Адкрыцьцё 18 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Потым я ўбачыў іншага анёла, які сыходзіў з неба і меў вялікую ўладу, а зямля асвятлілася ад ягонай славы.
 
І пасьля гэтага ўбачыў я анёла, які зыходзіў з неба, які меў вялікую ўладу; і зямля была асьветленая ад славы ягонае;

Ён усклікнуў моцным голасам, кажучы: «Упаў, упаў вялікі Бабілён і стаў жыллём дэманаў і прыстанішчам усякага нячыстага духа, прыстанішчам усякай нячыстай птушкі і прыстанішчам усякага нячыстага звера, што абуджае агіду,
 
І закрычаў ён моцна голасам вялікім, кажучы: «Упаў, упаў Бабілон, вялікая [распусьніца], і стаўся жытлом дэманаў, і прыбежышчам усякага духа нячыстага, і прыбежышчам усякай птушкі нячыстай і брыдкай,

бо шалёным віном яго распусты напіліся ўсе народы, каралі зямлі чынілі з ім распусту, а купцы зямлі ўзбагаціліся з вялізнай раскошы яго!»
 
бо віном ярасьці распусты сваёй яна напаіла ўсе народы, і валадары зямныя распусьнічалі з ёю, і купцы зямныя ўзбагаціліся з моцы раскошы яе».

І пачуў я іншы голас, які казаў з неба: «Выйдзі з яго, мой народзе, каб вам не саўдзельнічаць у яго грахах і не пацярпець ад яго бедстваў,
 
І пачуў я іншы голас з неба, які казаў: «Выйдзі з яе, народзе Мой, каб ня ўдзельнічаць у грахах ейных і не атрымаць плягаў ейных;

бо ўзышлі яго грахі аж да неба і згадаў Бог яго правіны.
 
бо дайшлі грахі яе аж да неба, і ўзгадаў Бог пра нягоднасьці ейныя.

Адплаціце яму, як і ён адплаціў, і ўдвая аддайце за яго ўчынкі. У келіху, у якім ён гатаваў віно вам, прыгатуйце яму ўдвая.
 
Аддайце ёй, як і яна аддавала вам, і падвойце ёй удвая паводле справаў яе; у келіх, у які яна налівала, наліце ёй удвая.

Колькі ён славіў сябе і жыў у раскошы, столькі дайце яму катаванняў і смутку, бо ў сэрцы сваім ён кажа: “Я сяджу як каралева і я не ўдава, і не зазнаю смутку”.
 
Колькі ўслаўляла яна сябе і раскашавалася, гэтулькі дайце ёй мучэньняў і плачу, бо яна казала ў сэрцы сваім: “Сяджу валадаркаю, і не ўдава я, і плачу не пабачу».

Дзеля гэтага ў адзін дзень настануць яго бедствы: смерць, смутак і голад, і будзе ён спалены агнём, бо моцны Пан Бог, які асудзіў яго».
 
Дзеля гэтага ў адзін дзень прыйдуць на яе плягі: сьмерць, і плач, і голад; і будзе яна спалена ў агні, бо магутны Госпад Бог, Які су́дзіць яе.

Тады заплачуць і будуць лямантаваць над ім каралі зямлі, якія распуснічалі з ім і жылі ў раскошы, калі ўбачаць дым ад яго пажару.
 
І загалосяць, і заплачуць па ёй валадары зямныя, якія распусьнічалі і раскашаваліся з ёю, калі ўбачаць дым ад пажару яе,

Стаўшы здалёк ад страху перад яго пакутамі, скажуць: «Гора, гора, вялікі горад Бабілён, моцны горад, бо ў адну гадзіну прыйшоў твой прысуд!»
 
стаўшы здалёк дзеля страху ад мучэньняў яе і кажучы: «Гора, гора, горад вялікі Бабілон, горад магутны, бо ў адну гадзіну прыйшоў суд твой!»

Купцы зямлі плачуць і смуткуюць над ім, бо ніхто не купляе ўжо іх тавару:
 
І купцы зямныя галосяць і плачуць па ёй, бо ніхто ўжо не купля́е тавару іхняга,

золата, срэбра, каштоўных камянёў і пярлінаў, тонкага лёну, пурпуры, шоўку і пунсовай тканіны, ніякага цытрусавага дрэва і ніякай рэчы са слановай косткі, ніякай рэчы з найдаражэйшага дрэва, медзі, жалеза і мармуру,
 
тавару з золата, і срэбра, і каштоўнага камяня́, і пэрлаў, і вісону, і пурпуру, і ядвабу, і кармазыну, і ўсякага дрэва пахкага, і ўсякіх вырабаў з косьці слановае, і ўсякіх вырабаў з дрэва каштоўнага, і медзі, і жалеза, і мармуру,

карыцы, амому і духмянасцяў, міра і кадзіла, віна і алею, чыстай пшанічнай мукі і збожжа, жывёл, авечак і коней, павозак, целаў і людскіх душ.
 
і цынамону, і фіміяму, і міра, і ладану, і віна, і алею, і мукі́, і пшаніцы, і скаціны, і авечак, і коней, і вазоў, і целаў і душаў чалавечых.

Плод жадання тваёй душы адышоў ад цябе, усё сытае і цудоўнае прапала для цябе, і ты ўжо гэтага ніколі не знойдзеш.
 
«І плады пажаданьня душы́ тваёй адыйшлі ад цябе; і ўсё тлустае і бліскучае адыйшло ад цябе, і ты ніколі ўжо ня знойдзеш гэтага».

Купцы, якія ўзбагачаліся з яго, стануць здалёк ад страху перад ягонымі пакутамі,
 
І гандляры гэтага, якія ўзбагаціліся ад яе, будуць стаяць здалёк дзеля страху ад мучэньняў яе, плачучы і галосячы,

кажучы з плачам і смуткам: «Гора, гора, вялікі горад, апрануты ў тонкі лён, пурпуру і пунсовыя шаты, упрыгожаны золатам, каштоўным камнем і пярлінамі,
 
і кажучы: «Гора, гора, горад вялікі, апрануты ў вісон, і пурпур, і кармазын, і аздоблены золатам, і каштоўным каменем, і пэрламі,

бо ў адну гадзіну было спустошана такое багацце!» Кожны стырнавы і кожны, хто плыве на караблі, кожны марак і ўсе, хто працуе на моры, сталі здалёк і крычалі,
 
бо ў адну гадзіну спустошана гэткае багацьце!» І ўсе корнікі, і ўсе людзі на караблях, і маракі, і ўсе працаўнікі на моры сталі здалёк

убачыўшы дым яго пажару: «Які горад падобны да гэтага вялікага горада?»
 
і, гледзячы на дым ад пажару яго, крычалі, кажучы: «Што падобна да гораду вялікага?»

Яны кінулі пыл на свае галовы і крычалі ў плачы і смутку: «Гора, гора, вялікі горад, з дастатку якога ўзбагаціліся ўсе, хто мае караблі на моры, бо за адну гадзіну ён апусцеў!
 
І сыпалі пыл на галовы свае, і крычалі, плачучы і галосячы, і кажучы: «Гора, гора, горад вялікі, у якім узбагаціліся ад каштоўнасьцяў ягоных усе, хто мае караблі на моры, бо ў адну гадзіну ён спустошаны!

Радуйцеся над ім, неба і святыя, апосталы і прарокі, бо Пан асудзіў яго паводле вашага суда!»
 
Весяліся над ім, неба і сьвятыя апосталы і прарокі, бо прысудзіў Бог прысуд ваш на яго».

Адзін магутны анёл узяў камень, падобны да вялікіх жорнаў, і ўкінуў у мора, кажучы: «З такою сілаю будзе павалены Бабілён, вялікі горад, і ўжо не будзе яго.
 
І ўзяў адзін дужы анёл камень вялікі, як млыновы, і кінуў у мора, кажучы: «Гэтак з сілаю кінуты будзе Бабілон, горад вялікі, і ўжо больш ня знойдуць яго.

Голасу гусляроў і песняроў, флейтыстаў і трубачоў не будзе чутна ў табе больш. Не будзе ўжо ў табе ніводнага мастака ніякага мастацтва, і шуму ад жорнаў не будзе ўжо чутна ў табе.
 
І ня будзе ўжо чутно ў табе голасу гусьляроў, і музыкаў, і жалейнікаў, і трубачоў, і ня будзе знойдзена ўжо ў табе ніводнага майстра, і ніякага майстэрства, і голас млыновы ня будзе чутны ўжо ў табе,

Ужо не з’явіцца ў табе святло лямпы, і голасу абранніка і абранніцы не будзе ўжо чутна ў табе. Бо твае купцы былі вяльможамі зямлі, бо тваім чарадзействам зведзены ўсе народы.
 
і ня зьявіцца ўжо ў табе сьвятло сьвечкі, і голас жаніха і нявесты ня будзе чутны ўжо ў табе, бо купцы твае былі магнатамі зямлі, бо чараваньнямі тваімі падманутыя ўсе народы.

У табе знойдзена кроў прарокаў, святых і ўсіх забітых на зямлі!»
 
І знойдзена ў ім кроў прарокаў, і сьвятых, і ўсіх забітых на зямлі».