Адкрыцьцё 11 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Л. Гарошка
Была дадзена мне трысціна, падобная да кія, і было сказана мне: «Падыміся і памерай святыню Бога і алтар, і тых, хто пакланяецца ў ёй.
Вонкавы дзядзінец святыні пакінь знадворку і не мерай яго, бо ён дадзены язычнікам, і яны будуць таптаць Мой святы горад сорак два месяцы.
Двум сваім сведкам, апранутым у мешкавіну, дам прарочыць тысяча дзвесце шэсцьдзясят дзён».
Яны як два дрэвы аліўныя і два свечнікі, што стаяць перад Панам зямлі.
Калі хто хоча іх пакрыўдзіць, то агонь выйдзе з іхніх вуснаў і паглыне іх ворагаў. Той, хто хоча іх пакрыўдзіць, павінен быць забіты такім чынам.
Яны маюць уладу закрыць неба, каб не ішоў дождж на зямлю ў дні прароцтва іхняга, і маюць уладу над водамі, каб ператварыць іх у кроў і ўдарыць зямлю ўсякім бедствам, калі толькі захочуць.
Калі яны скончаць сваё сведчанне, звер, які выходзіць з бездані, пачне вайну з імі, пераможа іх і заб’е.
Іхнія трупы пакіне на плошчы вялікага горада, які сімвалічна называецца Садома і Егіпет, дзе таксама быў укрыжаваны іх Пан.
Многія з плямёнаў, родаў, моваў і народаў будуць глядзець на іх трупы тры з паловаю дні і не дазволяць іх пакласці ў магілу.
Зямныя жыхары будуць радавацца над імі і весяліцца. Будуць слаць падарункі адзін аднаму, бо два гэтыя прарокі мучылі жыхароў зямлі.
Але праз тры с паловаю дні дух жыцця ад Бога ўвайшоў у іх, і яны ўсталі на свае ногі. Вялікі страх ахапіў тых, хто глядзеў на іх.
І пачулі яны гучны голас з неба, які казаў ім: «Узыдзіце сюды». Яны ўзышлі на неба ў воблаку, а ворагі іхнія глядзелі на іх.
У гэтую гадзіну адбыўся вялікі землятрус, і адна дзясятая горада ўпала. Былі забітыя падчас землятрусу тысяча сем асобаў, астатнія ж спалохаліся і ўзнеслі хвалу Богу неба.
Мінула другая бяда, вось хутка надыходзіць трэцяя.
Затрубіў сёмы анёл. У небе пачуліся моцныя галасы, якія казалі: «Настала валадаранне над светам нашага Пана і Яго Памазаніка, Ён будзе валадарыць на векі вякоў».
Дваццаць чатыры старэйшыны, што сядзелі на сваіх тронах перад Богам, упалі на свае твары і пакланіліся Богу,
кажучы: «Дзякуем Табе,Пане Божа ўсемагутны,які ёсць і які быў,бо Ты прыняў сваю вялікую моц і запанаваў.
І разгневаліся народы,і прыйшоў Твой гнеў і час суда над памерлымі,каб даць узнагароду слугам Тваім, прарокам і святым,і тым, хто баіцца Твайго імя, малым і вялікім,і знішчыць тых, хто знішчае зямлю».
Тады адчынілася святыня Бога ў небе, і з’явіўся каўчэг Яго запавету ў Ягонай святыні. Пачаліся бліскавіцы, гул і грымоты, землятрус і вялізны град.