Да Рымлянаў 10 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Браты! з маім глыбокім сардэчным перажываньнем (я) у прашэньні перад Богам за Ізраэль аб (ягоным) выратаваньні.
 
Браты! упадабаньне майго сэрца і малітва да Бога за Ізраіля на збавеньне.

Бо сьведчу ім, што (яны) маюць руплівасьць па Богу, але бязь ве́даньня (праўды Бога).
 
Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, а не паводле розуму.

Бо ня разумеючы праведнасьці Бога і імкнучыся ўстанавіць сваю праведнасьць, яны ня пакарыліся праведнасьці Бога;
 
Бо, не разумеючы Божай праведнасьці і імкнучыся паставіць сваю праведнасьць, яны не скарыліся праведнасьці Божай;

бо канец Закону — Хрыстос, на апраўданьне кожнаму веручаму.
 
бо канец закона — Хрыстос, дзеля праведнасьці кожнаму веруючаму.

Бо Масей піша аб праведнасьці паводля Закону: чалавек, які яго споўніў, жыць будзе ім.
 
Майсей піша пра праведнасьць ад закона: «чалавек, які яго выконвае, жыць будзе ім».

А праведнасьць ад веры кажа так: ня кажы ў сэрцы тваім: хто ўзыйдзе на Неба?, гэта значыць Хрыста зьвесьці (уніз);
 
А праведнасьць ад веры так кажа: «не кажы ў сэрцы тваім: хто ўзыдзе на неба?» — каб Хрыста зьвесьці;

альбо: «хто сыйдзе ў бяздоньне?», гэта значыць Хрыста із мёртвых узьвесьці.
 
альбо: «хто сыдзе ў бездань?» — каб Хрыста зь мёртвых узьвесьці.

Але што кажа (Пісаньне)? «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім», гэта значыць слова веры, якое мы абвяшчаем.
 
А што кажа Пісаньне? «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім» — слова веры, якое прапаведуем.

Таму што, калі ты вызнаў вуснамі тваімі Госпада Ісуса і паверыў у сэрцы тваім, што Бог уваскрасіў Яго зь мёртвых, будзеш выратаваны:
 
Бо калі вуснамі тваімі будзеш вызнаваць Ісуса за Госпада і сэрцам тваім верыць, што Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых, ты выратуешся;

бо сэрцам верыцца дзеля праведнасьці, а вуснамі вызнаецца дзеля збаўленьня.
 
бо сэрцам вераць дзеля праведнасьці, а вуснамі вызнаюць на збавеньне.

Бо Пісаньне гаворыць: «Кожны, хто верыць у Яго, ня будзе пасаромлены».
 
Бо Пісаньне кажа: «кожны, хто верыць у Яго, не пасаромлены будзе».

Таму што няма розьніцы паміж жыдом і эллінам, таму што Ён — Госпад усіх, багаты для ўсіх, хто кліча Яго.
 
Тут няма розьніцы паміж Юдэем і Элінам, бо адзін Гасподзь ва ўсіх, шчодры да ўсіх, хто Яго заклікае.

Бо кожны, хто б ні прыклікаў Імя Госпада, будзе збаўлены.
 
Бо «кожны, хто пакліча імя Госпада, уратуецца».

Як жа будуць клікаць (Таго), у Каторага ня ўверавалі? Як жа павераць у (Таго), пра Каторага ня пачулі? Як жа пачуюць бяз абвяшчаючага?
 
Але як паклікаць Таго, у Каго ня ўверавалі? як верыць у Таго, пра Каго ня чулі? як пачуць без прапаведніка?

Як жа будуць абвяшчаць, калі ня будуць пасланыя? Як напісана: «Як прыгожыя ногі тых, хто дабравесьцяць мір, дабравесьцяць добрае!» (Гісая 52:7).
 
І як прапаведаваць, калі ня будзе пасланых? як напісана: «якія прыгожыя ногі ў вястуноў міру, вястуноў добрай весткі!»

Але ня ўсе паслухалі Эвангельля. Бо Гісая кажа: «Госпадзе! Хто паверыў паведамленьню нашаму?»
 
Але ня ўсе паслухаліся зьвеставаньня. Бо Ісая кажа: «Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас?»

Такім чынам, вера — ад пачутага, а слуханьне — у Слове Бога.
 
Такім чынам, вера ад слуханьня, а слуханьне — ад слова Божага.

Але пытаюся: хіба яны ня пачулі? Больш таго, па ўсёй зямлі прайшоў голас іхны (прапаведуючых), і да межаў заселенай зямлі (прайшлі) словы іхныя.
 
Але пытаюся: хіба яны ня чулі? Наадварот, «па ўсёй зямлі прайшоў голас іхні, і да межаў сусьвету іхнія словы».

Але пытаюся: хіба Ізраэль ня ведаў? Масей гаворыць першы: «Я прывяду вас да рупнасьці ня народам; раздражню вас народам някемлівым».
 
Яшчэ пытаюся: хіба Ізраіль ня ведаў? Першы кажа Майсей: «Я ўзбуджу ў вас рупнасьць не народам, раздражню вас народам бязглуздым».

Гісая асьмеліваецца і кажа: «Я знойдзен тымі, хто Мяне ня шукаў, Я стаўся яўным для тых, што ня пыталіся пра Мяне».
 
А Ісая сьмела маўляе: «Мяне знайшлі тыя, хто ня шукаў Мяне, Я адкрыўся тым, хто ня пытаўся пра Мяне».

Да Ізраэля ж гаворыць: «Увесь дзень Я працягваў Рукі Мае да народу няпаслухмянага і ўпартага».
 
А пра Ізраіля кажа: «цэлы дзень Я працягваў рукі Мае да люду няслухмянага і ўпарцістага».