Да Рымлянаў 5 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі
Дык, апраўдаўшыся ве́раю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Дык вось, апраўдаўшыся вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
праз Якога й дасталі мы ве́раю доступ да тае́ ласкі, у якой стаімо́ і хвалімся надзе́яй славы Божай.
празь Якога вераю і атрымалі мы доступ да той мілаты, у якой стаім і хвалімся надзеяю на славу Божую.
Дый не адным тым, але хвалімся й горам, ве́даючы, што гора робіць цярплівасьць,
І ня гэтым толькі, але хвалімся і жальбамі, ведаючы, што ад жальбы ідзе цярплівасьць,
цярплівасьць жа дасьве́дчаньне, дасьве́дчаньне надзе́ю,
ад цярплівасьці дасьведчанасьць, ад дасьведчанасьці надзея,
а надзе́я ня ганьбіць, бо любоў Божая вылілася ў сэрны нашыя Духам сьвятым, які нам да́ны.
а надзея не ганьбуе, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя Духам Сьвятым, Які дадзены нам.
Бо Хрыстос, калі мы былі яшчэ слабымі, у азначаны час памёр за бязбожных.
Бо Хрыстос, калі яшчэ мы былі нямоглыя, ва ўстаноўлены час памёр за бязбожнікаў.
Бо ці-ж памрэ хто за праведнага? Хіба за дабрачынцу мо хто й наважыцца паме́рці.
Бо наўрад ці хто памрэ за праведніка; хіба што за дабрачынца, магчыма, хто і адважыцца памерці.
Але Бог Сваю любоў да нас даводзіць тым, што Хрыстос памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі,
А Бог Сваю любоў даказвае нам тым, што, калі мы былі яшчэ грэшнікі, Хрыстос памёр за нас.
дык тым бале́й цяпе́р, калі мы апраўданы Крывёю Яго, збаўлены будзем праз Яго ад гневу.
Таму тым болей цяпер, калі мы апраўданыя Крывёю Ягонаю, ратуемся Ім ад гневу.
Бо, калі, будучы ворагамі, мы пагадзіліся з Богам праз сьме́рць Сына Яго, дык шмат бале́й, пагадзіўшыся, уратуемся ў жыцьці Ягоным.
Бо калі мы, будучы ворагамі, прымірыліся з Богам сьмерцю Сына Ягонага, дык тым болей, прымірыўшыся, уратуемся жыцьцём Ягоным;
Дый не адно гэтае, але й хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз Якога мы атрымалі сягоньня прымірэньне.
і мала таго, але і хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, празь Якога мы атрымалі цяпер прымірэньне.
Дзеля гэтага, як праз аднаго чалаве́ка ўвайшоў у сьве́т грэх і праз грэх — сьме́рць, гэтак і сьме́рць перайшла праз усіх людзе́й, бо ў ім усе́ саграшылі.
А таму, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх — сьмерць, так і сьмерць перайшла ва ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі.
Бо і да закону грэх быў на сьве́це; але грэх не залічаецца, калі няма закону.
Бо і да закона грэх быў у сьвеце; але грэх не залічваецца, калі няма закона.
Аднак, сьме́рць панавала ад Адама да Майсе́я і над тымі, што́ не саграшылі падобна праступку Адама, які ёсьць узор будучага.
Аднак жа сьмерць панавала ад Адама да Майсея і над тымі, якія не зграшылі падобна правіннасьці Адама, які ёсьць вобраз будучага,
Але ня гэтак, як праступак, і дар з ласкі. Бо, калі цераз праступак аднаго паме́рлі многія, дык шмат бале́й ласка Божая, ды з ласкі аднаго чалаве́ка, Ісуса Хрыста, хватае для многіх.
але дар мілаты ня як правіна. Бо праз правіну аднаго памерлі многія, дык тым больш мілата Божая і дар празь мілату аднаго Чалавека, Ісуса Хрыста, шчодра красуюць для многіх.
І дар не́ як за аднаго саграшыўшага; бо суд за адзін праступак на асуджэньне, а з ласкі — на апраўданьне ад многіх.
І дар ня як суд за аднаго грэшніка; бо суд за адну правіну прыносіць асуду, а дар мілаты за многія правіны — апраўданьне.
Бо калі ад праступку аднаго сьме́рць запанавала праз аднаго, дык шмат бале́й прымаючыя церазме́рнасьць ласкі і дар праведнасьці панаваць будуць у жыцьці праз аднаго Ісуса Хрыста.
Бо калі за правіну аднаго сьмерць панавала праз аднаго, дык тым болей тыя, што прымаюць шчадроты мілаты і дар праведнасьці, будуць панаваць у жыцьці праз адзінага Ісуса Хрыста.
Дык вось, як цераз праступак аднаго ўсім людзям асуджэньне, гэтак цераз праведнасьць аднаго ўсім людзям апраўданьне на жыцьцё.
Вось таму, як праз правіну аднаго ўсім людзям асуда, так і праз праведнасьць аднаго ўсім людзям апраўданьне да жыцьця.
Бо, як непаслухмянасьцяй аднаго чалаве́ка многія зрабіліся грэшнымі, так і паслухмянасьцяй аднаго многія зробяцца праведнымі.
Бо, як празь непаслушэнства аднаго чалавека зрабіліся многія грэшнікамі, так і праз паслушэнства аднаго стануць праведнымі многія.
Закон жа прыйшоў пасьля і такім чынам памно́жыўся праступак. А калі памножыўся грэх, церазме́рна памножылася ласка,
А закон прыйшоў пасьля, і так памножыліся правіны. А калі памножыўся грэх, шчодра закрасавала мілата,
каб, як грэх панаваў у сьме́рці, так і ласка запанавала праз праведнасьць на жыцьцё ве́чнае, праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
каб, як грэх панаваў дзеля сьмерці, так і мілата запанавала праз праведнасьць дзеля жыцьця вечнага Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.