Да Рымлянаў 11 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Пытаю тады: Няўжо Бог адкінуў свой народ? Ніколі! Бо і я-ж Ізраэлец з роду Абрагама, з пакалення Бэн’яміна.
Дык вось пытаюся: няўжо Бог адкінуў народ Свой? Зусім не. Бо і я Ізраільцянін, ад семені Абрагамавага, з роду Веньямінавага.
Бог не адкінуў свайго народу, які ўпярод выбраў. Ціж ня ведаеце што Пісанне кажа аб Гальяшу, як ён скардзіцца Богу на Ізраэля?
Не адкінуў Бог народу Свайго, які Ён наперад ведаў. Хіба ня ведаеце, што кажа Пісаньне пра Ільлю? Як ён скардзіцца Богу на Ізраіля, кажучы:
Усеспадару! Прарокаў Тваіх пазабівалі, аўтары Твае паразвальвалі, застаўся толькі, я адзін, ды й мае душы шукаюць. (3 Кар. 19:10−14).
«Госпадзе! прарокаў Тваіх забілі, ахвярнікі Твае зруйнавалі; застаўся я адзін, і маёй душы шукаюць».
І штож яму гаворыць Божы адказ? Пакінуў Я Сабе сем тысяч мужоў, якіе не ўвагнулі перад Баалем калень. (3 Кар. 19:18).
Што ж кажа яму (Божы) адказ? «Я захаваў Сабе сем тысяч чалавек, якія ня схілілі каленяў перад Ваалам».
Гэтак вось і ў нашым часе ёсьць астанак, выбраны з ласкі.
Так і ў сёньняшні час, пасьля выбраньня мілаты, захавалася рэшта.
А калі з ласкі, дык не за учынкі, інакш бо: ласка ня былаб ужо ласкай.
Але, калі паводле мілаты, дык не паводле дзеяў; інакш мілата ня была б ужо мілатою. А калі паводле дзеяў, дык гэта ўжо не мілата; інакш дзея ня ёсьць ужо дзея.
Дык штож? Ізраэль не асягнуў таго, чаго шукаў, выбраныя-ж асягнулі; а рэшта заскемелі,
А што? Ізраіль, чаго шукае, таго не атрымаў; а выбраныя атрымалі, а астатнія ажарсьцьвелі,
як напісана: Бог даў духа атупеньня, вочы каб ня бачылі, а вушы каб ня чулі аж па сянняшні дзень. (Із. 29:10; Паўт. Пр. 29:4).
як напісана: «Бог даў ім дух усыпленьня, вочы, якімі ня бачаць, і вушы, якімі ня чуюць, аж да гэтага дня».
А Давід кажа: Хай стол іх станецца ім цянётамі й пасткаю: ім на упадак ды на адплату;
І Давід кажа: «хай будзе трапеза іхняй сеткай, цянётамі і пятлёю на расплату ім;
Хай зацьмяцца ім вочы, каб ня бачылі, а хрыбет згорбіцца назаўсёды. (Пс. 68:23−4).
хай запамрочацца іхнія вочы, каб ня бачылі, і хрыбет іхні хай сагнецца назаўсёды».
Пытаю восьжа: Ціжбы гэтак яны спатыкнуліся, каб аж упасьці? Зусім не! Дык-жа іхні упадак стаўся для паганаў збаўленнем, выклікаючы ў іх зайздросьлівасьць.
І вось, я пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся, каб зусім упасьці? Зусім не! Але ад іхняга падзеньня выратаваньне язычнікам, каб абудзіць у іх рупнасьць.
А калі праступства іх сталася багацьцем для сьвету, а заняпад — абагаценнем паганаў, то наколькіж болей — поўналікасьць іхняя?
Калі ж падзеньне іхняе — багацьце сьвету, і зьмізарненьне іхняе — багацьце язычнікам, дык тым большая паўната іхняя.
Вам-жа кажу, паганам: Дакуль астаюся Апосталам паганаў, я ўслаўляцюм паслугу маю;
Вам кажу, язычнікам: як апостал язычнікаў, я праслаўляю служэньне маё;
так што мо’ і маіх суродзічаў разбуджу парыў і хоць некаторых збаўлю.
ці не абуджу руплівасьць у братах маіх па плоці і ці не ўратую некаторых зь іх?
Бо калі адкіненне іх ёсьць пагадненнем для сьвету, то чымжа будзе прыняцьце іх, як ня жыцьцё з мяртвых?
Бо, калі адкіданьне іх ёсьць замірэньне сьвету, дык што будзе прыняцьце, як ня жыцьцё зь мёртвых?
Калі бо рошчына сьвятая, дык — і цеста; і калі корэнь сьвяты, дык — і гальлё.
Калі пачатак сьвяты, дык і цэлае, і калі корань сьвяты, дык і вецьце.
Каліж навет дзе-якія з галін і адламаны, а ты, будучы аліўною дзічкаю, заміж іх прышчэплены ды стаўся злучвом кораня й аліўкавых сокаў,
Калі ж некаторыя галіны адламаліся, а ты, дзікая аліва, прышчапілася на месца іхняе і сталася супольніцай кораня і соку алівы,
дык ня вывышайся перад галінамі; калі-ж вывышаешся, дык ведай тое, што ня ты кораня дзяржыш, але корань — цябе.
дык не заносься перад галінамі; а калі заносішся, ведай, што ня ты корань трымаеш, а корань — цябе.
Скажаш мо: Адломаны галіны, каб я быў прышчэплены.
Скажаш: галіны адламаліся, каб мне прышчапіцца.
Добра. Іх адламана дзеля недаверства; а ты-ж стаіш верай — ня будзь-жа ганарлівы, але боязны;
Добра. Яны адламаліся зь няверства, а ты трымаешся вераю; ня мудруй высока, а бойся.
бо калі Бог не пашчадзіў галін прыродных, тымболей можа не пашчадзіць і цябе.
Бо калі Бог не пашкадаваў прыродных галін, дык глядзі, ці пашкадуе цябе.
Дык май на увазе дабрату і суровасьць Божу: на адпалых суровасьць, а на цябе дабрата, калі вытрываеш пры дабраце Божай; інакш бо — і ты будзеш адцяты.
Дык вось бачыш даброць і строгасьць Божую: строгасьць да адпалых, а даброць да цябе, калі жыцьмеш у даброці Божай, інакш і ты будзеш адцяты.
Але й яны, калі трывацімуць у недаверстве, будуць прышчэплены; Бог бо мае сілу нанава ўшчапіць іх.
Але і тыя, калі не застануцца ў няверстве, прышчэпяцца, бо Бог мае моц зноў прышчапіць іх.
Бо калі ты, адцяты ад дзікое з-натуры аліўкі, быў проці натуры прышчэплены к добрай аліўцы, дык тым-болей прышчэпяцца да свае аліўкі,тые, што з-натуры да яе належаць.
Бо калі ты адцяты ад прыроднай дзічкі-алівы, і не па прыродзе прышчапіўся да высакароднай алівы, дык тым болей гэтыя прыродныя прышчэпяцца да сваёй алівы.
Ня хочу бо пакінуць вас, браты, у няведанні тайніцы гэтае — каб ня мроілі самы сабе — што засьлепленне пала на Ізраэля толькі часткова, пакуль ня ўвойдуць поўнасьцю пагане;
Бо не хачу пакінуць вас, браты, у патайноце гэтай (каб вы не задаваліся дужа сабою), што ажарсьцьвеньне спасьцігла Ізраіля часткова, да той пары, пакуль ня ўвойдуць усе язычнікі,
а тады і ўвесь Ізраэль будзе збаўлёны, як напісана: Прыйдзе з Сыону Вызваліцель, які адверне бязбожнасьць ад Якуба.
і так увесь Ізраіль уратуецца, як напісана: «прыйдзе з Сыёна Збаўца і адверне бязбожнасьць ад Якава;
І гэта будзе ад мяне запавет ім, як адпушчу грахі іхнія. (Із. 59:20).
і гэта запавет ім ад Мяне, калі здыму зь іх грахі іхнія».
З увагі на Эванэлію яны дзеля вас ворагі, а паводле выбрання — улюблёныя дзеля айцоў;
Што да Дабравесьця, дык яны ворагі вам; а што да выбраньня любасьнікі Божыя ад бацькоў;
бо дары Божыя і поклік нязьменныя.
бо дары і пакліканьне Божае — адмяніць нельга.
Як і вы калісь ня верылі Богу, а цяпер вось даступіліся міласэрдзя празь іхняе няверства,
Як і вы колісь былі неслухі ў Бога, а цяпер памілаваныя, празь непаслушэнства іхняе, —
гэтак і яны ня ўверылі цяпер у памілаванне вас, каб і самы асягнулі міласэрдзе.
так і яны цяпер неслухі на памілаваньне ваша, каб і самім быць памілаванымі.
Бог бо ўсіх замкнуў у няверстве, каб над усімі зьлітавацца.
Бо ўсіх замкнуў Бог у непаслушэнства, каб усіх памілаваць.
О, глыбіня багацьцяў прамудрасьці й веды Божай! Якжа недасяжныя пастановы Ягоныя і нявысьледныя шляхі Ягоныя!
О, бездань багацьця і мудрасьці і веданьня Божага! якія неспасьцігальныя суды Ягоныя і недасьледныя шляхі Ягоныя!
Хто бо калі пазнаў думку Госпада!? Або хто быў дараднікам Ягоным? (Із. 40:13).
«Бо хто спазнаў розум Гасподні? Або хто дарадца Яму?
Ці хто даў Яму першы, камуб меў аддаваць? (Із. 40:13−14).
Або хто даў Яму наперад, каб Ён мусіў аддаць?»
Усё бо зь Яго, празь Яго і для Яго. Яму хвала навекі. Амэн.
Бо ўсё зь Яго, празь Яго і да Яго. Яму слава навекі вякоў. Амін.