Ісаі 16 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Пашліце ягня валадару краіны, з Петры ў пустыні на гару дачкі Сіёна!
 

І будзе: як птушка, якая аддаляецца, і птушаняты, што вылятаюць з гнязда, такімі будуць дочкі Мааба каля броду Арнон.
 

Дай раду, разваж, пакладзі цень твой апоўдні, як бы ноччу, схавай выгнаннікаў, не выдай вандроўнікаў.
 

Хай абжывуцца ў цябе выгнаннікі Мааба, будзь ім сховішчам перад спусташальнікам; бо скончыўся прыгнятальнік, спыніўся грабёж, знік прыцясняльнік з краю.
 

І ўмацаваны будзе пасад міласэрнасцю; і сядзе на ім у справядлівасці, у палатцы Давіда, той, хто судзіць і шукае суда ды хутка аддае тое, што справядлівае.
 

Чулі мы пра пыхлівасць Мааба, што надта напышлівы, — пра ганарыстасць яго, нахабства яго, ды злоснасць яго, ды пра выхваленні яго незаслужаныя.
 

Таму залямантуюць маабцы дзеля Мааба, усе залямантуюць; над пірагамі Кірхарэса заплачуць, утрапёныя.
 

Бо апусцелі нівы Хесебона і вінаграднікі Сабамы; гаспадароў паганаў вынішчылі іх вінаградныя гронкі; аж да Язэра дайшлі яны, качавалі па пустыні: парасткі яго рассеяліся, перайшлі праз мора.
 

Таму заплачу плачам Язэра дзеля вінаграднікаў Сабамы. Заллю цябе слязьмі сваімі — о Хесебон і Элеале, бо на плады твае і збіранне вінаграду паў крык [ваяроў].
 

Спынілася радасць і весялосць з садоў, і ў вінаградніках не весяляцца і не спяваюць. Віна ў выціскальні не выцісне той, хто звычайна выціскаў, заціх гоман.
 

Дзеля таго нутро маё стогне дзеля Мааба, як цытра, і ўлонне маё — дзеля Кірхарэса.
 

І будзе: калі з’явіцца і будзе ўзлягаць на вышынях, прыйдзе да святыні сваёй, каб памаліцца, і не здолее.
 

І гэта слова, якое сказаў тады Госпад да Мааба:
 

«Цяпер жа так прамаўляе Госпад, кажучы: “За тры гады, як гады найміта, аднята будзе слава ад Мааба разам з усім шматлікім народам, а рэшткі яго будуць малымі, без ніякага значэння”».