Ёва 21 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава
«Паслухайце, прашу, словы мае, і хай будуць яны вам на пацеху.
Цярпліва выслухайце мяне, а я буду гаварыць; і пасля слоў маіх будзеце смяяцца.
Ці ж мая прамова — супраць чалавека, што я заслужана не павінен быць нецярплівы?
Звярніце ўвагу на мяне і аслупянейце, і пакладзіце на вусны свае палец.
І я, калі ўзгадаю, палохаюся, і трымценне калоціць цела маё.
Чаму ж жывуць бязбожнікі, дажываюць да старасці і ўмацаваны багаццем?
Нашчадкі іх заўсёды перад імі, і дзеці іх — перад абліччам іх.
Дамы ў іх — бестурботныя і мірныя, і няма біча Божага над імі.
Цёлка ў іх пачынае ва ўлонні і не скідае, карова нараджае і не пазбаўляецца цяляці свайго.
Дзеці іх, як статак, выходзяць, і малыя іх радуюцца, гуляючы.
Яны трымаюць тымпан і цытру і весяляцца пры гуках труб,
праводзяць яны ў дабротах дні свае і ў адно імгненне сыходзяць у апраметную.
Яны казалі Богу: “Адыдзіся ад нас! Не хочам ведаць шляхоў Тваіх.
Хто такі Усемагутны, каб мы служылі Яму, і што нам за карысць, калі б мы памаліліся Яму?”
Няхай даброты іх у іх руках, але рада бязбожніка няхай будзе далёка ад мяне.
Ці часта згасае свяцільнік бязбожнікаў, і ці прыйдзе на іх згуба, і ці надасць Ён пакут [ім] у гневе Сваім?
Ці будуць яны, быццам саломінка перад ветрам і быццам попел, які разносіць віхура?
Ці захавае Бог для сыноў яго несправядлівасць яго? Хай аддасць Ён яму, каб ён ведаў.
Убачаць вочы яго пагібель сваю, і нап’ецца ён гневу Усемагутнага.
Бо што з дому яго патрэбна яму пасля яго, калі лік месяцаў яго спыніцца?
Ці ж хто навучыць Бога мудрасці, Таго, Хто судзіць нябёсы?
Адзін памірае ў сіле і здаровы, багаты і шчаслівы;
нутро яго поўнае тлушчу, а косці яго багатыя мозгам.
А іншы памірае ў горычы душы, без аніякага набытку;
ды аднак разам будуць яны спаць у парахне, і абодвух апануюць чэрві.
Добра зразумеў я думкі вашыя і ліхія намеры вашыя адносна мяне.
Бо вы кажаце: “Дзе дом князя, а дзе палаткі бязбожнікаў?”
Ці вы не пыталіся каго з падарожнікаў і ці не спазналі довадаў іх,
што ў дзень пагібелі ашчаджаецца ліхі і ў дзень гневу адводзіцца ўбок.
Хто пакажа яму з дакорам дарогу яго, і за тое, што ён зрабіў, хто аддасць яму?
Яго прывядуць да магілы і пры надгробку яго паставяць варту.
Салодкімі яму будуць груды зямлі, і за сабой ён цягне кожнага чалавека, і перад ім безліч.
Дык чаму ж вы надарма пацяшаеце мяне, калі ў адказе вашым застаецца падман?»