Да Рымлянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Што, скажам, знайшоў Абрагам, наш праайцец, паводле цела?
Што ж, скажам, Абрагам, бацька наш, набыў па плоці?
Калі Абрагам апраўдаўся ўчынкамі, то мае чым хваліцца, але не перад Богам.
Калі Абрагам апраўдаўся дзеямі, ён мае пахвалу, але не перад Богам.
Бо што кажа Пісанне? «Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму як справядлівасць».
Бо што кажа Пісаньне? «Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць».
Плата працаўніку залічваецца не з ласкі, але з абавязку.
Плата працаўніку залічваецца не зь мілаты, а з абавязку;
А таму, хто не працуе, але верыць у таго, хто апраўдвае бязбожнага, вера ягоная залічваецца як справядлівасць.
а таму, хто не працуе, а верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожнага, вера ягоная залічваецца ў праведнасьць.
Так і Давід называе шчаслівым чалавека, якому Бог залічвае справядлівасць незалежна ад учынкаў:
Так і Давід называе шчасным чалавека, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад дзеяў:
«Шчаслівыя, каму беззаконне дараванае і чые грахі закрытыя;
«дабрашчасныя, каму беззаконьні дараваныя і чые грахі пакрытыя;
шчаслівы чалавек, якому Пан не залічыць граху».
дабрашчасны той чалавек, якому Гасподзь не залічыць грэху».
Ці гэтае шчасце датычыць абрэзаных, ці таксама неабрэзаных? Мы кажам, што «Абрагаму вера залічана як справядлівасць».
Дабрашчаснасьць гэтая датычыцца абразаньня, ці неабразаньня? Мы кажам, што Абрагаму вера залічылася ў праведнасьць.
Калі залічана? Пасля абразання ці да абразання? Не пасля абразання, але да абразання.
Калі залічылася? пасьля абразаньня ці да абразаньня? Не пасьля абразаньня, а да абразаньня.
І знак абразання ён атрымаў, як пячаць справядлівасці праз веру, якую меў у неабразанні, так што ён стаўся айцом усіх веруючых у неабразанні, каб таксама ім была залічана справядлівасць,
І знак абразаньня ён атрымаў, як пячатку праведнасьці празь веру, якую меў у неабразаньні, так што ён стаўся бацькам усіх веруючых у неабразаньні, каб і ім залічылася праведнасьць,
і айцом абрэзаных, якія не толькі прынялі абразанне, але таксама ідуць па слядах веры айца нашага Абрагама, якую ён меў да абразання.
і бацькам абрэзаных, ня толькі тых, што прынялі абразаньне, але і тых, што ходзяць па сьлядах веры бацькі нашага Абрагама, якую меў ён у неабразаньні.
Абяцанне Абрагаму і ягонаму патомству, што ён будзе спадкаемцам свету, было дадзена не праз Закон, але праз справядлівасць веры.
Бо не законам дадзена Абрагаму, альбо семені ягонаму, абяцаньне — быць спадкаемцам сьвету, а праведнасьцю веры.
Калі спадкаемцы тыя, што з Закону, то вера не мае значэння, і непатрэбнае абяцанне.
Калі спадкаемцы тыя, што сьцьвярджаюцца на законе, дык марная вера, нячыннае абяцаньне;
Бо Закон наклікае гнеў, а дзе няма Закону, няма і злачынства.
бо закон творыць гнеў, таму што дзе няма закона, няма і парушэньня.
Таму абяцанне — з веры, каб было справай ласкі, каб мела моц для ўсяго патомства. Не толькі для тых, хто абапіраецца на Закон, але і для тых, хто трымаецца веры Абрагама, які ёсць айцом усіх нас.
Такім чынам па веры, каб было зь літасьці, каб абяцаньне было неадменнае ўсім, ня толькі па законе, але і па веры нашчадкаў Абрагама, які ёсьць бацька ўсім нам, —
Як напісана: «Я паставіў цябе айцом многіх народаў», — перад абліччам Бога, якому ён паверыў як таму, хто ажыўляе памерлых і кліча няіснае да існавання.
як напісана: «Я паставіў цябе бацькам многіх народаў», — перад Богам, Якому ён паверыў, Які ажыўляе мёртвых і называе няіснае, як існае.
Ён насуперак надзеі паверыў з надзеяй, што стане айцом многіх народаў, паводле сказанага: «Такім будзе патомства тваё».
Ён звыш надзеі, паверыў з надзеяй, праз што зрабіўся бацькам многіх народаў, згодна са сказаным: «Такое шматлікае будзе семя тваё».
І не аслаб у веры, хоць лічыў сваё амаль стогадовае цела ўжо змярцвелым і ўлонне Сары мёртвым.
І, не зьнямогшыся ў веры, ён ня думаў, што цела ягонае, амаль стогадовага, ужо зьмярцьвела, і нутроба Сарыная ў зьмярцьвеньні;
Не засумняваўся ў абяцанні Божым, але ўмацаваўся ў веры, аддаючы хвалу Богу
не пахіснуўся ў абяцаньні Божым недавярствам, а застаўся цьвёрды ў веры, узьнёсшы славу Богу,
і будучы цалкам упэўненым, што Бог мае моц выканаць абяцанае.
і будучы добра ўпэўнены, што Ён мае сілу выканаць абяцанае.
Таму гэта і залічана яму як справядлівасць.
Таму і залічылася яму ў праведнасьць.
Не толькі дзеля яго аднаго напісана, што залічана яму,
А што залічана было яму, напісана ня толькі яму аднаму,
але таксама дзеля нас, бо залічыцца і нам, якія вераць у таго, хто ўваскрасіў з мёртвых Езуса, Пана нашага,
але і нам: залічыцца і нам, што веруюць у Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса (Хрыста), Госпада нашага,
які быў выдадзены за правіны нашыя і ўваскрос дзеля нашага апраўдання.
Які прададзены за грахі нашыя і ўваскрэс дзеля апраўданьня нашага.