Ёва 42 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

У адказ Госпаду сказаў Ёў:
 

«Ведаю, што Ты усё можаш, і што ніякій намер Твой ня можа быць спынены.
 

Хто той, што хавае параду нямудрую? Вось чаму я гаварыў неразумна, дый пра дзівосныя рэчы, якія перавышалі веданне маё.
 

Паслухай, і я буду гаварыць. Запытаюся ў цябе, а Ты адкажы мне.
 

Раней чуў я пра Цябе толькі вухам, цяпер жа вока маё бачыць Цябе.
 

Дзеля таго я сам сябе абвінавачваю і адбываю пакуту ў пыле і попеле».
 

Пасля таго як сказаў Госпад гэтыя словы Ёву, Ён сказаў Эліфазу Тэманіту: «Узгарэўся гнеў мой на цябе і на двух тваіх прыяцеляў, бо не гаварылі вы перада Мною праўдзіва, як паслугач Мой, Ёў.
 

Вазьміце таму сем цялят і сем бараноў, і пайдзіце да Майго слугі Ёва, і складзіце за сябе ахвяру цэласпалення. А слуга Мой, Ёў, памоліцца за вас. Прыму яго аблічча, каб глупства не залічылася вам; бо вы не гаварылі да Мяне праўдзіва, як слуга Мой Ёў».
 

Дык пайшлі Эліфаз Тэманіт, Балдад Сугіт і Зафар Нааматыт і зрабілі так, як было сказана ім Госпадам. І прыняў Госпад аблічча Ёва.
 

І вярнуў Госпад страту Ёву, калі ён памаліўся за сваіх прыяцеляў. І даў Госпад Ёву ўдвая болей таго, што ён меў раней.
 

І прыйшлі да яго ўсе браты яго, і ўсе сёстры яго, і ўсе, хто раней яго ведаў, і елі з ім хлеб у яго доме, і ківалі над ім галавою, і пацяшалі яго з прычыны няшчасця, якое на яго саслаў Госпад. І кожны даў яму па аднаму срэбраніку і па адной залатой завушніцы.
 

І дабраславіў Госпад апошнія дні Ёва больш, чым папярэднія. І было ў яго чатырнаццаць тысяч авечак і шэсць тысяч вярблюдаў, тысяча пар валоў і тысяча асліц.
 

І было ў яго сем сыноў і тры дачкі.
 

І назваў ён першую Галубка, а другую Касія, а трэцюю — Сурмяны Рог.
 

І не знайсці было па ўсёй зямлі такіх прыгожых жанчын, як дочкі Ёва. І даў ім бацька іх спадчыну між братамі іх.
 

І жыў Ёў пасля таго сто сорак гадоў, і бачыў сваіх сыноў і сыноў сваіх сыноў аж да чацвёртага пакалення.
 

І памёр Ёў стары і насычаны днямі.