Ісаі 9 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

У даўнія часы аддаў [Госпад] на занядбанне зямлю Забулона і зямлю Нэфталі; а ў наш час праславіць Ён дарогу да мора праз Ярдан, Галілею паганскую.
 

Народ, які жыў у цемры, святло ўбачыў вялікае: для жыхароў у краіне засені смерці святло заззяла.
 

Памножыў Ты радасць і павялічыў весялосць. Радуюцца яны перад Табою, як радуюцца ў пару жніва, як цешацца, калі дзеляць здабычу.
 

Бо зламаў Ты ярмо цяжару яго, і палку над спіной яго, і жазло ката яго, як у дзень мадыянцаў.
 

Бо кожны бот таго, хто прыходзіць з вайною, і адзенне, залітае кравёю, пойдзе на спаленне, на спажыццё агню.
 

Бо нарадзілася нам Дзіця, дадзены Сын нам, і ўладарніцтва на Яго плячах; і назавуць Яго імем: дзівосны Дарадца, Бог моцны, Айцец вечнасці, Князь міру.
 

Вялікае будзе Яго валадаранне, і не будзе канца супакою на пасадзе Давіда, і над Яго царствам, каб Ён умацаваў яго і ўгрунтаваў на законе і справядлівасці адгэтуль і навечна: руплівае апекаванне Госпада Магуццяў учыніць гэта.
 

Паслаў Госпад слова на Якуба, а ўпала яно на Ізраэль.
 

І даведаецца ўвесь народ: эфраімцы і жыхары Самарыі, якія кажуць з пыхаю і ганарыстасцю сэрца:
 

«Цагліны разваліліся — дык адбудуем з часанага каменя; сікаморы ссечаны — дык заменім кедрамі!»
 

Але Госпад падняў ворагаў на яго ды непрыяцеляў яго абудзіў:
 

сірыйцаў ад усходу, а філістынцаў з захаду, якія жэрлі Ізраэль поўнай пашчай. Па ўсім гэтым не спыніўся гнеў Яго і рука Яго ўсё яшчэ выцягнута.
 

І народ не павярнуўся да Таго, Хто б’е яго, не пачалі яны шукаць Госпада Магуццяў.
 

І адрэзаў Госпад Ізраэлю галаву і хвост, у адзін дзень — пальму і трыснёг.
 

Старэйшына і магнат — гэта галава, а хвост — гэта прарок, які навучае ашуканству.
 

Правадыры гэтага народа — зводнікі, і тыя, кім яны кіравалі, загінулі.
 

Таму Госпад не пашкадуе яго юнакоў, ані злітуецца над яго сіротамі і ўдовамі; бо кожны — бязбожны і ліхі, і кожныя вусны гавораць глупства. Па ўсім гэтым не спыніўся гнеў Яго, а рука Яго аж дагэтуль выцягнута.
 

Разгарэлася бязбожнасць, быццам пажар, які з’ядае калючкі і церні; і ўспыхвае ў гушчары лесу, і круцяцца клубы дыму.
 

Ад гневу Госпада Магуццяў загараецца зямля, і народ — быццам пажыва для агню, чалавек не шкадуе брата свайго.
 

І паглынае ён праваруч, але церпіць голад; з’ядае леваруч — і не наядаецца; кожны жарэ цела блізкага свайго:
 

Манаса — Эфраіма, а Эфраім — Манасу, і разам яны — супраць Юдэі. Па гэтым усім не спыніўся гнеў Яго, але рука Яго аж дагэтуль выцягнута.