1 да Карынфянаў 6 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана
Як адважваецца хтосьці з вас, маючы непаразуменне з іншым, судзіцца з ім перад нявернымі, а не перад святымі?
Няўжо вы не ведаеце, што святыя будуць судзіць свет? І калі вамі будзе суджаны свет, дык няўжо вы не варты судзіць меншае?
Ці не ведаеце, што мы будзем судзіць таксама анёлаў? Дык тым болей жыццёвае?
А вы, калі маеце жыццёвыя справы, ставіце сваімі суддзямі тых, хто нікчэмныя ў царкве.
На сорам вам кажу гэта. Няўжо няма ў вас ніводнага разумнага, які мог бы вынесці прысуд сярод братоў сваіх?
А то брат з братам судзіцца, ды яшчэ перад бязвернымі?
Ужо і тое для вас прыніжэнне, што судзіцеся між сабой. Чаму вам не лепш прыняць крыўду? Чаму не лепш пацярпець шкоду?
Але вы самі чыніце несправядлівасць і адбіраеце, ды нават у братоў!
Ці не ведаеце, што несправядлівыя не атрымаюць Валадарства Божага ў спадчыну? Не падманвайце сябе: ані распуснікі, ані балванапаклоннікі, ані чужаложнікі, ані разбэшчаныя, ані садомцы,
ані злодзеі, ані хціўцы, ані п’яніцы, ані зламоўныя, ані рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага.
І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся, але вы асвяціліся, але вы апраўдаліся ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і праз Духа Бога нашага.
«Усё мне можна!» Але не ўсё карысна. «Усё мне можна!» Але я нічому не дазволю мець уладу нада мною.
«Ежа — для жывата, і жывот — для ежы». Але Бог знішчыць адно і другое. Дык цела не для распусты, але для Госпада, і Госпад — для цела.
Бог жа і Госпада ўваскрасіў, і нас таксама Сваёю магутнасцю ўваскрасіць.
Ці ж не ведаеце, што целы вашы ёсць члены Хрыста? Ці ж, узяўшы члены Хрыста, буду рабіць іх членамі распусніцы? Ніколі!
Або ці не ведаеце, што той, хто злучаецца з распусніцай — адно цела ёсць? «Будуць, вось, яны, як сказана, двое адным целам».
Той жа, хто злучаецца з Госпадам — адзін Дух ёсць.
Уцякайце ад распусты! Кожны грэх, які б ні чыніў чалавек, ёсць па-за целам; хто ж распуснічае, супраць свайго цела грашыць.
Ці ж не ведаеце, што цела ваша ёсць святыня Духа Святога, Які ў вас і Якога маеце ад Бога, ды што вы ўжо не свае?
Вы ж здабыты за вялікую цану. Дык хваліце Бога ў целе вашым і ў духу вашым, якія ёсць Божыя!