Да Рымлянаў 6 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Што ж скажам? Ці маем заставацца ў граху, каб памножылася ласка?
Што ж скажам? ці заставацца нам у грэху, каб памножылася мілата? Зусім не.
Канешне, не! Мы, якія памерлі для граху, як жа будзем жыць у ім?
Мы памерлі для грэху: як жа нам жыць у ім?
Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся?
Няўжо ня ведаеце, што ўсе мы, хрышчаныя ў Ісуса Хрыста, у сьмерць Ягоную хрысьціліся?
Дык вось, праз хрост мы пахаваныя разам з Ім у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці.
Дык вось, мы і пахаваныя зь Ім хрышчэньнем у сьмерць, каб, як Хрыстос уваскрэс зь мёртвых славаю Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцьці.
Бо калі мы паяднаныя з Ім падабенствам смерці Ягонай, то павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрасення,
Бо калі мы паяднаныя зь Ім падабенствам сьмерці Ягонай, дык павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрэсеньня,
ведаючы, што былы наш чалавек укрыжаваны з Ім для таго, каб было знішчана грэшнае цела, каб нам не быць ужо нявольнікамі граху;
ведаючы тое, што даўні наш чалавек крыжаваны зь ім, каб зьнішчылася цела грэшнае, каб нам ня быць ужо рабамі грэху;
бо той, хто памёр, вызваліўся ад граху.
бо, хто памёр, той вызваліўся ад грэху.
Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім,
Калі ж мы памерлі з Хрыстом, дык верым, што і жыць будзем зь Ім,
ведаючы, што Хрыстус, які ўваскрос, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады.
ведаючы, што Хрыстос, уваскрэсшы зь мёртвых, ужо ня ўмірае: сьмерць ужо ня мае над Ім улады.
Бо тое, што Ён памёр, дык памёр раз і назаўсёды для граху, а што жыве, дык жыве для Бога.
Бо, што Ён памёр, дык памёр раз назаўсёды для грэху, а што жыве, дык жыве дзеля Бога.
Так і вы лічыце сябе мёртвымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Езусе.
Гэтак сама і вы лічэце сябе мёртвымі для грэху, а жывымі дзеля Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
Няхай грэх не пануе ў вашым смяротным целе, каб вам не служыць яму ў яго пажадлівасці,
Дык вось, хай не пануе грэх у сьмяротным вашым целе, каб вам слухацца яго ў пажадах ягоных;
і не аддавайце члены вашыя граху, як зброю несправядлівасці, але аддайце сябе Богу як тыя, хто ажыў з мёртвых; і члены вашыя аддайце Богу, як зброю справядлівасці.
і не аддавайце чэлесаў вашых грэху як прыладу няправеднасьці, а аддайце сябе Богу як паўсталых зь мёртвых, і чэлесы вашыя Богу як прылады праведнасьці.
Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад Законам, але пад ласкаю.
Грэх не павінен над вамі валадарыць, бо вы не пад законам, а пад мілатою.
Дык што ж? Будзем грашыць, бо мы не пад Законам, а пад ласкаю? Канешне, не!
Што ж? ці будзем грашыць таму, што мы не пад законам, а пад мілатою? Зусім не!
Няўжо вы не ведаеце, што каму вы аддаецеся ў няволю дзеля паслухмянасці і каго слухаеце, таго вы і нявольнікі: або граху дзеля смерці, або паслухмянасці дзеля справядлівасці?
Няўжо вы ня ведаеце, што, каму вы аддаяце сябе ў рабы на паслушэнства, таго вы і рабы, каго слухаецеся, альбо рабы грэху сьмерці, альбо паслушэнства на праведнасьць?
Дзякуй Богу, што вы, будучы раней нявольнікамі граху, ад сэрца паслухаліся таго вучэння, якое было вам перададзена.
Дзякаваць Богу, што вы, якія раней былі рабамі грэху, ад сэрца сталіся паслухмяныя таму вобразу вучэньня, якому аддалі сябе.
А вызваліўшыся ад граху, вы сталі слугамі справядлівасці.
А вызваліўшыся ад грэху, вы зрабіліся рабамі праведнасьці.
Кажу як чалавек з прычыны слабасці вашага цела. Як аддавалі вы члены вашыя на служэнне нячыстасці і беззаконню для беззаконня, так цяпер аддайце члены вашыя на служэнне справядлівасці для святасці.
Кажу паводле развагі людзкое, дзеля немачы плоці вашай. Як прадавалі вы чэлесы вашыя ў рабы нячыстасьці і беззаконьню на дзеі беззаконныя, так зараз аддайце чэлесы вашыя ў рабы праведнасьці на дзеі сьвятыя.
Калі вы былі нявольнікамі граху, вы былі свабоднымі ад справядлівасці.
Бо, калі вы былі рабамі грэху, тады былі вольныя ад праведнасьці.
Якія ж плады мелі вы тады, што цяпер саромеецеся іх? Канцом жа іхнім ёсць смерць!
Які ж плён мы мелі тады? такія дзеі, якіх сёньня самі саромеецеся, бо канец іхні — сьмерць.
Але цяпер, вызваліўшыся ад граху і стаўшы слугамі Бога, маеце плод ваш для святасці, а ў канцы — жыццё вечнае!
А сёньня, калі вы вызваліліся з грэху і сталіся рабамі Богу, плён ваш ёсьць сьвятасьць, а канец — жыцьцё вечнае.
Бо расплата за грэх — смерць, а дар Бога — жыццё вечнае ў Хрысце Езусе, Пану нашым.
Бо расплата за грэх — сьмерць, а дар Божы — жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.