Да Рымлянаў 6 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Што ж скажам? Ці маем заставацца ў граху, каб памножылася ласка?
Дык што скажам? застава́цца нам у граху́, каб прымно́жылася благада́ць? Ні ў якім разе.
Канешне, не! Мы, якія памерлі для граху, як жа будзем жыць у ім?
Як жа мы, памёршы для граху, будзем далей жыць у ім?
Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся?
Хіба́ не ведаеце, што ўсе мы, ахры́шчаныя ў Хрыста Іісуса, у смерць Яго ахры́шчаны?
Дык вось, праз хрост мы пахаваныя разам з Ім у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці.
Дык вось, мы былі пахава́ны разам з Ім хрышчэ́ннем у смерць, каб, як Хрыстос уваскрэс з мёртвых славаю Айца, так і нам жыць новым жыццём.
Бо калі мы паяднаныя з Ім падабенствам смерці Ягонай, то павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрасення,
Бо калі мы з’ядна́ліся з Ім падабе́нствам смерці Яго, то будзем з’ядна́ны і падабе́нствам уваскрасе́ння,
ведаючы, што былы наш чалавек укрыжаваны з Ім для таго, каб было знішчана грэшнае цела, каб нам не быць ужо нявольнікамі граху;
ве́даючы тое, што даўне́йшы наш чалавек быў распяты з Ім, каб знішчана было цела грахоўнае, каб нам ужо не быць раба́мі граху́;
бо той, хто памёр, вызваліўся ад граху.
бо хто памёр, той вы́звалены ад граху.
Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім,
Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то веруем, што і жыць будзем з Ім,
ведаючы, што Хрыстус, які ўваскрос, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады.
ве́даючы, што Хрыстос, уваскрэ́слы з мёртвых, ужо не паміра́е: смерць ужо не ма́е над Ім улады.
Бо тое, што Ён памёр, дык памёр раз і назаўсёды для граху, а што жыве, дык жыве для Бога.
Бо, што Ён памёр, то для граху́ памёр раз назаўсёды, а што жыве́, то жыве́ для Бога.
Так і вы лічыце сябе мёртвымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Езусе.
Так і вы лічы́це сябе мёртвымі для граху́, а жывы́мі для Бога ў Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым.
Няхай грэх не пануе ў вашым смяротным целе, каб вам не служыць яму ў яго пажадлівасці,
Дык няхай не пану́е грэх у смяро́тным ва́шым це́ле і не падпарадко́ўвае вас пажа́днасцям яго;
і не аддавайце члены вашыя граху, як зброю несправядлівасці, але аддайце сябе Богу як тыя, хто ажыў з мёртвых; і члены вашыя аддайце Богу, як зброю справядлівасці.
і не аддава́йце граху́ чле́наў вашых, робячы іх прыла́дамі няпра́веднасці, а адда́йце сябе Богу як тых, што ажылí з мёртвых, і чле́ны вашы — Богу, робячы іх прыла́дамі пра́веднасці.
Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад Законам, але пад ласкаю.
Грэх жа не павінен над вамі ўлада́рыць, бо вы не пад законам, а пад благадаццю.
Дык што ж? Будзем грашыць, бо мы не пад Законам, а пад ласкаю? Канешне, не!
Дык што́ ці будзем грашы́ць, паколькі мы не пад законам, а пад благада́ццю? Ні ў якім разе.
Няўжо вы не ведаеце, што каму вы аддаецеся ў няволю дзеля паслухмянасці і каго слухаеце, таго вы і нявольнікі: або граху дзеля смерці, або паслухмянасці дзеля справядлівасці?
Хіба́ не ведаеце, што каму вы аддаяце́ сябе ў рабы́ на паслухмя́насць, то вы і рабы́ таго, каго слу́хаецеся: ці рабы граху на смерць, ці рабы паслухмянасці на пра́веднасць.
Дзякуй Богу, што вы, будучы раней нявольнікамі граху, ад сэрца паслухаліся таго вучэння, якое было вам перададзена.
Дзякуй Богу, што вы, якія былí раба́мі граху, сталі ўсім сэ́рцам паслухмя́нымі таму роду вучэ́ння, ў якім вы былі наста́ўлены.
А вызваліўшыся ад граху, вы сталі слугамі справядлівасці.
А вы́зваліўшыся ад граху́, вы сталі раба́мі пра́веднасці.
Кажу як чалавек з прычыны слабасці вашага цела. Як аддавалі вы члены вашыя на служэнне нячыстасці і беззаконню для беззаконня, так цяпер аддайце члены вашыя на служэнне справядлівасці для святасці.
Я кажу, разважа́ючы па-чалаве́чы, з-за не́мачы плоці вашай. Як вы аддава́лі чле́ны вашы ў рабы́ нечыстаце́ і беззако́нню дзе́ля беззако́ння, так цяпер адда́йце чле́ны вашы ў рабы́ пра́веднасці дзе́ля асвячэ́ння.
Калі вы былі нявольнікамі граху, вы былі свабоднымі ад справядлівасці.
Бо калі вы былí раба́мі граху, тады былі свабоднымі ад праведнасці.
Якія ж плады мелі вы тады, што цяпер саромеецеся іх? Канцом жа іхнім ёсць смерць!
Які ж плод вы ме́лі тады́ Тое, за што цяпер со́рамна вам, бо канец яго — смерць.
Але цяпер, вызваліўшыся ад граху і стаўшы слугамі Бога, маеце плод ваш для святасці, а ў канцы — жыццё вечнае!
Цяпер жа, вы́зваліўшыся ад граху́ і стаўшы рабамі Богу, вы маеце плод ваш — асвячэ́нне, а канец — жыццё вечнае.
Бо расплата за грэх — смерць, а дар Бога — жыццё вечнае ў Хрысце Езусе, Пану нашым.
Бо пла́та за грэх — смерць, а дар Божы — жыццё вечнае ў Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым.