Да Рымлянаў 11 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі
Дык кажу: няўжо-ж Бог адапхнуў народ Свой? Няхай ня станецца! Бо і я — Ізраільцянін ад насе́ньня Аўраамавага, з кале́на Бэніямінавага.
Дык вось пытаюся: няўжо Бог адкінуў народ Свой? Зусім не. Бо і я Ізраільцянін, ад семені Абрагамавага, з роду Веньямінавага.
Не адапхнуў Бог народу Свайго, які Ён напе́рад ве́даў. Ці ня ве́даеце, што́ кажа Пісаньне (у апавяданьні) аб Ільлі? як той скардзіцца Богу на Ізраіля, кажучы:
Не адкінуў Бог народу Свайго, які Ён наперад ведаў. Хіба ня ведаеце, што кажа Пісаньне пра Ільлю? Як ён скардзіцца Богу на Ізраіля, кажучы:
Госпадзе! прарокаў Тваіх пазабівалі, ахвярнікі Тваі зруйнавалі; астаўся я адзін, і душу маю шукаюць (3 Царств 19:14).
«Госпадзе! прарокаў Тваіх забілі, ахвярнікі Твае зруйнавалі; застаўся я адзін, і маёй душы шукаюць».
Што-ж кажа яму (Божы) адказ? Я пакінуў Сабе́ сем тысячаў чалаве́каў, што ня ўкле́нчылі перад Ваалам (3 Царств 19:18).
Што ж кажа яму (Божы) адказ? «Я захаваў Сабе сем тысяч чалавек, якія ня схілілі каленяў перад Ваалам».
Вось гэтак і ў цяпе́рашні час, па выбару ласкі, захавалася рэшта.
Так і ў сёньняшні час, пасьля выбраньня мілаты, захавалася рэшта.
Калі-ж праз ласку, дык не праз учынкі; іначай ласка ня была-б ужо ласкай. А калі праз учынкі, дык гэта ўжо ня ласка: іначай учынак ня ёсьць ужо ўчынак.
Але, калі паводле мілаты, дык не паводле дзеяў; інакш мілата ня была б ужо мілатою. А калі паводле дзеяў, дык гэта ўжо не мілата; інакш дзея ня ёсьць ужо дзея.
Што-ж? Ізраіль чаго шукаў, таго не дастаў; выбраныя дасталі, а рэшта разьлютавалася,
А што? Ізраіль, чаго шукае, таго не атрымаў; а выбраныя атрымалі, а астатнія ажарсьцьвелі,
як напісана: Даў ім Бог духа дрымоты, вочы, якімі ня бачаць, і вушы, якімі ня чуюць, ажно па сяньняшні дзе́нь (Ісая 29:10; Другазаконьне 29:4).
як напісана: «Бог даў ім дух усыпленьня, вочы, якімі ня бачаць, і вушы, якімі ня чуюць, аж да гэтага дня».
І Давід кажа: Хай будзе ім стол іх се́ткаю і цянётамі, і спакусай і адплатаю;
І Давід кажа: «хай будзе трапеза іхняй сеткай, цянётамі і пятлёю на расплату ім;
няхай зацьмяцца вочы іх, каб ня бачыць, і хрыбе́т іх няхай будзе сагнуты назаўсёды (Псальм 68:23−24).
хай запамрочацца іхнія вочы, каб ня бачылі, і хрыбет іхні хай сагнецца назаўсёды».
Дык кажу: няўжо-ж яны спаткнуліся, каб зусім упасьці? Няхай ня станецца. Але ад іх упадку збаўле́ньне паганам, каб збудзіць у іх рупнасьць.
І вось, я пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся, каб зусім упасьці? Зусім не! Але ад іхняга падзеньня выратаваньне язычнікам, каб абудзіць у іх рупнасьць.
Калі-ж упадак іх — багацьце сьве́ту, і абядне́ньне іх — багацьце паганам, дык колькі-ж бале́й іх поўня?
Калі ж падзеньне іхняе — багацьце сьвету, і зьмізарненьне іхняе — багацьце язычнікам, дык тым большая паўната іхняя.
Вам-жа кажу, паганам: як Апостал паганаў, я ўслаўлю служэньне мае́,
Вам кажу, язычнікам: як апостал язычнікаў, я праслаўляю служэньне маё;
ці ня збуджу рупнасьці ў сваякоў маіх на це́лу і ці ня збаўлю некаторых з іх?
ці не абуджу руплівасьць у братах маіх па плоці і ці не ўратую некаторых зь іх?
Бо, калі забракаваньне іх — замірэньне сьве́ту, дык што́ прыняцьце, як ня жыцьцё з мёртвых?
Бо, калі адкіданьне іх ёсьць замірэньне сьвету, дык што будзе прыняцьце, як ня жыцьцё зь мёртвых?
Калі рашчына сьвятая, дык і ме́сіва; і калі корань сьвят, дык і гальлё.
Калі пачатак сьвяты, дык і цэлае, і калі корань сьвяты, дык і вецьце.
Калі-ж некаторыя з галін адламаліся, а ты-ж, быўшы дзікай аліўкай, прышчапіўся заме́ст іх і стаўся злучом караня й соку аліўкі,
Калі ж некаторыя галіны адламаліся, а ты, дзікая аліва, прышчапілася на месца іхняе і сталася супольніцай кораня і соку алівы,
дык не вывышшайся перад галінамі; калі-ж вывышшаешся, дык ня ты дзе́ржыш корань, але корань — цябе́.
дык не заносься перад галінамі; а калі заносішся, ведай, што ня ты корань трымаеш, а корань — цябе.
Дык скажаш: галіны адламаліся, каб мне́ прышчапіцца.
Скажаш: галіны адламаліся, каб мне прышчапіцца.
Добра. Яны адламаліся няве́рыем, а ты дзе́ржышся ве́раю; ня пышайся, але бойся.
Добра. Яны адламаліся зь няверства, а ты трымаешся вераю; ня мудруй высока, а бойся.
Бо, калі Бог прыродных галін не пашкадаваў, дык глядзі, ці й цябе́ пашкадуе.
Бо калі Бог не пашкадаваў прыродных галін, дык глядзі, ці пашкадуе цябе.
Дык бачу дабрату і срогасьць Божую: срогасьць да адпаўшых, а дабрата да цябе́, калі будзеш у дабраце́ (Божай); іначай і ты будзеш адцяты.
Дык вось бачыш даброць і строгасьць Божую: строгасьць да адпалых, а даброць да цябе, калі жыцьмеш у даброці Божай, інакш і ты будзеш адцяты.
І тыя, калі не астануцца у няве́рыі, прышчэпяцца, бо Бог дуж ізноў прышчапіць іх.
Але і тыя, калі не застануцца ў няверстве, прышчэпяцца, бо Бог мае моц зноў прышчапіць іх.
Бо, калі ты адсе́чаны ад дзікое па прыродзе аліўкі і, насупраць прыродзе, прывіўся да добрае аліўкі, колькі-ж бале́й тыя, што́ згодны з прыродай, прышчэпяцца да свае́ аліўкі?
Бо калі ты адцяты ад прыроднай дзічкі-алівы, і не па прыродзе прышчапіўся да высакароднай алівы, дык тым болей гэтыя прыродныя прышчэпяцца да сваёй алівы.
Бо не хачу пакінуць вас, браты, у няве́даньні аб гэтай тайне, (каб вы былі мудрымі праз сябе́), — што разьлютаваньне сталася ў Ізраілю часткова, да часу, пакуль увойдзе поўная лічба паганаў,
Бо не хачу пакінуць вас, браты, у патайноце гэтай (каб вы не задаваліся дужа сабою), што ажарсьцьвеньне спасьцігла Ізраіля часткова, да той пары, пакуль ня ўвойдуць усе язычнікі,
ды гэтак уве́сь Ізраіль спасён будзе, як напісана: прыдзе з Сыону Збавіцель і адве́рне бязбожнасьць ад Якуба;
і так увесь Ізраіль уратуецца, як напісана: «прыйдзе з Сыёна Збаўца і адверне бязбожнасьць ад Якава;
і гэта ім ад мяне́ запаве́т, калі зьніму з іх грахі іхнія (Ісая 59:20−21; 27:9).
і гэта запавет ім ад Мяне, калі здыму зь іх грахі іхнія».
Паводле-ж Эвангельля яны — ворагі вам; а паводле выбраньня — умілаваныя Божыя дзеля айцоў.
Што да Дабравесьця, дык яны ворагі вам; а што да выбраньня любасьнікі Божыя ад бацькоў;
Бо дары і прызваньне Божае нязьменныя.
бо дары і пакліканьне Божае — адмяніць нельга.
Як і вы не́калі былі непаслухмянымі, а цяпер памілаваны праз ненаслухмянасьць іхнюю,
Як і вы колісь былі неслухі ў Бога, а цяпер памілаваныя, празь непаслушэнства іхняе, —
гэтак і яны цяпе́р непаслухмяныя, каб праз зьмілаваньне над вамі і самі яны памілаваны былі.
так і яны цяпер неслухі на памілаваньне ваша, каб і самім быць памілаванымі.
Бо ўсіх Бог замкнуў у непаслухмянасьць, каб усіх памілаваць.
Бо ўсіх замкнуў Бог у непаслушэнства, каб усіх памілаваць.
О, глыбіня багацьця і мудрасьці і ве́даньня Божага! Як недасяжныя прысуды Яго і нявысьле́дны шляхі Ягоныя!
О, бездань багацьця і мудрасьці і веданьня Божага! якія неспасьцігальныя суды Ягоныя і недасьледныя шляхі Ягоныя!
Бо хто пазнаў розум Госпада? Ці хто быў райцам Яму? (Ісая 40:13.)
«Бо хто спазнаў розум Гасподні? Або хто дарадца Яму?
Ці кто даў Яму напе́рад, каб Ён аддаў яму? (Ісая 40:13−14.)
Або хто даў Яму наперад, каб Ён мусіў аддаць?»
Бо ўсё з Яго і праз Яго і ў Яго. Яму слава наве́кі. Амін.
Бо ўсё зь Яго, празь Яго і да Яго. Яму слава навекі вякоў. Амін.