1 да Карынфянаў 2 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана
І я, калі прыбыў да вас, браты, прыйшоў, не каб захапляць вас словам ці мудрасцю, але абвяшчаючы вам сведчанне Божае.
Бо я разважыў, што не ведаю сярод вас нічога, акрамя Ісуса Хрыста, і Таго ўкрыжаванага.
І быў я сярод вас у немачы, са страхам і з трымценнем вялікім,
і слова маё, і навучанне маё не ў пераканаўчасці і мудрасці слоў чалавечай, але ў выяўленні Духа і моцы,
каб вера ваша была не ў мудрасці чалавечай, але ў моцы Божай.
Мы ж гаворым мудрасць сярод дасканалых, але мудрасць не гэтага веку, не валадароў гэтага веку, якія праходзяць,
але гаворым мудрасць Божую ў таямніцы, што прыхавана, якую Бог прызначыў перад вякамі на славу нашу,
якой ніводзін з валадароў гэтага веку не пазнаў, бо, калі б пазналі, ніколі не ўкрыжавалі б Госпада славы.
Як напісана: «Чаго вока не аглядала, ані вуха не чула, ані ўваходзіла ў сэрца чалавечае, тое Бог прыгатаваў тым, што любяць Яго».
Нам жа аб’явіў Бог праз Духа Свайго; Дух бо ўсё пранікае, нават глыбіні Божыя.
Хто ж з людзей ведае, што чалавечае, калі не дух, які ў ім? Таксама і таго, што Божае, ніхто не ведае, апрача Духа Божага.
А мы атрымалі не духа свету, але Духа, Які ад Бога, для ведання таго, што нам Богам даравана.
Таму і гаворым гэта не павучаннямі чалавечай мудрасці, але словамі, якім навучыў Дух Святы, тлумачачы духоўным духоўнае.
Душэўны ж чалавек не прымае таго, што ёсць ад Духа Божага, бо вар’яцтвам яму здаецца гэта, і не можа ўцяміць, бо [гэта] духоўна прасочваецца.
Духоўны ж судзіць усё, а яго ніхто не судзіць.
Хто ж пазнаў розум Госпада, ды хто будзе дарадчыкам Яго? Мы ж маем розум Хрыстоў.