Да Рымлянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Няма прабачэння табе, кожны чалавеча, які асуджаеш. Бо ў чым асуджаеш іншага, у тым сябе асуджаеш, таму што, асуджаючы, робіш тое самае.
 
Вось таму няма апраўданьня табе, кожны чалавеча, што судзіш другога; бо тым самым судом, якім судзіш другога, асуджаеш сам сябе; бо, асуджаючы другога, робіш тое самае.

А мы ведаем, што суд Божы справядлівы над тымі, хто так робіць.
 
А мы ведаем, што паводле ісьціны ёсьць суд Божы на тых, што такое чыняць.

Няўжо ты думаеш, чалавеча, які асуджаеш тых, хто так робіць, хоць і сам робіш тое самае, уцячы ад Божага суда?
 
Няўжо думаеш ты, чалавеча, што ўнікаеш суду Божага, калі асуджаеш тых, якія ўчыняюць такое, і сам робячы тое самае?

А можа пагарджаеш багаццем Божай дабрыні, лагоднасці і доўгацярплівасці, не разумеючы, што дабрыня Божая вядзе цябе да пакаяння?
 
Альбо пагарджаеш багацьцем даброці, лагоднасьці і вялікай цярплівасьці Божай, не разумеючы, што даброць Божая вядзе цябе да пакаяньня?

За тваю жорсткасць і няздольнае да пакаяння сэрца ты сам сабе збіраеш гнеў на дзень гневу і аб’яўлення справядлівага суда Бога,
 
Але, з упартасьці тваёй і нераскаянага сэрца ты сам сабе зьбіраеш гнеў на дзень гневу і абвяшчэньня праведнага суду ад Бога,

які аддасць кожнаму паводле ягоных учынкаў:
 
Які кожнаму аддасьць паводле дзеяў ягоных:

тым, хто з цярплівасцю ў добрай справе шукае славы, пашаны і нятленнасці, — вечнае жыццё,
 
тым, якія ўвесь час ў добрых дзеях шукаюць славы, гонару і бесьсьмяротнасьці, — жыцьцё вечнае;

а тым, хто працівіцца і не слухаецца праўды, але слухаецца несправядлівасці, — гнеў і абурэнне.
 
а тым, якія ўпарцяцца і супрацівяцца ісьціне, ды аддаюцца няпраўдзе, — лютасьць і гнеў.

Нядоля і ўціск спаткае кожнага чалавека, які чыніць зло: спачатку юдэя, а пасля і грэка.
 
Смутак і скруха ўсякай душы чалавека, які чыніць ліхое: першаму Юдэю, потым і Эліну!

А хвала, пашана і спакой — кожнага, хто чыніць дабро: спачатку юдэя, а пасля і грэка.
 
Наадварот жа, слава і гонар і мір кожнаму, хто робіць добрае: першаму Юдэю, потым і Эліну!

Таму што Бог не зважае на асобу!
 
Бо няма прывабы да асобы ў Бога.

Тыя, што, не маючы Закону, зграшылі, без Закону і загінуць, а тыя, што ў Законе зграшылі, праз Закон будуць асуджаны.
 
Тыя, што без закона зграшылі, без закона і загінуць; а тыя, якія ў законе зграшылі, паводле закона прымуць суд,

Бо не тыя, што слухаюць Закон, справядлівыя перад Богам, але тыя, што выконваюць, будуць апраўданыя.
 
бо не слухачы закона праведныя перад Богам, а выканаўцы закона апраўданы будуць;

Калі язычнікі, не маючы Закону, па прыродзе робяць законнае, то, не маючы Закону, яны самі сабе закон.
 
бо, калі язычнікі, ня маючы закона, ад прыроды законнае робяць, дык, ня маючы закона, яны самі сабе закон:

Яны паказваюць, што Закон упісаны ў іх сэрцы, аб чым сведчыць іхняе сумленне ды думкі, якія то абвінавачваюць, то апраўдваюць адна адну
 
яны паказваюць, што дзеі закона ў іх напісаны ў сэрцах, пра што сьведчыць сумленьне іхняе і думкі іхнія, якія то вінавацяць, то апраўдваюць адна адну,

ў дзень, калі Бог будзе судзіць тайныя ўчынкі людзей паводле майго дабравесця праз Езуса Хрыста.
 
у дзень, калі паводле зьвеставаньня майго, Бог будзе судзіць таемныя дзеі людзей празь Ісуса Хрыста.

Калі ты завешся юдэем і супакойваеш сябе Законам, хвалішся Богам
 
Вось, ты называешся Юдэем, і супакойваеш сябе законам, і хвалішся Богам,

і ведаеш Яго волю, умееш распазнаваць найважнейшае, навучаны дзякуючы Закону,
 
і ведаеш волю Ягоную, і разумееш лепшае, навучаючыся з закона,

калі перакананы, што ты правадыр сляпых, святло для тых, хто ў цемры,
 
і ўпэўнены пра сябе, што ты павадыр сьляпым, сьвятло тым, што ходзяць у цемры, —

выхавацель неразумных, настаўнік малых, які мае ў Законе прыклад пазнання і праўды,
 
выхавальнік неразумным, настаўнік дзецям, які мае ўзор розуму і ісьціны ў законе:

то ці ж, навучаючы другога, не вучыш самога сябе? Навучаючы не красці, крадзеш?
 
як жа ты, навучаючы другога, ня вучыш сябе самога?

Кажучы, не чужалож, чужаложыш? Маючы агіду да ідалаў, чыніш святатацтва?
 
Прапаведуючы ня красьці, крадзеш? кажучы: не распусьнічай, распусьнічаеш? грэбуючы ідаламі, рабуеш сьвятыні?

Хвалішся Законам, а, парушаючы Закон, зневажаеш Бога?
 
хвалішся законам, а, пераступаючы закон, зьневажаеш Бога?

Як напісана: «Праз вас імя Божае зневажаецца сярод язычнікаў».
 
бо дзеля вас, як напісана, імя Божае ганьбуецца ў язычнікаў.

Абразанне карысна, калі выконваеш Закон. Калі ты парушаеш Закон, то тваё абразанне сталася неабразаннем.
 
Абразаньне карыснае, калі выконваеш закон; а калі ты пераступаеш закон, дык абразаньне тваё сталася неабразаньнем.

Таму, калі неабрэзаны выконвае наказы Закону, то ці не залічыцца яму яго неабразанне за абразанне?
 
Дык вось, калі неабразанец выконвае пастановы закона, дык ягонае неабразаньне ці не залічыцца яму за абразаньне?

І неабрэзаны, выконваючы Закон, ці не асудзіць цябе, бо ты нягледзячы на літару Закону і абразанне парушаеш Закон?
 
І неабрэзаны ад прыроды, які выконвае закон, ці не асудзіць цябе, пераступніка закона зь Пісаньнем і абразаньнем?

Таму што не той юдэй, хто такі знешне, і не тое абразанне, якое знешне на целе,
 
Бо ня той Юдэй, хто такі з выгляду, і ня тое абразаньне, якое вонкавае, на плоці;

але хто ўнутры юдэй і абразанне мае ў сэрцы паводле духа, а не паводле літары. Такі мае пахвалу не ад людзей, але ад Бога.
 
а той Юдэй, хто ўнутрана такі, і тое абразаньне, якое ў сэрцы паводле Духа, а не паводле літары: яму і пахвала не ад людзей, а ад Бога.