Ёва 26 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

І сказаў у адказ Ёў:
 

«Як жа выслухаў ты кволага? І [так] ты падтрымліваеш плячо таго, хто нядужы?
 

Якую параду даў ты таму, хто не мае мудрасці? І разважнасць сваю паказаў ты вялікую.
 

Каго ты захацеў павучыць? І чый гэта дух, што выходзіць з цябе?
 

Вось жа цені дрыжаць пад водамі і тыя, што жывуць разам з імі.
 

Пекла аголена перад Ім, і няма ніякай заслоны для Абадону.
 

Ён расцягвае поўнач над пусткаю і павесіў зямлю на нічым.
 

Ён закрывае воды ў хмарах Сваіх, каб не зліваліся яны адначасна на зямлю.
 

Ён закрывае выгляд пасада Свайго, расцягваючы над ім хмару Сваю.
 

Ён акрэсліў наўкола мяжу водам, аж пакуль скончацца святло і цемра.
 

Слупы нябесныя дрыжаць і баяцца гневу Яго.
 

Магутнасцю Сваёю Ён прыстрашыў мора і мудрасцю Сваёй перамог Рагаба.
 

Дух Яго распагодзіў нябёсы, і рука Яго знішчыла ўцякаючага скарпіёна.
 

Вось такія межы шляхоў Яго; і, паколькі мы чулі хіба што малую кроплю слоў Яго, то хто змог бы адчуваць грымоты велічы Яго?»