Да Рымлянаў 16 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Даручаю вам Фебу, сястру нашу, якая служыць Касцёлу ў Кенхрах.
 
Прадстаўляю вам Фіву, сястру нашу, дыяканісу Царквы Кенхрэйскай,

Прыміце яе ў Пану, як належыць святым, і забяспечце яе тым, чаго яна магла б патрабаваць ад вас, бо і яна была апякункай многіх ды і мяне самога.
 
каб вы прынялí яе дзеля Госпада, як належыць святым, і дапамаглі ёй ва ўсякай справе, калі яна будзе мець патрэбу ў вас, бо і яна была памочніцаю многім і мне самому.

Прывітайце Прысцылу і Аквілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысце Езусе,
 
Віта́йце Прыскілу і Акілу, сурабо́тнікаў маіх у Хрысце Іісусе,

якія рызыкавалі сабой дзеля мяне, якім не толькі я дзякую, але і ўсе Касцёлы язычнікаў.
 
якія галовы свае клалі за душу́ маю́, якім не адзін я ўдзячны, але і ўсе Цэрквы з язычнікаў, вітайце і дамашнюю іх Царкву.

Прывітайце таксама Касцёл, які збіраецца ў іх доме. Прывітайце ўмілаванага майго Эпэнэта, які першым адкрыў Азію для Хрыста.
 
Вітайце ўзлю́бленага майго Эпенета, які стаў пе́ршынцам Ахаіі для Хрыста.

Прывітайце Марыю, якая шмат працавала для вас.
 
Вітайце Марыям, якая шмат працавала для нас.

Прывітайце Андроніка і Юнія, родных маіх і сувязняў маіх, якія вылучаюцца між Апосталаў і былі ў Хрысце раней за мяне.
 
Вітайце Андранíка і Ю́нію — сваякоў маіх, якія былí вязнямі разам са мною, яны добра вядомы сярод Апосталаў і яшчэ раней за мяне ўверавалі ў Хрыста.

Прывітайце Ампліята, умілаванага майго ў Пану.
 
Вітайце Амплíя, узлю́бленага майго ў Госпадзе.

Прывітайце Урбана, супрацоўніка нашага ў Хрысце, і Стахія, умілаванага майго.
 
Вітайце Урва́на, сурабо́тніка нашага ў Хрысце, і Стахíя, узлю́бленага майго.

Прывітайце Апэлеса, выпрабаванага ў Хрысце. Прывітайце тых, хто з дому Арыстобуля.
 
Вітайце Апе́лія, вы́прабаванага ў Хрысце. Вітайце веруючых з дому Арыставу́ла.

Прывітайце Ірадыёна, сваяка майго. Прывітайце тых, хто з дому Нарцыза, якія належаць Пану.
 
Вітайце Ірадыёна, сваяка майго. Вітайце дамашніх Наркíса, якія ў Госпадзе.

Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, што працуюць у Пану. Прывітайце ўмілаваную Персіду, якая шмат папрацавала ў Пану.
 
Вітайце Трыфе́ну і Трыфо́су, што працуюць дзеля Госпада. Вітайце Персíду ўзлюбленую, якая шмат працавала дзеля Госпада.

Прывітайце Руфа, выбранага ў Пану, ды маці яго і маю.
 
Вітайце Руфа, абранага ў Госпадзе, і маці яго і маю́.

Прывітайце Асінкрыта, Флегонта, Гермеса, Патроба, Гермаса ды іншых з імі братоў.
 
Вітайце Асінкры́та, Фле́ганта, Е́рма, Патро́ва, Ермíя і іншых з імі братоў.

Прывітайце Філялёга і Юлію, Нэрэя і сястру ягоную, і Алімпана, і ўсіх з імі святых.
 
Вітайце Філало́га і Ю́лію, Нірэ́я і сястру яго, і Алімпа́на, і ўсіх з імі святых.

Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе Касцёлы Хрыста.
 
Вітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе Цэрквы Хрыстовы.

Прашу вас, браты, сцеражыцеся тых, хто сее падзелы і спакусы насуперак вучэнню, якому вы навучаныя. Ухіляйцеся ад іх.
 
Сцеражы́цеся тых, што разлады і спакусы учыняюць, насуперак вучэнню, якое вы спазналі, і ўхіляйцеся ад іх;

Бо такія служаць не Пану нашаму Хрысту, а свайму чэраву, і мілай гаворкай ды красамоўствам зводзяць сэрцы прастадушных.
 
бо яны служаць не Госпаду нашаму Іісусу Хрысту, а свайму чэраву, ды красамоўствам і салодкімі словамі падманваюць сэрцы прастадушных.

Вашая паслухмянасць вядома ўсім, таму радуюся за вас. Хачу, каб вы былі мудрыя ў добрым і незаплямленыя злом.
 
Ваша паслушэнства веры ўсім вядома; таму я радуюся за вас, але жадаю, каб вы былі му́дрымі на дабро і бясхітраснымі на зло.

А Бог спакою неўзабаве скрышыць сатану пад вашымі нагамі. Ласка Пана нашага Езуса Хрыста няхай будзе з вамі.
 
А Бог міру звергне сатану пад ногі вашы неўзабаве. Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з вамі! Амінь.

Вітае вас Цімафей, супрацоўнік мой, ды Луцый, Язон і Сасіпатар, сваякі мае.
 
Вітаюць вас Цімафей, сурабо́тнік мой, і Лукíй, і Іа́сан, і Сасіпа́тр, сваякі мае́.

Вітаю вас у Пану і я, Тэрцый, які напісаў гэтае пасланне.
 
Вітаю вас у Госпадзе і я, Тэ́рцый, які запісаў гэтае пасланне.

Вітае вас Гай, які прымае мяне, і ўвесь Касцёл. Вітае вас Эраст, гарадскі скарбнік, і брат Кварт.
 
Вітае вас Га́ій, гасцінны да мяне і да ўсёй Царквы. Вітае вас Эра́ст, гарадскі скарбнік, і брат Ква́рт.

[отсутсвует]
 
Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі вамі! Амінь.

Таму, хто можа ўмацаваць вас паводле майго дабравесця і прапаведавання Езуса Хрыста, паводле аб’яўлення таямніцы, якую замоўчвалі вякамі,
 

але якая выявілася цяпер праз прароцкія пісанні паводле наказу адвечнага Бога, якая абвешчана ўсім народам дзеля паслухмянасці веры,
 

адзінаму мудраму Богу, праз Езуса Хрыста, хвала навекі. Амэн.