Адкрыцьцё 9 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава
І затрубіў пяты анёл. І ўбачыў я зорку, як яна ўпала з неба на зямлю, і дадзены ёй ключ ад калодзежа бяздоння.
І пяты Ангел затрубіў, і я ўбачыў зорку, упаўшую зь неба на зямлю, і дадзены быў ёй ключ ад вусьця бе́здані.
І адкрыла яна калодзеж бяздоння, і падняўся з калодзежа дым, як дым з вялізнае печы, і сонца і паветра патанулі ў цемры ад дыму з таго калодзежа.
І яна адчыніла вусьце бе́здані, і ўзьняўся дым з вусьця, як дым ізь вялікай пе́чы; і было зацемрана сонца і паветра ад дыму з вусьця.
І з дыму таго выйшла саранча на зямлю, і дадзена ёй улада, якую маюць скарпіёны зямлі.
І із дыму выйшла на зямлю саранча; і дана была ёй сіла, як маюць сілу скарпіёны зямлі.
І сказана ёй не шкодзіць траве зямлі, ані якой зеляніне, ані якім дрэвам, толькі адным людзям, якія не маюць пячаткі Божай на чолах.
І сказана было ёй, каб ня пашкодзіла траве зямлі, і ніякай зеляніне, і ніякаму дрэву, а толькі адным людзям, якія ня маюць пячаткі Бога на ілбах сваіх.
І нельга было ёй забіваць людзей, але толькі мучыць іх на працягу пяці месяцаў. І мучэнне іх — як боль ад скарпіёна, калі ўджаліць чалавека.
І дана ёй, каб ня забівала іх, але каб яны былі мучанымі пяць месяцаў, і мучэньне ад яе падобна мучэньню ад скарпіёна, калі ўджаліць чалавека.
І ў тыя дні людзі будуць шукаць смерці, але не знойдуць яе, і будуць хацець памерці, але ўцячэ смерць ад іх.
І ў гэныя дні людзі будуць шукаць сьмерці, але ня знойдуць яе; і захочуць памерці, але сьмерць уцячэ ад іх.
І саранча была падобная да коней, падрыхтаваных да бою, і на галавах яна мела быццам залатыя вянцы, і воблік яе быў на падабенства твараў чалавечых,
І выгляд саранчы падобны да коней, прыгатаваных на вайну; і на галовах у яе быццам вянкі, падобныя золату, і твары ў яе быццам твары чалавекаў;
і валасы мела падобныя да валасоў жанчын, і зубы яе падобныя да зубоў ільвоў,
і валасы мела яна, як валасы (у) жанчын, і зубы ў яе былі, як у львоў.
і панцыры яе былі нібы з жалеза, і грукат крылаў яе быццам грукат многіх калясніц, запрэжаных коньмі, якія імчацца ў бой.
І яна мела па́нцыры, быццам панцыры жалезныя, і шум ад крыльляў ейных быццам шум многіх калясьніц (і) коней, якія бягуць на вайну.
І мела хвасты, падобныя да скарпіёнавых, і джалы, і ў сваіх хвастах мела ўладу шкодзіць людзям на працягу пяці месяцаў.
І яна мае хвасты, падобныя да (хвастоў) скарпіёнаў, і джалы былі ў хвастах ейных; а ўлада ейная — шкодзіць людзям пяць месяцаў.
Маюць яны над сабой валадаром анёла бездані, які па-гебрайску завецца Абадон, а па-грэцку Апаліён.
І яна мае над сабою валадара — ангела бяздоньня, імя якому па-жыдоўску Абаддон, а пагрэцку мае імя Апальліён.
Так прайшло першае гора, а вось, яшчэ два горы наступаюць пасля гэтага.
Прайшло гора адно; вось, за гэтым ідуць яшчэ два горы.
І шосты анёл затрубіў. І пачуў я адзін голас з чатырох рагоў залатога ахвярніка, які перад Богам,
І шосты Ангел затрубіў, і пачуў я адзін голас ад чатырох рогаў залатога ахвярніка, (які) перад Богам,
што сказаў шостаму анёлу, які меў трубу: «Развяжы чатырох анёлаў, звязаных пры вялікай рацэ Еўфрат».
гаворачы шостаму Ангелу, які меў трубу: разьвяжы чатырох ангелаў, якія зьвязаны над вялікай ракой Яўпрат.
Тады былі развязаны чатыры анёлы, якія былі прыгатаваны на гадзіну, дзень, месяц і год, каб выгубіць трэцюю частку людзей.
І разьвязаны былі чатыры ангелы, што былі прыгатаваныя на гадзіну і дзень, і месяц і год, каб забіць трэйцюю (частку) людзей.
І лік коннага войска быў дваццаць тысяч па дзесяць тысяч; і пачуў я іх лічбу.
І лічба коннага войска (была) дзьве мірыяды мірыядаў; і я пачуў іхную лічбу.
І так убачыў я ў з’яве коней і вершнікаў на іх, якія мелі панцыры агністыя, і дымна-сінія, і серкава-жоўтыя. І галовы іх былі як галовы львоў, а з храпаў іх шугаў агонь, дым і серка.
І гэтак я ўбачыў у бачаньні коней і коньнікаў на іх, маючых панцыры вогненныя і гіяцынтавыя і серныя; і галовы ў коней, як галовы (у) львоў, і з ратоў іхных выходзіць агонь і дым і серка.
Ад гэтых трох бедстваў: агню, дыму і серкі, якія шугалі з іх храпаў, — загінула трэцяя частка ўсіх людзей.
Трыма гэтымі (плягамі) была забіта трэйцяя (частка) людзей: агнём і дымам, і серкаю, якія выходзілі із ратоў іхных.
Бо сіла коней у іх храпах і ў хвастах, а хвасты іх падобныя да змеяў, маюць галовы і імі шкодзяць.
Бо сіла іхная ёсьць у ратах іхных; а хвасты іхныя падобныя да зьмеяў, (якія) маюць галовы, і імі яны шкодзяць.
І рэшта людзей, якія не былі выгублены гэтымі бедствамі, не навярнуліся ад спраў рук сваіх, каб не пакланяцца дэманам і балванам залатым, і срэбраным, і медным, і каменным, і драўляным, якія не могуць ані бачыць, ані чуць, ані хадзіць,
А астатнія людзі, якія ня былі забіты гэтымі плягамі, і ня пакаяліся ва ўчынках рук сваіх, каб ня пакланяцца дэманам і ідалам залатым і срэбным, і медным, і каменным, і драўляным, якія ні бачыць ня могуць, ні чуць, ні хадзіць.
і не навярнуліся ад забойстваў сваіх, не адмовіліся ад чараванняў сваіх, ані ад распусты сваёй, ані ад крадзяжоў сваіх.
І ня пакаяліся ў забойствах сваіх, ні ў чарадзействах сваіх, ні ў чужаложніцтвах сваіх, ні ў зладзействах сваіх.