Адкрыцьцё 17 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Затым прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чашаў, і пачаў гаварыць са мною, кажучы: «Хадзем, пакажу табе суд над вялікай распусніцай, якая сядзіць над вялікімі водамі,
 

з якой распуснічалі зямныя каралі, а зямныя жыхары напіліся віном яе распусты».
 

Ён перанёс мяне ў духу на пустыню, дзе я ўбачыў жанчыну, якая сядзела на пунсовым зверы, поўным імёнаў блюзнерства, які меў сем галоў і дзесяць рагоў.
 

А жанчына была апранутая ў пурпуровае і пунсовае адзенне, упрыгожаная золатам, і каштоўным каменнем, і пярлінамі. Яна мела ў сваёй руцэ залаты келіх, поўны агіды і нячыстасці сваёй распусты.
 

На яе чале было напісана імя-таямніца: «Вялікі Бабілён — маці распусніц і агіды зямлі».
 

Я ўбачыў, што жанчына ап’янела ад крыві святых і ад крыві сведак Езуса. Убачыўшы яе, я аслупянеў у вялікім здзіўленні.
 

Анёл сказаў мне: «Чаму ты здзівіўся? Я раскажу табе таямніцу жанчыны і звера, што носіць яе і мае сем галоў і дзесяць рагоў.
 

Звер, якога ты ўбачыў, быў, і няма яго, ён павінен выйсці з бездані і ідзе на згубу. Жыхары зямлі, імёны якіх не запісаныя ў кнігу жыцця ад заснавання свету, будуць дзівіцца з таго, што быў звер, і няма яго, і з’явіцца.
 

Тут патрэбны розум, які мае мудрасць. Сем галоў — гэта сем гор, дзе сядзіць жанчына.
 

Ёсць таксама сем каралёў: пяць упала, адзін ёсць, яшчэ адзін не прыйшоў, а калі прыйдзе, павінен крыху застацца.
 

А звер, які быў і якога няма, з’яўляецца восьмым. Належыць да семярых і пойдзе на згубу.
 

Дзесяць рагоў, якія ты ўбачыў, — гэта дзесяць каралёў, якія яшчэ не прынялі каралеўства, але як каралі атрымліваюць уладу на адну гадзіну разам са зверам.
 

Яны з ім адной думкі, а сваю моц і ўладу даюць зверу.
 

Яны будуць ваяваць з Баранкам, і Баранак пераможа іх, бо Ён Валадар валадароў і Кароль каралёў, а тыя, хто з Ім, — пакліканыя, выбраныя і верныя».
 

І кажа мне: «Воды, якія ты бачыў і над якімі сядзіць распусніца, гэта народы і натоўпы, плямёны і мовы.
 

А дзесяць рагоў, якія ты бачыў, і звер зненавідзяць распусніцу, спустошаць і агаляць яе, з’ядуць яе цела і спаляць агнём.
 

Таму што Бог натхніў іх сэрцы, каб выконвалі Яго намер, будучы адной думкі з Ім, і каб аддалі зверу сваю каралеўскую ўладу, пакуль не споўняцца Божыя словы.
 

Жанчына ж, якую ты бачыў, — гэта вялікі горад, які мае каралеўскую ўладу над каралямі зямлі».