйшлі зноў філістынцы, і разышліся па даліне Рэфаім.
 

А Давід раіўся з Госпадам, Які даў такі адказ: «Не выходзь, але абыдзі іх кругом і выйдзі да іх з боку тутавых дрэў;
 

і калі пачуеш стукат крокаў як бы ідучага па вершалінах дрэў тутавых, тады спяшайся, бо тады выйдзе Госпад перад абліччам тваім, каб разбіць лагер філістынскі».
 

І зрабіў Давід так, як загадаў яму Госпад; і перамог філістынцаў ад Габаона аж да Газэра.