Ёва 11 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава
І сказаў у адказ Зафар Нааматыт:
«Ці ж таму, хто шмат гаворыць, нельга адказаць? Або ці чалавек гаваркі апраўдаецца?
Ці ж твая пустая гаворка прымусіць людзей маўчаць і не будзе каму спыніць цябе, калі ты пасміхаешся з іншымі?
Бо ты сказаў: “Шчырае слова маё, і чысты я ў вачах Тваіх”.
Няхай бы Сам Бог пагаварыў з табою і адкрыў вусны Свае для цябе;
каб паказаў Ён табе таямніцы мудрасці і патаемныя рады Яго, — ты б зразумеў, што многа менш Ён патрабуе ад цябе, чым заслугоўвае правіннасць твая.
Хіба заўважыш ты сляды Божыя і хіба спасцігнеш дасканала Усемагутнага?
Ён вышэй за неба, і што ты зробіш? Ён глыбей за пекла, і што ты спасцігнеш?
Даўжэйшая за зямлю мерка Яго і шырэйшая за мора.
Калі Ён руйнуе або закрывае і сціскае, хто запярэчыць Яму?
Бо Ён ведае марнасць чалавечую; і няўжо ж не заўважае правіннасць, бачачы яе?
Але і чалавек пусты робіцца разважлівым; а нараджаецца ён, як дзікае асляня.
Ты ж, калі сэрца сваё ўмацуеш і да Яго ўзнімеш свае рукі,
калі несправядлівасць, што ў руцэ тваёй, ты адкінеш ад сябе і не застанецца няпраўды ў тваёй палатцы,
тады ты зможаш падняць аблічча тваё без заганы, і будзеш сталы, і не будзеш баяцца.
Бо забудзешся ты на сваё гора і ўзгадаеш яго, як воды, што сплылі.
І быццам бы святло паўдзённае ўзыдзе для цябе пад вечар, і, калі ты падумаеш, што цябе пакрыла цемра, заззяеш, як зараніца.
І будзеш ты мець надзею, паклаўшы перад сабою спадзяванне, і, пахаваны, будзеш спаць спакойна.
Будзеш адпачываць, і не будзе каму цябе палохаць, і многія будуць запабягаць перад тваім абліччам.
А вочы бязбожных аслепнуць, і прыбежышча знікне ад іх, і надзея іх — знікненне».