Адкрыцьцё 10 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Я ўбачыў іншага моцнага анёла, які сыходзіў з неба, апрануты ў хмару, а на галаве яго была вясёлка. Твар яго — быццам сонца, а ногі яго — як слупы агню.
І ўбачыў я іншага дужага анёла, які зыходзіў з неба, які быў апрануты ў воблака, і вясёлка над галавою яго, і аблічча ягонае — як сонца, і ногі ягоныя — як слупы агністыя,
Ён трымаў у руцэ разгорнутую маленькую кнігу. Сваю правую нагу ён паставіў на моры, а левую — на зямлі
і меў ён у руцэ сваёй кніжку адкрытую, і паставіў ён правую нагу сваю на мора, а левую — на зямлю,
і гучна закрычаў, быццам рыкае леў. А калі крыкнуў, сем грамоў загаварылі сваімі галасамі.
і закрычаў голасам вялікім, як леў рыкае; і калі закрычаў ён, прагаварылі сем грымотаў галасамі сваімі.
Калі адазваліся сем грамоў, я павінен быў пісаць. І пачуў я голас з неба, які гаварыў: «Запячатай тое, што сказалі сем грамоў, і не пішы гэтага».
І калі прагаварылі сем грымотаў галасамі сваімі, я меўся пісаць, і пачуў я голас з неба, які казаў мне: «Запячатай тое, што прагаварылі сем грымотаў, і не пішы гэтага».
Анёл, якога я бачыў стоячым на моры і на зямлі, падняў сваю правую руку да неба
І анёл, якога я бачыў, як ён стаяў на моры і на зямлі, узьняў руку сваю да неба
і пакляўся Жывым на векі вякоў, які стварыў неба і тое, што ў ім, зямлю і тое, што на ёй, і мора з тым, што ў ім: «Ужо няма часу,
і пакляўся Тым, Які жыве на вякі вякоў, Які стварыў неба, і што ў ім, і зямлю, і што на ёй, і мора, і што ў ім, што часу ўжо ня будзе,
але ў дні голасу сёмага анёла, калі ён павінен будзе затрубіць, здзейсніцца таямніца Бога, так як Ён абвясціў сваім слугам-прарокам».
але ў дні голасу сёмага анёла, калі той мае трубіць, зьдзейсьніцца таямніца Божая, як Ён дабравесьціў слугам Сваім прарокам.
Голас, які я пачуў з неба, зноў гаварыў са мною і казаў: «Ідзі, вазьмі разгорнутую кнігу з рукі анёла, які стаіць на моры і на зямлі».
І голас, які я чуў з неба, ізноў прагаварыў да мяне і сказаў: «Ідзі, вазьмі кніжку разгорнутую ў руцэ анёла, які стаіць на моры і на зямлі».
Я пайшоў да анёла і сказаў яму, каб ён даў мне маленькую кнігу. Ён адказаў мне: «Вазьмі і праглыні яе. Яна будзе горкая для жывата твайго, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд».
І я падыйшоў да анёла, кажучы яму: «Дай мне кніжку». І ён кажа мне: «Вазьмі і зьеш яе; і яна стане горкаю ў тваім жываце, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд».
Я ўзяў маленькую кнігу з рукі анёла і праглынуў яе. Яна была ў маіх вуснах салодкая, як мёд. А калі з’еў яе, то горка зрабілася ў маім жываце.
І я ўзяў кніжку з рукі анёла, і зьеў яе, і яна была ў вуснах маіх салодкая, як мёд, і калі я зьеў яе, стаў горкім жывот мой.
І сказалі мне: «Ты зноў павінен прарочыць пра плямёны, народы, мовы і пра многіх каралёў».
І ён кажа мне: «Ты мусіш ізноў прарочыць пра плямёны, і народы, і мовы, і валадароў многіх».