Ісаі 22 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Прадказанне лагчыне Бачання. Што з табою, што ты ўвесь узняўся на дахі,
 

поўны крыку, горад шумлівы, горад разгуляны? Забітыя твае не палі ад меча і не памерлі на вайне.
 

Важакі твае ўсе разам уцяклі, узятыя ў палон без лука; усе, хто былі знойдзены, захоплены разам, хоць уцяклі далёка.
 

Дзеля таго сказаў я: «Адыдзіцеся ад мяне, буду горка плакаць: не старайцеся мяне пацешыць дзеля знішчэння дачкі майго народа».
 

Бо гэта дзень тлуму, стаптання і плачу ў Госпада, Бога Магуццяў, у лагчыне Бачання, зруйнавання муроў і гоману аж да гары.
 

І Элам узняў калчан, і натоўпы вершнікаў, і Кір агаліў шчыт.
 

Твае найпрыгажэйшыя лугі поўныя калясніц, а коннікі займаюць свае месцы ў браме.
 

І адкрылася заслона Юды, і ты ў той дзень звярнуў увагу на зброю ў доме з кедра.
 

І расколіны [у мурах] горада Давіда ўбачылі вы, бо іх стала многа, і сабралі вы воды Ніжняй крыніцы;
 

і пералічылі вы дамы ў Ерузаліме, і разбурылі дамы, каб умацаваць [гарадскі] мур;
 

і ўчынілі вадазборнік між двума мурамі на ваду старога вадаёма; але не зірнулі на Таго, Хто стварыў гэта, ды на Таго, Хто даўно ўфармаваў гэта, не паглядзелі.
 

Госпад жа, Бог Магуццяў, паклікаў у той дзень да плачу і жалобы, да пастрыжэння і да адзявання зрэбніцы;
 

але вось — весялосць і радасць, забіваюць валоў і рэжуць авечак, ядуць мяса і п’юць віно: «Давайце есці і піць, бо заўтра памром».
 

І было адкрыта мне ў вушы Госпадам Магуццяў: «Не будзе, пэўна, адпушчана вам гэтая правіннасць, пакуль не паўміраеце», — кажа Госпад, Бог Магуццяў.
 

Гэта кажа Госпад, Бог Магуццяў: «Ідзі, увайдзі да гэтага намесніка, і да Собны, загадчыка палаца:
 

“Што табе тут? Або хто табе гэты, што ты высек сабе тут грабніцу?” Высякаючы высока грабніцу сваю, у скале ён выдзеўб сабе жытло.
 

Вось жа Госпад рашуча выкіне цябе, чалавеча, магутна хапаючы цябе,
 

і, калыхаючы, скруціць цябе ў клубок, і кіне цябе, як мяч, на зямлю прасторную і шырокую: там памрэш, і там будуць калясніцы славы тваёй, ганьба дому гаспадара твайго».
 

«І выганю цябе з месца твайго і здыму цябе з тваёй пасады.
 

І будзе ў гэты дзень: паклічу слугу майго Эліякіма, сына Хэлькіі,
 

ды адзену яго ў туніку тваю і падпяражу яго поясам тваім, і ўладу тваю перадам у рукі яго; і ён будзе бацькам для жыхароў ерузалімскіх і для дому Юды.
 

І ўскладу ключ дому Давідава на плячо яго: і адкрые, ды не будзе каму замкнуць, і замкне, ды не будзе каму адкрыць.
 

І ўмацую яго, як калок на пэўным месцы: і будзе ён пасадам славы для дому бацькі свайго.
 

І навесяць на яго ўсю славу дому бацькі яго, усіх нашчадкаў, увесь дробны посуд, ад чар да збаноў.
 

У той дзень, — кажа Госпад Магуццяў, — калок, які быў умацаваны на пэўным месцы, не вытрымае, але зломіцца і зваліцца, а ўсё, што на ім вісела, прападзе, — бо гэта сказаў Госпад».