Да Рымлянаў 7 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі
Ці-ж вы ня ве́даеце, браты (бо кажу да ве́даючых закон), што закон мае ўладу над чалаве́кам, пакуль той жыве́?
Хіба вы ня ведаеце, браты, — бо кажу тым, хто абазнаны ў законе, — што закон мае ўладу над чалавекам, пакуль чалавек жывы?
Замужняя жанчына прывязана законам да жывога мужа; а калі муж памрэ, яна звальняецца ад мужа.
Замужняя жанчына прывязана законам да жывога мужа; а калі памрэ муж, яна вызваляецца ад закона замужжа.
Дзеля гэтага, калі пры жывым мужу будзе другога, блудніцай называцца будзе; калі-ж памрэ муж, яна вольная ад закону і ня будзе блудніцай, выйшаўшы за другога мужа.
А таму, калі пры жывым мужы яна выйдзе за другога, будзе называцца пералюбніцаю; а калі памрэ муж, яна вольная ад закона і ня будзе пералюбніцаю, як выйдзе за другога мужа.
Гэтак і вы, браты маі, паме́рлі для закону праз Це́ла Хрыстовае, каб нале́жаць другому, уваскросшаму з мёртвых, каб прынасіць плод Богу.
Гэтак і вы, браты мае, памерлі для закона Целам Хрыстовым, каб належаць Іншаму, Уваскрэсламу зь мёртвых, каб прынесьлі мы плод Богу.
Бо, калі мы былі ў це́ле, тады юрлівасьць грахоўная, што праз закон, дзе́яла ў чле́нах вашых, каб даваць плод сьме́рці;
Бо, калі мы жылі целам, тады шалы грахоўныя, што выяўляюцца праз закон, дзейнічалі ў чэлесах нашых, каб прыносіць плод сьмерці,
цяпе́р жа, паме́ршы для закону, якім былі зьвязаны, мы вызваліліся ад яго, каб нам служыць у абнаўле́ньні духа, а не па старой літары.
а цяпер, памершы для закона, якім былі зьвязаныя мы вызваліліся зь яго, каб служыць (Богу) на абнаўленьне ў духу, а не паводле старой літары.
Што-ж скажам? Закон — грэх? Няхай ня станецца! але я не пазнаў грэху, толькі праз закон, бо я ня ве́даў-бы й пажаданьня, калі-б закон не гаварыў: не пажадай (Выхад 20:16−17).
Што ж скажам? няўжо ад закона грэх? Зусім не; але я ня інакш спазнаў грэх, як праз закон, бо я не разумеў бы і жаданьня, калі б закон не ўказаў: не пажадай.
Але грэх, які ўзяўся праз запаведзь, выклікаў у мяне́ ўсякае пажаданьне; бо без закону грэх мёртвы.
Але грэх, узяўшы прычыну з запаведзі, абудзіў ува мне розныя жаданьні; бо без закона грэх мёртвы.
Я жыў калісь без закону; але, калі прыйшла запаведзь, дык грэх ажыў,
Я жыў калісьці без закона; але калі прыйшла запаведзь, дык грэх ажыў,
а я памёр; і мной было знойдзена, што запаведзь, якая на жыцьцё, яна на сьме́рць,
а я памёр; і такім чынам запаведзь на жыцьцё паслужылася мне на сьмерць,
бо грэх, які ўзяўся праз запаведзь, зьвёў мяне і забіў е́ю;
бо грэх, узяўшы прычыну з запаведзі, увёў мяне ў спакусу і забіў ёю.
дзеля гэтага закон сьвят, і запаведзь сьвятая і праведная і добрая.
Таму закон сьвяты, і запаведзь сьвятая і праведная і добрая.
Дык няўжо-ж добрае сталася мне́ сьме́рцяй? Няхай ня станецца! Але грэх, каб зьявіўся грэхам, праз добрае робіць мне́ сьме́рць, каб грэх быў пераз ме́ру грэшным праз запаведзь.
Дык вось, няўжо добрае зрабілася мне сьмертаносным? Зусім не; але грэх, які выявіўся грэхам, бо праз добрае нясе мне сьмерць, так што грэх робіцца занадта грэшным праз запаведзь.
Бо мы ве́даем, што закон духоўны, а я — цяле́сны, адданы пад грэх.
Бо мы ведаем, што закон — духоўны, а я плоцкі, прададзены грэху.
Бо не разуме́ю, што ро́блю, бо ня тое ро́блю, што хачу, але, што ненавіджу, тое ро́блю.
Бо не разумею, што раблю; таму што ня тое раблю, што хачу, а што ненавіджу, тое раблю.
Калі-ж ро́блю тое, чаго не хачу, то згаджаюся з законам, што ён добры,
А калі раблю тое, чаго не хачу, дык згаджаюся з законам, што ён добры,
і цяпе́рака ўжо ня я ро́блю, але грэх, што жыве́ ў-ва мне́.
а таму ўжо ня я раблю тое, а грэх, які жыве ўва мне.
Бо ве́даю, што ня жыве́ ў-ва мне́ (гэта ёсьць у це́ле маім) добрае; бо жаданьне ёсьць у-ва мне́, але каб зрабіць добрае, таго не знаходжу.
Бо ведаю, што ня жыве ўва мне, гэта значыцца, у плоці маёй, добрае; бо жадаць дабра я магу, а рабіць яго — не.
Бо добрага, што хачу, ня ро́блю, а благое, якога не хачу, ро́блю.
Добрага, якога хачу, не раблю, а ліхое, якога не хачу, раблю.
Калі-ж ро́блю тое, чаго не хачу, ужо ня я ро́блю гэта, але грэх, што жыве́ ў-ва мне́.
А калі раблю тое, чаго не хачу, дык ужо ня я раблю тое, а грэх, які жыве ўва мне.
І вось я знаходжу закон, што, калі хачу рабіць добрае, ляжыць прада мною благое.
Дык вось, я знаходжу закон: што, калі хачу рабіць добрае, ува мне сядзіць благое;
Бо, водле нутрано́га чалаве́ка, знаходжу здавале́ньне ў законе Божым;
бо ва ўнутраным чалавеку я маю задавальненьне ад закона Божага,
але ў чле́нах маіх бачу другі закон, што змагаецца з законам розуму майго і робіць мяне́ рабом закону грэху, які ёсьць у чле́нах маіх.
а ў чэлесах маіх бачу іншы закон, які ваюе супроць закона розуму майго і робіць мяне палонным закона грахоўнага, які ў чэлесах маіх.
Нешчасьлівы я чалаве́к! Хто вызваліць мяне́ ад гэтага це́ла сьме́рці?
Няшчасны я чалавек! хто вызваліць мяне ад гэтага цела сьмерці?
Дзякую Богу праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык жа сам я розумам маім служу закону Божаму, а це́лам — закону грэху.
Дзякую Богу (майму) празь Ісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык вось, сам я служу розумам закону Божаму, а плоцьцю — закону грахоў.