Да Рымлянаў 16 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Даручаю-ж вам Фіву, сястру нашу, слугу кенхрэйскае царквы,
 
Даручаю вам Фіву, сястру нашу, дыяканісу царквы Кенхрэйскай:

каб прынялі яе́ ў Госпадзе, як прыстойна сьвятым, і памаглі ёй, у чым яна будзе ме́ць у вас патрэбу, бо і яна была заступніцай многім дый мне́ самому.
 
прымеце яе дзеля Госпада, як прыстойна сьвятым, і памажэце ёй, у чым яна будзе мець патрэбу ў вас; бо і яна была памочніцаю многім і мне самому.

Прывітайце Прыскіллу й Акілу, супрацоўнікаў маіх, у Хрысьце́ Ісусе, —
 
Вітайце Прыскілу і Акілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысьце Ісусе,

(якія галаву сваю пакладалі за маю душу, якім ня я адзін дзякую, але і ўсе́ цэрквы паганаў), — і царкву, што ў іх доме.
 
якія галаву сваю клалі за маю душу, якім ня я адзін дзякую, а і ўсе цэрквы зь язычнікаў, — і дамовую іхную царкву.

Прывітайце ўмілаванага майго Эпэнэта, які ёсьць зачаткам Ахайі для Хрыста.
 
Вітайце любаснага мне Эпанета, які ёсьць пачатак Ахаі дзеля Хрыста.

Прывітайце Марыю, якая шмат працавала для нас.
 
Вітайце Марыям, якая шмат працавала для нас.

Прывітайце Андроніка і Юнія, сваякоў маіх і вязьняў са мною, якія ўславіліся між апосталамі і пе́рш за мяне́ ўве́равалі ў Хрыста.
 
Вітайце Андроніка і Юнію, родзічаў маіх і вязьняў са мною, якія праславіліся сярод апосталаў і яшчэ раней за мяне ўверавалі ў Хрыста.

Прывітайце Амплія, любага мне́ ў Госпадзе.
 
Вітайце Амплія, любаснага мне ў Госпадзе.

Прывітайце Урбана, сунрацоўніка нашага ў Хрысьце́, і Стахія, любага мне́.
 
Вітайце Урбана, супрацоўніка нашага ў Хрысьце, і Стахія, любаснага мне.

Прывітайце Апэле́са, дазнанага ў Хрысьце́. Прывітайце Арыстабулявых.
 
Вітайце Апялеса, выпрабаванага ў Хрысьце. Вітайце верных з дому Арыставулавага.

Прывітайце Ірадыена, сваяка майго. Прывітайце з Наркізавых тых, што ў Госпадзе.
 
Вітайце Ірадыёна, родзіча майго. Вітайце з сваякоў Наркіса тых, якія ў Госпадзе.

Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, што працуюць у Госпадзе. Прывітайце любую Пэрсіду, якая шмат папрацавала ў Госпадзе.
 
Вітайце Трыфону і Трыфосу, якія працуюць у Госпадзе.

Прывітайце Руфа, выбранага ў Госпадзе, ды матку яго і маю.
 
Вітайце Руфа, выбранага ў Госпадзе, і маці ягоную і маю.

Прывітайце Асінкрыта, Флягонта, Ерма, Патрова, Ермія ды іншых з імі братоў.
 
Вітайце Асінкрыта, Флягонта, Ерма, Патрова, Ярмія і іншых зь імі братоў.

Прывітайце Філялёга і Юлію, Нэрэя і сястру ягоную, і Алімпана, і ўсіх з імі сьвятых.
 
Вітайце Філалога і Юлію, Нірэя і сястру ягоную, і Алімпана, і ўсіх зь імі сьвятых.

Прывітайце адзін аднаго ў сьвятым пацалунку. Вітаюць вас Хрыстовыя цэрквы.
 
Вітайце адно аднаго з цалаваньнем сьвятым. Вітаюць вас усе цэрквы Хрыстовыя.

Малю вас, браты, сьцеражыцеся тых, што́ робяць нязгоду і спакусы супраць навукі, якое вы навучыліся, і ўхіляйцеся ад іх;
 
Малю вас, браты, асьцерагайцеся тых, што спрычыняюць падзелы і звады, насуперак вучэньню, якога вы навучыліся, і ўхіляйцеся ад іх;

бо гэткія служаць ня Госпаду нашаму Ісусу Хрысту, а свайму чэраву, ды ласкавасьцяй і красамоўствам зводзяць сэрцы прастадушных.
 
бо такія людзі служаць ня Госпаду нашаму Ісусу Хрысту, а свайму чэраву, і лісьлівасьцю ды красамоўствам ачмураюць сэрцы прастадушных.

Бо-ж вашая паслухмянасьць ве́ры ве́дама ўсім; дзеля гэтага я це́шуся з вас, але жадаю, каб вы былі мудрыя на дабро і няпрыступныя на зло.
 
Ваша пакора веры ўсім вядомая; таму я радуюся за вас, але жадаю, каб вы былі мудрыя на дабро і бясхітрасныя на зло.

Бог жа міру неўзабаве скрышыць шатана пад нагамі вашымі. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.
 
А Бог міру бразьне сатану пад ногі вашыя неўзабаве. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі! Амін.

Вітаюць вас Цімох, супрацоўнік мой, ды Лукій, Язон і Сасіпатр, сваякі маі.
 
Вітаюць вас Цімафей, супрацоўнік мой, і Луцый, Ясон і Сасыпатр, родзічы мае.

Вітаю вас у Госпадзе і я, Тэртый, што пісаў гэтае пасланьне.
 
Вітаю вас у Госпадзе і я Тэрцый, што пісаў гэта пасланьне.

Вітае вас Гаій, гасьцінны для падарожных, для мяне́ і для ўсяе́ царквы. Вітае вас Эраст, скарбнік ме́скі, і брат Кварт.
 
Вітае вас Гаій, гасьцінны да мяне і ўсёй царквы. Вітае вас Эраст, гарадзкі скарбнік, і брат Кварт.

Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
 
Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.

Таму-ж, хто можа вас умацаваць водле Эвангельля майго і пропаведзі Ісуса Хрыста, водле адкрыцьця тайны, што ад вякоў была ўмаўча́на,
 

ды цяпе́р выяўлена і праз прарочыя пісаньні, па загаду адве́чнага Бога, на по́слух ве́ры абве́шчана ўсім народам, —
 

Адзінаму мудраму Богу праз Ісуса Хрыста, Яму наве́кі хвала́. Амін.