2 да Цімафея 1 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Рeraklad V. Hadleuski
Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, згодна з абяцаннем жыцця ў Хрысце Езусе —
Цімафею, умілаванаму сыну: ласка, міласэрнасць, спакой ад Бога Айца і Езуса Хрыста, Пана нашага.
Калі я няспынна ўспамінаю пра цябе ў сваіх малітвах ноччу і днём, я ўдзячны Богу, якому на ўзор продкаў служу з чыстым сумленнем.
Узгадваючы пра твае слёзы, я прагну ўбачыць цябе, каб напоўніцца радасцю.
Калі ўспамінаю пра тваю некрывадушную веру, якая спярша жыла ў тваёй бабулі Лаідзе і тваёй маці Эўніцы, я перакананы, што яна жыве таксама ў табе.
З гэтай прычыны нагадваю табе, каб ты распальваў дар Божы, які ёсць у табе праз ускладанне маіх рук.
Таму што Бог даў нам не духа боязі, але сілы, любові і разважнасці.
Дык не саромейся сведчання нашага Пана, ні мяне, вязня Ягонага, але далучыся да цярпенняў дзеля Евангелля паводле моцы Бога,
які ўратаваў нас і паклікаў святым пакліканнем не за нашыя ўчынкі, але паводле ўласнай пастановы і ласкі, дадзенай нам у Хрысце Езусе перад вечнымі часамі
і адкрытай цяпер праз аб’яўленне Збаўцы нашага, Езуса Хрыста, які знішчыў смерць і асвятліў жыццё і несмяротнасць Евангеллем,
дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам, апосталам і настаўнікам.
З гэтай прычыны я і цярплю гэта, але не саромеюся, бо ведаю, у каго паверыў, і перакананы, што Ён мае моц захаваць дэпазіт веры на той дзень.
Трымайся прыкладу здаровага вучэння, якое ты чуў ад мяне ў любові і веры, што ў Хрысце Езусе.
Захавай гэты прыгожы дэпазіт дзякуючы Духу Святому, які жыве ў нас.
Ці ведаеш, што ўсе з Азіі, сярод якіх Фігел і Гермаген, адвярнуліся ад мяне?
Хай будзе міласэрным Пан да дому Анэсіфора, бо ён часта падтрымліваў мяне і не саромеўся маіх кайданаў,
але, прыбыўшы ў Рым, старанна шукаў мяне і знайшоў.
Няхай Пан будзе міласэрным да яго ў гэты дзень. А колькі ён служыў мне ў Эфесе, ты лепей ведаеш.