Да Рымлянаў 7 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Ці ня ведаеце браты, бо кажу тым, хто ведае Закон, што Закон мае ўладу над чалавекам, пакуль ён жыве.
 
Хіба вы ня ведаеце, браты, — бо кажу тым, хто абазнаны ў законе, — што закон мае ўладу над чалавекам, пакуль чалавек жывы?

Бо замужняя жанчына прывязана Законам да жывога мужа. Калі ж муж памрэ, яна вызвалена ад Закону замужжа.
 
Замужняя жанчына прывязана законам да жывога мужа; а калі памрэ муж, яна вызваляецца ад закона замужжа.

Пагэтаму, калі (яна) выйдзе замуж за другога мужчыну пры жывым мужу, (то яна) будзе называцца чужаложніцай; калі ж муж памрэ, (то) яна вольная ад Закону (замужжа), каб ня быць ёй чужаложніцай, выйшаўшы за другога мужчыну.
 
А таму, калі пры жывым мужы яна выйдзе за другога, будзе называцца пералюбніцаю; а калі памрэ муж, яна вольная ад закона і ня будзе пералюбніцаю, як выйдзе за другога мужа.

Так што і вы, браты мае, умярцьвёны для Закону праз Цела Хрыста, каб належаць вам другому, зь мёртвых Уваскрэшанаму, каб мы прынесьлі плод Богу.
 
Гэтак і вы, браты мае, памерлі для закона Целам Хрыстовым, каб належаць Іншаму, Уваскрэсламу зь мёртвых, каб прынесьлі мы плод Богу.

Калі ж мы былі ў целе (грахоўным), (то) пажадлівасьці грахоў, якія (выяўляюцца) праз Закон, дзейнічалі ў чэлясах нашых, каб прынесьці плод сьмерці;
 
Бо, калі мы жылі целам, тады шалы грахоўныя, што выяўляюцца праз закон, дзейнічалі ў чэлесах нашых, каб прыносіць плод сьмерці,

цяпер жа мы вызвалены ад Закону, памершы (для яго), якім былі зьвязаны, каб служыць нам (Богу) па-новаму ў духу, а ня па старой літары.
 
а цяпер, памершы для закона, якім былі зьвязаныя мы вызваліліся зь яго, каб служыць (Богу) на абнаўленьне ў духу, а не паводле старой літары.

Дык што скажам? Закон — грэх? Хай ня будзе (такога)! Але грэх я ўразумеў ня інакш, як праз Закон. Бо я і пажадлівасьці ня ведаў бы, калі б Закон ня казаў: «ня пажадай».
 
Што ж скажам? няўжо ад закона грэх? Зусім не; але я ня інакш спазнаў грэх, як праз закон, бо я не разумеў бы і жаданьня, калі б закон не ўказаў: не пажадай.

Але грэх ухапіўшыся, як за падставу, за Загад, выклікаў ува мне ўсякую пажадлівасьць, таму што бяз Закону грэх мёртвы.
 
Але грэх, узяўшы прычыну з запаведзі, абудзіў ува мне розныя жаданьні; бо без закона грэх мёртвы.

Я жыў некалі бяз Закону; а калі прыйшоў Загад, грэх ажыў, а я памёр.
 
Я жыў калісьці без закона; але калі прыйшла запаведзь, дык грэх ажыў,

І мной знойдзена, што Загад, які (дадзены) на жыцьцё, ён (аказаўся скарыстаным мне) на сьмерць.
 
а я памёр; і такім чынам запаведзь на жыцьцё паслужылася мне на сьмерць,

Бо грэх, злоўжываючы Загадам (Закона), ашукаў мяне і празь яго (Загад Закона) забіў (мяне разам са Хрыстом).
 
бо грэх, узяўшы прычыну з запаведзі, увёў мяне ў спакусу і забіў ёю.

Такім чынам Закон сьвяты і Загад сьвяты і праведны, і добры.
 
Таму закон сьвяты, і запаведзь сьвятая і праведная і добрая.

Дык што, добрае сталася для мяне сьмерцю? Хай ня будзе (такога)! Але грэх, каб быў выяўлены грахом, робіць мне сьмерць праз добрае (праз Загад), так што грэх стаў празьмерна грэшным праз Загад.
 
Дык вось, няўжо добрае зрабілася мне сьмертаносным? Зусім не; але грэх, які выявіўся грэхам, бо праз добрае нясе мне сьмерць, так што грэх робіцца занадта грэшным праз запаведзь.

Бо ведаем, што Закон — духовы, а я — плацкі, прададзены граху.
 
Бо мы ведаем, што закон — духоўны, а я плоцкі, прададзены грэху.

Бо ня разумею, што раблю; таму што раблю ня тое, што хачу, але раблю тое, што нянавіджу.
 
Бо не разумею, што раблю; таму што ня тое раблю, што хачу, а што ненавіджу, тое раблю.

Калі ж раблю тое, чаго ня хачу, згаджаюся (з тым), што Закон добры.
 
А калі раблю тое, чаго не хачу, дык згаджаюся з законам, што ён добры,

Дык цяпер ужо ня я раблю гэта (грахоўнае), але грэх, які жыве ўва мне.
 
а таму ўжо ня я раблю тое, а грэх, які жыве ўва мне.

Бо ведаю, што ня жыве ўва мне, гэта значыць у плоці маёй, добрае, бо жаданьне (добрага) ёсьць ува мне, але (каб) зрабіць добрае, ня знаходжу (сілы).
 
Бо ведаю, што ня жыве ўва мне, гэта значыцца, у плоці маёй, добрае; бо жадаць дабра я магу, а рабіць яго — не.

Таму што раблю ня тое, што хачу, (гэта значыць) добрае, але раблю тое, чаго ня хачу, (гэта значыць) ліхое.
 
Добрага, якога хачу, не раблю, а ліхое, якога не хачу, раблю.

Калі ж я раблю тое, чаго ня хачу, раблю гэта ўжо ня я, але грэх, які жыве ўва мне.
 
А калі раблю тое, чаго не хачу, дык ужо ня я раблю тое, а грэх, які жыве ўва мне.

Дык вось знаходжу закон: як толькі захачу рабіць добрае, ува мне ўзьнікае (і) ліхое.
 
Дык вось, я знаходжу закон: што, калі хачу рабіць добрае, ува мне сядзіць благое;

Бо паводля ўнутранага чалавека захапляюся Законам Бога,
 
бо ва ўнутраным чалавеку я маю задавальненьне ад закона Божага,

але ў чэлясах маіх бачу другі закон, які ваюе супраць закону розуму майго і бярэ мяне ў палон закону грэху, які знаходзіцца ў чэлясах маіх.
 
а ў чэлесах маіх бачу іншы закон, які ваюе супроць закона розуму майго і робіць мяне палонным закона грахоўнага, які ў чэлесах маіх.

Няшчасны я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага цела сьмерці?
 
Няшчасны я чалавек! хто вызваліць мяне ад гэтага цела сьмерці?

Дзякую Богу цераз Ісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык вось той самы я розумам служу Закону Бога, а плоцьцю — закону грэху.
 
Дзякую Богу (майму) празь Ісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык вось, сам я служу розумам закону Божаму, а плоцьцю — закону грахоў.