Да Рымлянаў 8 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Дык вось цяпер няма ніякага асуджэньня тым, хто жыве ў Хрысьце Ісусе ня паводля плоці, але паводля духу,
 
Такім чынам — няма сёньня ніякай асуды тым, хто ў Ісусе Хрысьце жыве не паводле плоці, а паводле духу,

бо закон Духа Жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закону грэху і сьмерці.
 
бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закона грэху і сьмерці.

Бо слабасьць Закону ў тым, (што) ён быў аслаблены плоцьцю: Бог, Які паслаў Свайго Сына ў падабенстве плоці грахоўнай і з прычыны грэху, засудзіў грэх у плоці,
 
Як закон, аслаблены плоцьцю, быў бясьсільны, дык Бог паслаў Сына Свайго ў падабенстве плоці грахоўнай у ахвяру за грэх, і асудзіў грэх у плоці,

каб праведнасьць Закону была споўнена ў нас, якія жывуць ня паводля плоці, але паводля духу,
 
каб апраўданьне закона спраўдзілася ў нас, хто не паводле плоці жыве, а паводле Духа.

таму што тыя, хто жывуць паводля плоці, пра плоць (і) думаюць, а тыя, хто (жывуць) паводля духу, (думаюць) пра тое, што ад (вызваленага) духу.
 
Бо, хто жыве паводле плоці, пра плоцкае думае, а хто жыве паводле Духа — пра духоўнае.

Бо думкі (паводля) плоці — сьмерць, а думкі (паводля вызваленага) духу ёсьць жыцьцё і мір.
 
Помыслы плоцкія — сьмерць, а помыслы Духа — жыцьцё і мір,

Бо думкі (паводля) плоці — варожасьць супраць Бога, таму што Закону Бога ня падпара́дкуюцца, ды і ня могуць.
 
бо помыслы плоці — гэта варожасьць да Бога; бо закону Божаму не ўпакорваюцца, ды і ня могуць.

Тыя, хто жывуць паводля плоці, Богу дагадзіць ня могуць.
 
А таму тыя, што жывуць паводле плоці, Богу дагадзіць ня могуць.

Вы ж ня ёсьць у плоці (ня падпара́дкуецеся плоці), але ў духу (падпара́дкуецеся вызваленаму духу), калі толькі Дух Бога жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага ня мае, той (і) ня Ягоны.
 
Але вы не паводле плоці жывяце, а паводле Духа, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага ня мае, той не Ягоны.

Калі ж Хрыстос у вас, (то) цела — мёртвае для грэху, а дух — жыцьцё для праведнасьці.
 
А калі Хрыстос у вас, дык цела мёртвае для грэху, а дух жывы для праведнасьці.

Калі ж Дух Таго, Хто ўваскрасіў Ісуса зь мёртвых, жыве ў вас, (то) Той, Хто ўваскрасіў Хрыста зь мёртвых, ажывíць і вашыя сьмяротныя це́лы празь Ягонага Духа, Які жыве ў вас.
 
Калі ж Дух Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса, жыве ў вас, дык Той, хто ўваскрэсіў Хрыста зь мёртвых, ажывіць і вашыя сьмяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў вас.

Такім чынам, браты, мы ня даўжнікі плоці, каб жыць (нам) паводля плоці.
 
Дык вось, браты, мы не даўжнікі плоці, каб жыць паводле плоці;

Калі ж жывяце паводля плоці, то памраце; калі ж (вызваленым) духам учынкі плоці (цела) умярцьвяеце, будзеце жыць.
 
бо, калі жывяце паводле плоці, дык памраце, а калі Духам нішчыце ўчынкі плоцкія, жыць будзеце;

Бо ўсе, каго водзіць Дух Бога, гэтыя ёсьць сыны Бога.
 
бо ўсе, каго водзіць Дух Божы, — сыны Божыя;

Таму, што вы ня прынялі духа рабства, (каб) ізноў (жыць) у страху, але прынялі Духа ўсынаўленьня, Якім мы клічам: Абба, Тата!
 
бо вы не прынялі Духа рабства, каб зноў жыць у страху, а прынялі Духа ўсынаўленьня, Якім заклікаем: Авва, Войча!

Гэты самы Дух сьведчыць духу нашаму, што мы ёсьць дзеці Бога.
 
Гэты самы Дух сьведчыць духу нашаму, што мы — дзеці Божыя.

Калі ж дзеці то і спадкаемцы — спадкаемцы Бога, сумесныя спадкаемцы з Хрыстом, калі толькі паку́туем разам зь (Ім), каб таксама быць (і) праслаўленымі зь (Ім).
 
А калі дзеці, дык і спадкаемцы Божыя, супольныя спадкаемцы Хрыстовыя, калі толькі зь Ім пакутуем, каб зь Ім і праславіцца.

Бо думаю, што пакуты цяперашняга часу ня вартыя ў параўнаньні з (будучай) славай, (якая) будзе выяўлена ў нас.
 
Бо думаю, што цяперашнія часовыя пакуты нічога ня вартыя ў параўнаньні з тою славаю, якая адкрыецца ў нас.

Бо (усё) стварэньне нясупынна і прагна чакае адкрыцьця сыноў Бога;
 
Бо стварэньне з надзеяй чакае сыноў Божых, —

таму што (усё) стварэньне скорана спусташэньню ня (паводля) добрай волі, але паводля волі Пакарыўшага ў надзеі.
 
таму што стварэньне скарылася марнасьці не па добрай волі, а па волі таго, хто ўпакорыў (яго), спадзяючыся,

Таму што і само стварэньне будзе вызвалена з рабства пагібелі ў свабоду славы дзяцей Бога.
 
што і само стварэньне вызвалена будзе з рабства тленьня ў свабоду славы дзяцей Божых.

Бо ведаем, што ўсё стварэньне разам стогне і мучыцца аж да гэтага часу;
 
Бо ведаем, што ўсе стварэньні енчаць і пакутуюць дагэтуль;

ды (і) ня толькі (стварэньне) але і мы самі, што маем залог Духа, і мы самі ў сабе стогнем цярпліва чакаючы ўсынаўленьня, адкупленьня цела нашага.
 
і ня толькі яны, але і мы самі, маючы пачатак Духа, і мы ў сабе енчым, чакаючы ўсынаўленьня, адкупленьня цела нашага.

Бо мы ўратаваныя праз надзею. А надзея, калі бачыць, ня зьяўляецца надзеяй; бо калі хто бачыць, дык чаго (яму) і спадзявацца?
 
Бо мы ўратаваныя праз надзею. А надзея, калі бачыць, ня ёсьць надзея; бо, калі хто бачыць, дык навошта ж яму і спадзявацца?

Калі ж чаго ня бачым, (на тое) спадзяёмся і зь цярплівасьцю чакаем.
 
Але калі спадзяёмся на тое, чаго ня бачым, тады чакаем цярпліва.

Такім чынам і Дух дапамагае (нам) у немачах нашых; бо аб чым маліцца, як належыць, мы ня ведаем, але Сам Дух хадайнічае за нас стагнаньнямі нявымоўнымі.
 
Гэтак сама і Дух мацуе (нас) у нямогласьцях нашых; бо мы ня ведаем, за што маліцца, як трэба, а Сам Дух заступаецца за нас уздыханьнямі нявымоўнымі.

Той, Хто выпрабоўвае сэрцы, ведае якая думка ў Духа, таму што Ён хадайнічае за сьвятых паводля (волі) Бога.
 
А Той, Хто выпрабоўвае сэрцы, ведае, якая думка ў Духа, бо Ён рупіцца за сьвятых, па волі Божай.

Ведаем жа, што тым, хто любіць Бога, пакліканым паводля (Ягонай) волі, усё садзейнічае на дабро.
 
Пры гэтым ведаем, што тым, хто любіць Бога, хто пакліканы па Ягонай пастанове, усё спрыяе на добрае;

Таму што тых, каторых Ён пазнаў наперад, тым наперад і вызначыў быць падобнымі вобразу Сына Ягонага, каб быць Яму Першародным паміж многімі братамі;
 
бо каго Ён наперад уведаў, тым і наканаваў (быць) падобнымі да вобраза Сына Свайго, каб Ён быў першародны сярод многіх братоў;

каторых жа Ён наперад вызначыў, тых і прыклікаў; а каторых прыклікаў, тых і апраўдаў, каторых жа апраўдаў, тых і праславіў.
 
а каго Ён наканаваў, тых і паклікаў; а каго паклікаў, тых і апраўдаў; а каго апраўдаў, тых і ўславіў.

Дык што скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас?
 
Што ж сказаць на гэта? Калі Бог за нас, хто супроць нас?

Той, Каторы ня пашкадаваў Свайго Сына, але за ўсіх нас аддаў Яго, як жа ня падаруе (дасьць) нам разам зь Ім і ўсё?
 
Той, Хто Сына Свайго не пашкадаваў, а аддаў Яго за ўсіх нас, як зь Ім не даруе нам і ўсяго?

Хто будзе абвінавачваць выбраных Бога? Бог (ёсьць) Той, Які (іх) апраўдвае.
 
Хто будзе вінаваціць выбранцаў Божых? Бог апраўдае іх.

Хто (іх) асуджае? Хрыстос памёр, але быў і ўваскрэшаны! Ён і знаходзіцца праваруч Бога, Ён і хадайнічае за нас.
 
Хто асуджае? Хрыстос (Ісус) памёр, але і ўваскрэс: Ён і праваруч Бога, Ён і заступнік за нас.

Хто нас адлу́чыць ад любві Хрыста: гора ці ўціск, ці перасьледаваньне, ці голад, ці голасьць, ці нябясьпека, ці меч?
 
Хто адлучыць нас ад любові Божай: скруха, ці ўціск, ці ганеньне, ці голад, ці галеча, ці небясьпека, ці меч? як напісана:

як напісана: за Цябе нас забіваюць кожны дзень, мы прызначаны як авечкі на ўбой.
 
«за Цябе забіваюць нас кожнага дня; лічаць нас за авечак, на зарэз асуджаных».

Але ўсё гэта мы перамагаем праз Палюбіўшага нас.
 
Але ўсё гэта пераадольваем сілаю Таго, Хто палюбіў нас.

І я перакананы, што ні сьмерць, ні жыцьцё, ні Ангелы, ні начальствы, ні сілы, ні цяперашнія, ні будучыя,
 
Бо я ўпэўнены, што ні сьмерць, ні жыцьцё, ні анёлы, ні Пачаткі, ні Сілы, ні сёньняшняе, ні будучае,

ні вышыня, ні глыбіня, ні якое іншае стварэньне ня можа нас адлучыць ад любві Бога якая ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
 
ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэньне ня можа адлучыць нас ад любові Божай у Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.