Да Рымлянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Дык што скажам: (што) набыў па целу Абрагам, бацька наш?
 
Што ж, скажам, Абрагам, бацька наш, набыў па плоці?

Калі ж Абрагам апраўданы па ўчынках ён мае пахвалу, але ня перад Богам.
 
Калі Абрагам апраўдаўся дзеямі, ён мае пахвалу, але не перад Богам.

А што гаворыць Пісаньне? Паверыў Абрагам Богу, і (гэта) залічана яму ў праведнасьць.
 
Бо што кажа Пісаньне? «Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць».

Таму хто робіць плата налічваецца ня па Багадаці, але па абавязку;
 
Плата працаўніку залічваецца не зь мілаты, а з абавязку;

а таму, хто ня робіць, але верыць у Апраўдваючага грэшнага (чалавека) залічваецца вера ягоная ў праведнасьць.
 
а таму, хто не працуе, а верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожнага, вера ягоная залічваецца ў праведнасьць.

Так і Давід называе шчасьлівым чалавека, катораму Бог ставіць праведнасьць нязалежна ад учынкаў:
 
Так і Давід называе шчасным чалавека, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад дзеяў:

шчасьлівыя тыя, чые бяззаконьні дараваныя і чые грахі пакрытыя;
 
«дабрашчасныя, каму беззаконьні дараваныя і чые грахі пакрытыя;

шчасьлівы чалавек, якому Госпад ня залічыць грэху.
 
дабрашчасны той чалавек, якому Гасподзь не залічыць грэху».

Гэта шчасьце значыць для абразаньня ці і для няабразаньня? Таму (мы) гаворым: залічана Абрагаму вера ў праведнасьць.
 
Дабрашчаснасьць гэтая датычыцца абразаньня, ці неабразаньня? Мы кажам, што Абрагаму вера залічылася ў праведнасьць.

Калі залічана? У абразаньні ці ў няабразаньні? Ня ў абразаньні, але ў няабразаньні.
 
Калі залічылася? пасьля абразаньня ці да абразаньня? Не пасьля абразаньня, а да абразаньня.

І знак абразаньня атрымаў ён: як пячатку праведнасьці (цераз) веру ў няабразаньні, каб быць яму бацькам усіх веручых у няабразаньні, так каб і ім была залічана праведнасьць;
 
І знак абразаньня ён атрымаў, як пячатку праведнасьці празь веру, якую меў у неабразаньні, так што ён стаўся бацькам усіх веруючых у неабразаньні, каб і ім залічылася праведнасьць,

і бацькам абразаньня, тых, што ня толькі абрэзаныя, але і жывуць па (таму жа) ладу жыцьця веры ў няабразаньні бацькі нашага Абрагама.
 
і бацькам абрэзаных, ня толькі тых, што прынялі абразаньне, але і тых, што ходзяць па сьлядах веры бацькі нашага Абрагама, якую меў ён у неабразаньні.

Бо ня праз Закон (ёсьць) абяцаньне Абрагаму альбо насеньню ягонаму, нашчадку ягонаму (быць бацькам усяго) сьвету, але цераз праведнасьць веры.
 
Бо не законам дадзена Абрагаму, альбо семені ягонаму, абяцаньне — быць спадкаемцам сьвету, а праведнасьцю веры.

Калі ж нашчадкі па Закону, дык вера марная і бязьдзейнае абяцаньне;
 
Калі спадкаемцы тыя, што сьцьвярджаюцца на законе, дык марная вера, нячыннае абяцаньне;

бо Закон нараджае гнеў: бо дзе няма Закону, (там) няма і грэху.
 
бо закон творыць гнеў, таму што дзе няма закона, няма і парушэньня.

Пагэтаму (абяцаньне бярэцца) цераз веру, каб (было) па Багадаці. Так што ёсьць цьвёрдае абяцаньне ўсім нашчадкам, каторыя ня толькі па Закону, але і па веры Абрагама, каторы ёсьць бацька ўсіх нас,
 
Такім чынам па веры, каб было зь літасьці, каб абяцаньне было неадменнае ўсім, ня толькі па законе, але і па веры нашчадкаў Абрагама, які ёсьць бацька ўсім нам, —

як напісана: ба́цькам многіх народаў паставіў Я цябе, перад (Тым) у Каторага ён паверыў — Бога, Які ажыўляе мёртвых, і называе няіснуючае як існуючае.
 
як напісана: «Я паставіў цябе бацькам многіх народаў», — перад Богам, Якому ён паверыў, Які ажыўляе мёртвых і называе няіснае, як існае.

У безнадзейнай сітуацыі (Сарра ўжо стала нядзятароднай) ён праявіў надзею (на Божае абяцаньне), каб стаць яму ба́цькам многіх народаў, паводля сказанага: гэткім (шматлюдным) будзе насеньне тваё.
 
Ён звыш надзеі, паверыў з надзеяй, праз што зрабіўся бацькам многіх народаў, згодна са сказаным: «Такое шматлікае будзе семя тваё».

І, ня аслабеўшы верай, ён ня памысьліў аб сваім целе, якое ўжо амярцьвела, будучы стогадовым, а таксама аб амярцьвеўшым улоньні Сарры,
 
І, не зьнямогшыся ў веры, ён ня думаў, што цела ягонае, амаль стогадовага, ужо зьмярцьвела, і нутроба Сарыная ў зьмярцьвеньні;

і (ён) ня захістаўся ў няверы абяцаньню Бога, але быў умацаваны ў веры, даўшы Славу Богу,
 
не пахіснуўся ў абяцаньні Божым недавярствам, а застаўся цьвёрды ў веры, узьнёсшы славу Богу,

і будучы цьвёрда ўпэўненым, што тое, што абяцаў (Бог), Ён моцны і выканаць.
 
і будучы добра ўпэўнены, што Ён мае сілу выканаць абяцанае.

Таму (гэтая цьвёрдая вера Богу) і залічана яму ў праведнасьць.
 
Таму і залічылася яму ў праведнасьць.

І напісана што тое, што залічана ў праведнасьць яму, залічана ня толькі яму аднаму,
 
А што залічана было яму, напісана ня толькі яму аднаму,

але і нам, хто верыць Таму, Хто ўваскрасіў із мёртвых Ісуса, Госпада нашага,
 
але і нам: залічыцца і нам, што веруюць у Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса (Хрыста), Госпада нашага,

Каторы быў аддадзены (на сьмерць) за грахі нашыя, і ўваскрэшаны для нашага апраўданьня.
 
Які прададзены за грахі нашыя і ўваскрэс дзеля апраўданьня нашага.